Як распавесці пра “маленькую смерць”?

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Праект “Кожная трэцяя” Аляксандра Васюковіча і Дар’і Царык — гэта расповед пра боль і страх. Размова на тэму, пра якую ў нас не прынята казаць услых: хатні гвалт, што “жыве” ў кватэрах нашых суседзяў, знаёмых ды сваякоў. Кожная трэцяя — гэта тая ўражвальная лічба, якая выяўляе маштаб праблемы. Менавіта столькі жанчын пацярпелі ў Беларусі ад сваіх блізкіх. Праект Аляксандра і Дар’і — акурат той выпадак злучэння мастацтва і публіцыстыкі, які дазваляе гледачу стаць на месца ахвяры.

/i/content/pi/cult/670/14806/50-kultura-4.jpgПогляд скрозь цябе

Мы сустракаемся з маімі візаві ў кавярні праз некалькі дзён пасля адкрыцця ў прасторы “Корпус” выставы “#открытажить”, прымеркаванай да Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні жанчын. Праект Аляксандра і Дар’і з’яўляецца часткай разгорнутага выказвання на тэму: што значыць быць у сітуацыі гвалту, перажыць яго, і вярнуцца да жыцця пасля траўматычнага досведу. Выстава ўключае тры часткі: “Кожная трэцяя” Васюковіч-Царык, малюнкі жанчын, якія пацярпелі ад зневажання, і фотапраект Дар’і Бубен “Выжылая”, што сімвалізуе вызваленне жанчын ад мінулага. Разам яны фарміруюць новы кантэкст, даючы гледачам уяўленне пра тое, што адбываецца з людзьмі, якія патрапілі ў пастку страшных стасункаў. У выставачнае выказванне ўключаная і надзея на вызваленне, і тая прорва страху, у якой і дасюль яшчэ жывуць многія жанчыны.

— Гвалт — гэта маленькая смерць, — так Дар’я характарызуе тое, што адбываецца з людзьмі, якія перажываюць падобны досвед. — Па сваім уздзеянні на псіхіку, саматыку, арганіку цела.

Калі я гляджу на партрэты жанчын, зробленыя Аляксандрам Васюковічам, то ў першую чаргу бачу позіркі. Маўклівыя позіркі спустошанага чалавека, часам нават нібы “скрозь цябе”. Я не бачу ўсёй постаці гераінь — яны знаходзяцца ў ценю, бо не хочуць паказваць свае твары. Але я бачу іх абрысы, вочы, профіль.

Фота ўражваюць менавіта сваёй камернасцю, інтымнасцю і — адначасова — драматычнасцю. У суплёце з тэкстамі Дар’і Царык, якія сталі вынікам вялікіх інтэрв’ю з гераінямі праекта, гэта нараджае эмпатыю і судакрананне. Аповед ад першай асобы робіць перажытае жанчынамі рэальным. “Ён нанёс мне больш за 12 удараў”, “Дзяцей біў, мяне біў”, “Ён гвалтаваў мяне ўсю зіму, у любы час сутак”… Калі чытаеш падобнае, забабоны пра перабольшанне праблемы таюць як дым. Можа, камусьці немагчыма нават уявіць здзекі агрэсараў у дачыненні да сваіх блізкіх, але… яны ёсць, яны здзяйсняюцца ў сучасным, здавалася б, цывілізаваным, свеце.

Інфармацыйны прагал

— Я сутыкнуўся з памерамі гэтай бяды толькі калі пачаў працаваць над праектам, — распавядае пра свой “уваход” у тэму Аляксандр Васюковіч. — Візіты ў Прытулак, дзе пацярпелыя маюць магчымасць схавацца, раскрылі мне вочы на тое, што адбываецца. Іначай ніколі б не ўсвядоміў, наколькі ў нас распаўсюджаны хатні гвалт і якія пачварныя формы ён можа прымаць.

Кожная трэцяя беларуска, паўтаруся, трапляла ў сітуацыю гвалту ад блізкага чалавека. Кожны чацвёрты суіцыд з’яўляецца наступствам бытавога гвалту. Сапраўды, маштаб гэтай праблемы складана ўявіць.

Дар’я Царык, акрамя працы ў праекце і журналісцкай дзейнасці, таксама з’яўляецца і супрацоўніцай грамадскага аб’яднання “Радзіслава”. Гэтая арганізацыя была заснаваная дванаццаць гадоў таму жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, і ставіць перад сабой мэту дапамагчы тым, хто аказаўся ў складанай сітуацыі. У першую чаргу яна прадстаўляе дах і абарону ахвярам у адмысловым Прытулку. Я даведалася пра яго, калі ўпершыню ўбачыла праект маіх візаві.

