Не да банкетаў

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

На гэтым тыдні сваё дзесяцігоддзе адсвяткавала “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”. Гэтую маленькую тэлестудыю, у актыве якой з тры сотні стужак, можна было б назваць нейкім эпітэтам з прыстаўкай “най-“, калі б у сваёй нішы яна не была адзінай. Іншых суб’ектаў айчыннага медыярынку, якія спецыялізуюцца менавіта на гістарычным кіно, я не прыгадаю. Прынамсі, калі казаць пра беларускую тэматыку, бо на рынкі іншых краін некаторыя нашы кампаніі пастаўляюць такую прадукцыю вагонамі. Здавалася б, выключны статус дае прэферэнцыі. Балазе, у цяперашні час усеагульнай цікавасці да мінуўшчыны такая прадукцыя запатрабаваная бы піражкі. Аднак не! “Банкета не будзе — неяк не “банкетныя” часіны” — адразу папярэджваў у запрашэнні стваральнік студыі. І яно зразумела.

Тыя праблемы, якія былі акрэслены ў інтэрв’ю “К” Уладзіміра Бокуна яшчэ на пачатку года, дасюль не вырашаныя. Галоўны праект студыі — “Зваротны адлік” — па-ранейшаму замарожаны: новыя серыі не здымаюцца. Другая маштабная задума — цыкл “100 імёнаў Беларусі” — таксама прабуксоўвае: за год з дапамогай дзяржавы і мецэнатаў з’явілася ўсяго некалькі фільмаў, але будучыня пакуль няпэўная.

Прычына ранейшая — брак фінансавання. У мінулыя часы маленькая студыя плённа супрацоўнічала з вялікім тэлеканалам, атрымліваючы ад яго сродкі і пастаўляючы наўзамен якасны эфірны прадукт. І ўсе былі задаволеныя. Цяпер жа для каналаў наступілі цяжкія часіны. Таму ці не апошнія рэгулярныя тэлепраекты, прысвечаныя гісторыі, загадалі доўга жыць — на іх ужо не хапае грошай. Што цікава, гэта адбывалася амаль сінхронна з гучнымі заявамі з розных трыбун пра неабходнасць пашырэння “асветніцкага” сегменту эфіру.

Многія перакананы, што, маўляў, не ўмеюць нашы стварыць цукерку, здатную прыкаваць да экрану тую ж хатнюю гаспадыню. Прэм’ера новай работы студыі Бокуна — фільма, прысвечанага Соф’і Кавалеўскай — пераканаўча засведчыла: справа зусім не ў творчых кадрах. Стужка бярэ не толькі зместам, але і карцінкай. Прыкладам, папраўдзе ўразіла шматслойная камп’ютарная графіка Аляксея Туранава, здатная стварыць 3D-эфект нават у двух вымярэннях. Кіно сапраўды адпавядае ўсім магчымым узроўням. Таму і нядзіўна, што “Майстэрня” рэгулярна прывозіць у свой малюткі офіс трафеі еўрапейскіх кінафэстаў.

Для свайго новага цыкла студыя абрала рызыкоўны фармат дакудрамы — спалучэнне дакументальнага і ігравога кіно. Сярод паборнікаў “чысціні жанру” гэты мікс выклікае супярэчлівую рэакцыю. А вось шырокі глядач, перакананы, такі падыход ацэніць: калізіі лёсу герояў яму куды цікавей за скупы набор фактаў.

Праймтаймавы “Зваротны адлік” глядзелі многія тысячы самых розных гледачоў — у тым ліку, і знаёмыя мне хатнія гаспадыні. Гэтыя фільмы выкарыстоўвалі на сваіх уроках руплівыя настаўнікі гісторыі. Балазе, кожны з іх выкладзены ў вольны доступ у Сеціва.

Як распавядаў у інтэрв’ю сам Уладзімір Бокун, бюджэты тых стужак зусім не галівудскія. Серыя “Зваротнага адліку” абыходзіцца недзе ў 8 — 10 тысяч рублёў, а больш маштабных “100 імён Беларусі” — утрая даражэй. У маштабах краіны атрымліваюцца зусім не касмічныя сумы. Шкада, што іх не могуць выкраіць самі тэлеканалы.

Прэм’ера згаданага фільма і святкаванне юбілею адбывалася ва ўтульным кінатэатры, схаваным у вялізным шопінг-моле. “Пару дзесяцігоддзяў таму ніколі б не падумаў, што ў нас будзе як у Нью-Ёрку”, — сказаў з гэтай нагоды вядомы культуртрэгер Уладзімір Шчасны, з якім мы доўга шукалі шлях да выйсця.

Так, час не стаіць на месцы, усё развіваецца. За выключэннем хіба беларускага гістарычнага кіно. Пра яго нястачу гаварылася яшчэ ў пару перабудовы, няспынна гаворыцца і сёння. І дынаміка, як бачым, несуцяшальная.

Выйсце з сітуацыі мне бачыцца ў мэтавым фінансаванні гістарычных тэлепраектаў з бюджэту. Каб быў тэлевізійны конкурс, каб выдаткаваныя сродкі ішлі па асобным артыкуле, і нават пры ўсім жаданні іх нельга было перанакіраваць на нешта іншае. Можа, тады стварэнне такога кіно ўжо не будзе ўспрымацца выключна як падзвіжніцтва, а ў “Майстэрні” нарэшце з’явяцца канкурэнты.