Апошняя роля. Складаная самая

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Калі назаўжды развітваешся з добрым чалавекам — заўсёды балюча. Калі ж мы развітваемся з акцёрам, разам з ім ад нас сыходзяць быццам некалькі чалавек, суцэльны гурт — усе тыя героі, якіх ён увасабляў. У заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Івана Мацкевіча такіх “паплечнікаў і апанентаў” было — безліч: у тэатры і кіно.

/i/content/pi/cult/670/14802/1234681-102257-8x239145-S.jpgЁн даўно быў, па сутнасці, народным — і па тым, як аддана служыў мастацтву, і па тым, як прымала яго публіка. Але… не дачакаўся. У красавіку Івану Іванавічу споўнілася 70. І літаральна ўсе віншаванні — і на яго ўласны юбілей, і на нядаўні 85-гадовы юбілей Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, дзе ён працаваў больш за дваццаць гадоў, суправаджаліся пажаданнем як мага хутчэй атрымаць чарговае званне. Таму адкінем афіцыйныя пастановы — для ўсіх сваіх прыхільнікаў Іван Мацкевіч быў і застаўся народным артыстам.

Сярод сыграных ім роляў было шмат строгіх, часам безапеляцыйных вайскоўцаў. Хапала і адмоўных персанажаў — нягоднікаў і нават мярзотнікаў усіх масцей, за якіх раней не надта спяшаліся ўзнагароджваць. Але што цікава, усе ягоныя героі звычайна мелі “падвойнае дно”, тую “чалавечынку”, што дазваляла прасачыць, чаму з колішняга, мабыць, весельчака атрымаўся “зашпілены на ўсе гузікі” кіроўца. Ці з калісьці, мабыць, неблагога хлопчыка раптам вырасла такая кіношная ці тэатральна-сцэнічная пачвара, што адным сваім позіркам (у такіх ролях, вядома) гатова працяць наскрозь ці ажно спапяліць на месцы.

Іван Мацкевіч пахаваны на Усходніх могілках. На тых самых, дзе літаральна за тры дні дагэтуль быў адкрыты помнік яго калегу, паплечніку па тэатры і некаторых ролях Расціславу Янкоўскаму. Ёсць штосьці сімвалічнае ў тым, што яны “сустрэліся” і пасля смерці. А з намі засталіся кінастужкі, відэазапісы, фотаздымкі — і ўсе сыграныя ролі. Так хочацца верыць, што цяперашняя рэальнасць — таксама адна з чарговых роляў. І ледзь загучаць фінальныя апладысменты, усе вернуцца на сцэну для паклонаў. Ажно не — схіляем галаву мы. Перад талентам, якому наканавана перажываць сваіх уладальнікаў.