— Тое, што людзі маюць такое абмежаванае ўяўленне пра праблему — прамое сведчанне памяркоўнага стаўлення да яе грамадства, — каментуе Дар’я. — На жаль, у нашай краіне талерантнасць да хатняга гвалту высокая. Адпаведна, інфармацыі па гэтай тэме — вобмаль.

З гэтай акалічнасці, лічыць мая суразмоўца, вынікае і другая: ва ўжытку адсутнічае сама мова — размовы і спагады — якой належыць казаць пра тых, хто пацярпеў ад гвалту. Многія журналісты, кіруючыся добрымі намерамі, даволі часта наносяць шкоду жанчынам, што рашыліся распавесці пра свой траўматычны досвед.

— “Кожная трэцяя” — гэта наш шлях запоўніць інфармацыйны прагал, — тлумачыць Дар’я мэту праекта. — Прычым мы хацелі зрабіць яго адпаведна міжнародным стандартам — паказаць, якім чынам магчыма распавядаць пра тое, што адбываецца ў нашым асяроддзі.

Вымушаны падыход

Упершыню я ўбачыла фотасерыю “Кожная трэцяя” на Месяцы фатаграфіі пазалетась. Мая рэцэнзія ўтрымлівала пахвалу падыходу аўтара, які “раскрыў” тэму так далікатна — дазваляючы гледачам самім паўзірацца ў твары гераінь і даведацца пра іх лёс, “разглядзець” у зацемненай прасторы іхнія постаці. Мае ўяўленні пра гэты праект былі перакрэслены пасля таго, як фатограф паведаміў: ён абраў гэтую мову расповеду не толькі з мастацкіх меркаванняў, а найперш таму, што быў вымушаны.

— Насамрэч, мова праекта была абумоўлена абставінамі, — раскрывае карты Аляксандр. — Перада мной стаяла задача зрабіць партрэт жанчыны так, каб яе нельга было пазнаць. І адначасова мне было важна падкрэсліць, што гераіня — рэальны чалавек, асоба, а не нейкі абстрактны персанаж.

— На жаль, візуальная рэпрэзентацыя гераінь, якія пацярпелі ад гвалту, у нашым медыяполі даволі прымітыўная, — Дар’я звяртае ўвагу на спробы журналістаў ілюстраваць тэматычныя матэрыялы. — Як правіла, гэта абязлічаная карцінка з інтэрнэту — акрываўлены нож, зацемненая фігура агрэсара, сціснутыя кулакі… Падобная візуалізацыя ніяк не садзейнічае ўсталяванню кантакту паміж тым, хто распавядае пра сваю бяду, і чытачом або гледачом.

Па словах Дар’і, фота жанчын са спіны, якія таксама распаўсюджаны ў падобных матэрыялах, тым больш не выклікаюць даверу і сімпатыі да ахвяр з боку чытачоў. І фотасерыя Аляксандра сталася сапраўдным рэвалюцыйным прадуктам, лічыць яна, які, нарэшце, дазволіў многім людзям убачыць канкрэтных пацярпелых.

Аляксандру даводзілася з дапамогай ценю і ракурсаў змяняць аблічча гераінь, каб блізкія не маглі іх пазнаць. Таксама фатограф быў вымушаны шукаць месца для здымак у абмежаванай прасторы, бо гераіні не пагаджаліся пакідаць Прытулак нават дзеля фотасесіі.

— Адкуль такая перасцярога і страх? — пытаюся я пра матывы, што кіруюць жанчынамі.

— Як сведчаць спецыялісты, 80% судовых спраў, звязных з хатнім гвалтам, не даходзяць да суда, — агучвае паказальную лічбу Дар’я Царык. — Таму жанчыны да гэтай пары баяцца, што іх знойдзе агрэсар, і яны вернуцца да ранейшага жыцця.

“Прорва” бяды

— Справы падобнага кшталту, на жаль, носяць прыватны характар, а не публічны, — тлумачыць журналістка. — Жанчына піша заяву на агрэсара, а потым можа яе забраць.

— Чаму яна забірае?

— У большасці выпадкаў, калі агрэсар даведваецца пра пагрозу суда ў свой адрас, — адказвае Дар’я, — ён пачынае шантажыраваць партнёрку. Пагрозы ідуць у адрас жанчыны, дзяцей, узмацняецца псіхалагічны ціск — і яна забірае заяву. Часам страх жанчын рацыянальны, часам — не. Але калі мужчыне няма чаго губляць — да прыкладу, яму “свеціць” пакаранне па сур’ёзным артыкуле, — ніхто не можа даць гарантыі, што ён не здзейсніць сваёй пагрозы.

