Алмаз як талент, дыямент як прафесія

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Дадаць электроніку, джаз, менеджмент
Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — 85! Напярэдадні ўрачыстасцяў мы сустрэліся з рэктарам ВНУ — доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Кацярынай ДУЛАВАЙ. Але размова стала не экскурсам у мінулае і не справаздачай пра зробленае (а тут ёсць чым ганарыцца: штогод — каля сотні міжнародных перамог, падрыхтаванымі кадрамі ўкамплектаваны ўсе творчыя калектывы краіны, шмат выпускнікоў запатрабаваны ў замежжы). Лейтматывам стаў позірк у будучыню.

/i/content/pi/cult/670/14809/_MG_7223_opt.jpeg— Што такое, на ваш погляд, ідэальная кансерваторыя ці, як яе сёння ў нас называюць, Акадэмія музыкі?

— Кансерваторыя, паводле сваёй сутнасці, ужо і ёсць тая ўнікальная навучальная ўстанова, што не мае аналагаў і якую немагчыма паўтарыць ні ў якой іншай сістэме і сферы адукацыйнай дзейнасці. У кансерваторый усяго свету асаблівы гістарычны лёс. І як бы яны ні называліся — проста кансерваторыя, акадэмія ці музычны ўніверсітэт, бо распаўсюджаны розныя назвы, такія ўстановы выконваюць важную і ўнікальную, непаўторную найперш па самім сваім сэнсе місію — выхаванне прафесійных музыкантаў. Такое навучанне не можа быць масавым, яго немагчыма прыстасаваць абсалютна для ўсіх. Не таму, што мы нейкая “закрытая” ўстанова, а таму, што прафесійнае мастацтва ўтрымлівае ў сабе наступную зместавую вертыкаль. Дзіця найперш павінна быць адораным. Яго мусяць заўважыць, у поўным сэнсе слова — знайсці, каб той хлопчык ці дзяўчынка прыйшлі навучацца ў школу мастацтваў. Наступная прыступка — у такога дзіцяці не павінна знікнуць жаданне навучацца музыцы і далей, у сярэдняй спецыяльнай установе. І толькі тады, магчыма, на яго шляху можа ўзнікнуць вышэйшая адукацыя ў гэтай сферы.

Хто яшчэ здольны паўтарыць такі шлях у прафесію? У дзяцінстве многія, асабліва дзяўчынкі, авалодваюць нейкім музычным інструментам, і гэта цудоўна. Хаця як толькі размова заходзіць пра тое, каб гэта стала прафесіяй і, шырэй, стылем жыцця, застаюцца адзінкі. Але заўважана, што ледзь не 95 працэнтаў тых, хто ў свой час сур’ёзна займаўся музыкай, працягваюць адукацыю і надалей — у самых розных сферах, папаўняючы інтэлектуальны пласт грамадства. Таму ідэальная кансерваторыя — тая, дзе прыродныя алмазы, якія паводле іх прыродных якасцяў можна выкарыстоўваць у вытворчасці і, у тым ліку, для вырабу неабходных побытавых рэчаў, атрымліваюць найбольш выкшталцоную апрацоўку, становячыся дыяментамі высокага мастацтва. Ну і, вядома, гэта вялікі навуковы цэнтр. А наша Акадэмія музыкі — гэта яшчэ і адзіны, па сутнасці, у краіне выдавец буйных твораў беларускіх кампазітараў. Мы выпускаем і сімфанічныя партытуры, і оперныя клавіры. Напярэдадні юбілею выйшла таксама ўнікальнае факсімільнае выданне “Повязь мастацтваў”, што рыхтавалася пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Яно носіць міждысцыплінарны характар і ўтрымлівае факсіміле рукапісаў больш як дваццаці вакальных твораў беларускіх кампазітараў-класікаў на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. І ўсё гэта — у дадатак да шматлікай метадычнай літаратуры, распрацоўкі вучэбных стандартаў, праграм непарыўнай музычнай адукацыі.

— Рэформа адукацыі апошнім часам стала ледзь не перманентнай, ператвараючыся ў “вечнае пытанне быцця”. Якія далейшыя шляхі развіцця Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вам бачацца?

— Для нас самае важнае — захаваць тую сістэму адукацыі, што склалася. Не лічыце мяне кансерватарам, бо размова не пра тое, каб пакінуць узровень ведаў такім, якім ён быў сто-дзвесце гадоў таму, а пра тое, што існуючыя сёння працэсы стасункаў выкладчыка і студэнта не павінны пацярпець ад хваляў аптымізацыі, скарачэння спецыяльнасцей ці тэрмінаў навучання, іншых трансфармацый. Цяперашняя сістэма падрыхтоўкі непасрэдна звязаная з фізіялагічнымі магчымасцямі чалавека і працэсам яго псіхічна-інтэлектуальнага, разумовага, духоўнага сталення. Гэта закладзена самой прыродай чалавека!

— Сапраўды, далёка не ўсе вундэркінды, як паказвае практыка, становяцца зоркамі мастацтва.

— Такі шлях не норма, а хутчэй выключэнне з правілаў, кропкавая з’ява. Больш частым бывае іншы варыянт: чалавек са здольнасцямі паступова набірае моц, развівае свой дар і, нарэшце, дасягае вяршыняў. Сама гісторыя давяла, колькі і чаму трэба вучыцца ў музычным ВНУ. Хутка навучыць мастацтву — немагчыма. Рамяству — можна. Калі ж мы сапраўды хочам выпусціць са сваіх сценаў дзеячаў мастацтва, дык адказнасць тут — каласальная. Мы ведаем, як павінна развівацца наша Акадэмія, і гэта не пустыя словы.

— Адна з актуальных праблем музычных навучальных устаноў — набыццё добрых інструментаў. Але, памятаю, гэты вучэбны год і адкрыццё канцэртнага сезона ў зале Акадэміі суправаджаліся прэзентацыяй новага раяля Steinway.

— З’явіліся ў нас і іншыя інструменты, але справа не толькі ў гэтым. Вельмі хацелася б развіваць сферу найноўшых тэхналогій, што звязана з электроннай музыкай, сучасным гуказапісам. Гэтыя кірункі, здавалася б, выходзяць за межы звыклага акадэмічнага навучання, але насамрэч пашыраюць яго, таму вельмі распаўсюджаны ў Еўропе і свеце.

— Адпаведныя спецыяльнасці, ведаю, адкрыты ў іншых ВНУ, але знайсці добрага гукарэжысёра па-ранейшаму цяжка.

— Бо іх немагчыма навучыць у адрыве ад грунтоўнай музычнай падрыхтоўкі! У замежжы гэта разумеюць, надаючы ў кансерваторыях увагу нанатэхналогіям у акустыцы, спосабах перадачы гуку, фіксацыі нотнага тэксту. Музычны і гукавы свет змяняюцца! Змяняецца нават сістэма знаёмства чалавека з музыкай: сёння дзеці куды часцей даведваюцца спачатку пра электроніку, а не пра акустычныя інструменты, некаторыя да пэўнага часу ўвогуле не здагадваюцца пра сутнасць і само існаванне апошніх. Таму пазбягаць гэтай сферы немагчыма.

— А студыя гуказапісу? Абяцалі, што яна можа з’явіцца ў прыбудове да галоўнага корпуса.

— Так і будзе. Пакуль ідзе рамонт інтэрната. Завершым яго — зоймемся прыбудовай, дзе таксама плануецца канцэртная зала, канферэнц-зала для пасяджэнняў дысертацыйнага савета і шмат чаго іншага. Яшчэ адна галіна, якую нам неабходна развіваць, тычыцца класічнага джазавага кірунку — менавіта высокага джазу. Самымі запатрабаванымі тут з’яўляюцца такія спецыяльнасці, як фартэпіяна, духавыя і ўдарныя, вакал. У ажыццяўленні гэтай ідэі вельмі спадзяюся на дапамогу кансерваторый-партнёраў, бо ў тых жа Літве, Польшчы, Азербайджане, Грузіі гэта наладжана вельмі добра. Нарэшце, нас вельмі хвалюе музычны менеджмент. Здавалася б, гэта сфера выходзіць за межы нашай установы адукацыі: мы падрыхтавалі добрых прафесійных музыкантаў — што яшчэ ад нас трэба? Але не дае спакою далейшы лёс нашых выхаванцаў, асабліва самых таленавітых. Калі яны разумеюць, што такая сістэма існуе ў свеце, прычым зусім побач, у суседзяў — у Расіі, Польшчы, іншых еўрапейскіх краінах, дык едуць туды, каб максімальна рэалізаваць майстэрства, якім авалодалі. Сёння прынята ўздыхаць, што ў нас такімі музыкантамі не займаюцца адпаведныя канцэртныя агенцтвы і бюро, у вялікай колькасці распаўсюджаныя ў замежжы. Але наспеў час і штосьці змяняць.