Складана вымераць і апісаць не толькі псіхалагічны гвалт, але часам нават і фізічны. “Радзіслава” неаднаразова сутыкалася з выпадкамі, калі агрэсар наносіць пабоі ахвяры так, каб не заставалася відавочных слядоў. Тады жанчыне няма чаго прад’явіць медыкам. Сітуацыя ўскладняецца ў разы, калі спецыялісты застаюцца абыякавымі ці нават становяцца на бок мужчыны.

На маіх вачах разгортваецца “прорва” праблемы.

— Бывае і так, што ахвяра не можа атрымаць кваліфікаваную дапамогу, — Дар’я Царык апісвае не тыповую, але і не выключную сітуацыю, калі жанчына звяртаецца да псіхолага і чуе ў адказ: “А вы пастрайцеся зрабіць яму прыемнае, залагодзіць яго”. Яна слухае. Купляе бялізну, рыхтуе вячэру, сустракае каханага. А ён заўважае, што яна сыр у салату парэзала не так, як яго мама, — і зноў яе б’е.

Як сведчыць практыка, нават праваахоўныя структуры не заўсёды даюць рады дапамагчы ахвяры. Абарончае прадпісанне — гэта дзейсная мера, але ўчастковым складана пастаянна сачыць за тым, ці выконвае яго агрэсар.

— Работнікі міліцыі сапраўды загружаныя, — адзначае мая візаві.

Медыкі, якія бачаць, што ў дачыненні жанчыны быў здзейснены гвалт, але не надаюць таму належнай увагі. Супрацоўнікі міліцыі, якія не заўсёды могуць прадухіліць гвалт у сям’і. Псіхолагі, якія нівелююць праблему. Дый нават блізкія, якія кажуць: “Пацярпі, усё наладзіцца. Усе так жывуць”. Вінаватых няма, але ўсё разам складваецца ў замкнёнае кола, вырвацца з якога ахвяры вельмі складана.

— Сёння, калі пацярпелая ўсё ж вырашыцца распавесці пра перажытае ў СМІ, журналісты могуць атрымаць і позву ў суд за паклёп, — дадае Аляксандр. — Асабліва калі справа, як гэта часта бывае, так і не была даведзеная да суда. Таму жанчыны проста бяруць дзяцей і збягаюць у Прытулак. І добра, што ў іх яшчэ хапае сіл на гэта.

Выйсце мае візаві бачаць у аб’яднанні сіл усіх ведамстваў і выпрацоўцы адмысловага закона па прадухіленні хатняга гвалту. Як паведаміў на нядаўняй прэс-канферэнцыі прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Раман Мельнік, работа над ім ужо распачатая.

— Гэта мусіць быць праца мультыдысцыплінарнай каманды з добра падрыхтаванымі спецыялістамі, здатнымі знайсці вырашэнне кожнай канкрэтнай сітуацыі, — кажа Дар’я. — Сёння асобныя ведамствы, на жаль, не заўсёды маюць дастаткова рэсурсаў, каб выцягнуць жанчыну з таксічных стасункаў. І вельмі часта яна не ў стане справіцца сама.

Дзе мяжа?

“Кожная трэцяя” на выставе “Прафота”. Інсталяцыя на арт-праекце “Імёны”. Удзел у фестывалі кароткаметражнага кіно Сinema Perpetuum Mobile. Апошняя выстава “#открытажить”. Мне давялося бачыць праект Аляксандра Васюковіча і Дар’і Царык на розных пляцоўках і ў розных творчых фарматах. Я пачынаю разумець, што гэта іх спосаб дагрукацца да кожнага з нас.

Нядаўна Аляксандр і Дар’я зрабілі новую частку праекта, стварыўшы фотаінсцэніроўку гісторый, якія расказвалі ім жанчыны. Джынсы, якія спаліў бацька дачцэ, ртутны градуснік, які разбіў і схаваў у падушцы жонкі яе муж, нага, якая пасінела ад марозу, — сын выгнаў маці ўзімку жыць у хлеў… Гэта ўсё рэальныя эпізоды жыцця рэальных жанчын, якія знайшлі сваё выратаванне, але па-ранейшаму баяцца адкрыць імя агрэсара.

У выпадку з хатнім гвалтам мастацкае выказванне становіцца яшчэ адным — і бадай адным з самых дзейсных — інструментам, здольным зрабіць праблему бачнай. У чым палягае сутнасць мастацтва? — самы час задаць сабе гэтае пытанне. Дзе яно распачынаецца, і дзе тады мяжа паміж ім і жыццём?

P.S. Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту — 8-801-100-8-801. Тэлефон экстранай дапамогі для размяшчэння ў Прытулку для жанчын і іх дзяцей, пацярпелых ад гвалту — 8-029-6108355 (кругласутачна).

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"