— З’явяцца менеджары, якія пачнуць “раскручваць” нашых музыкантаў. Але дзе тыя будуць выступаць — найперш у замежжы? Можна многа згадваць нашых салістаў сусветнага ўзроўню, якія самі намагаюцца ладзіць свае канцэрты. Дый тое — як дамовяцца. Няма попыту на класіку? Не падрыхтавана, не выхавана, страчана слухацкая аўдыторыя?

— Калі будавалі “Мінск-арэну”, Лядовыя палацы, некаторыя таксама лічылі, што запоўніць усё гэта будзе немагчыма. Але ж, як аказалася, не толькі попыт нараджае прапанову, але і наадварот. Па ўсім свеце сёння будуюцца найсучасныя, тэхнічна дасканалыя канцэртныя комплексы з добрымі акустычнымі заламі, якія адпавядаюць самым патрабавальным райдарам. Назаву Другую сцэну Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, “Тэатр у порце Гамбурга”, адмыслова змешчаны на вадзе, у тым жа Гамбургу — Эльбскую філармонію, што сапраўды адлюстроўваецца ў Эльбе, Новую Парыжскую філармонію. А колькі іх будуецца ў Кітаі, Казахстане, Сінгапуры, Аўстраліі, іншых краінах! У нас нічога падобнага няма. Між тым, у такіх канцэртных комплексах маглі б праводзіцца не толькі міжнародныя фестывалі з удзелам зорных гасцей, але і выступленні нашых найлепшых салістаў і калектываў.

— Няўжо вы лічыце, што пры наяўнасці шыкоўных акустычных залаў туды адразу рушаць усе тыя, хто ўзрошчаны на расійскай папсе?

— Вядома, так будзе не адразу: змена густаў звычайна адбываецца са зменай пакаленняў. Але Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў міжнароднага палітычнага ўрэгулявання, спартыўных інтарэсаў — папраўдзе ў цэнтры Еўропы. Дык чаму б не развіваць міжнародны музычны турызм? Ва ўсім свеце ён набірае абароты. І Беларусь, з яе высокапрафесійнай музычнай культурай, якая карыстаецца аўтарытэтам у замежжы, мае ўсе магчымасці ўліцца ў гэты працэс і заняць у ім годную нішу.

— Перспектывы папраўдзе заманлівыя. А якое месца на фоне замежных аналагаў займае Беларуская акадэмія музыкі?

— У нас захаваліся і працягваюцца традыцыі высакаякаснай музычнай адукацыі, карані якой крыюцца ў гісторыі нашага ВНУ, станаўленні ў ёй маскоўскай, пецярбургскай школ. Сёння засвоены і заходні вопыт. Усё гэта прыцягвае да нас замежных студэнтаў. Што ні міжнародны конкурс — нашы пераможцы. Што ні міжнародная навуковая канферэнцыя, заўсёды ўхваляюць нашых дакладчыкаў, у тым ліку студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Водгукі прафесараў, якія працуюць з нашымі выхаванцамі на майстар-класах, старшыняў Дзяржаўных камісій, што прыязджаюць сюды на іспыты, лісты, якія мы атрымліваем пасля вяртання нашых студэнтаў з замежных ВНУ па праграме абмену ERASMUS+, — нязменна захопленыя. У адрозненне ад многіх іншых ВНУ, музычныя — самыя, бадай, практыка-арыентаваныя. Бо дзеці літаральна з маленства прывучаны да сцэны, пастаянныя выступленні становяцца неад’емнай часткай іх жыцця, натуральным вынікам заняткаў у класе. Нядзіва, што гастралююць і творчыя калектывы Акадэміі — з вялікім поспехам, ніколькі не саступаючы славутым прафесійным. Для моладзі гэта каласальны выканальніцкі вопыт!

— Уражвае адно пералік здзейсненых Акадэміяй праектаў. Толькі за год — сацыяльна арыентаваны цыкл канцэртаў “Дакрананне”, Велікодны фестываль, правядзенне Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Талент краіны”, суцэльны шэраг іншых конкурсаў, фестываляў, канферэнцый і іншых творчых ініцыятыў.

— Сапраўды, шмат сіл аддаем асветніцтву: Акадэмія, да ўсяго, стала чымсьці накшталт выязной маладзёжнай філармоніі, якая ахоплівае самыя розныя жанры і стылі. Імкнемся паказаць, што акадэмічныя музыканты могуць іграць не толькі класіку, але і джаз, эстраду добрай якасці, тыя ж песні з мультфільмаў. І тым самым фарміраваць у нашай краіне духоўны асяродак — важнейшая на сёння місія, якую таксама выконваюць нашы студэнты. Не на словах, а ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/670/14809/_MG_1863-S.jpg

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"