Музеі — у ліку пераможцаў

№ 50 (1333) 17.12.2017 - 25.12.2017 г

Аб’яўлены вынікі XV рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь”, арганізатарамі якога з’яўляюцца Нацыянальнае агенцтва па турызме і Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Сярод пераможцаў ёсць і ўстановы культуры.

На пачатку цырымоніі намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной нагадаў: “Галоўная мэта конкурсу — кансалідаваць высілкі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў і ўсіх суб’ектаў турыстычнай індустрыі для папулярызацыі і развіцця ўязнога і ўнутранага турызму”.

Знакаміты пяцідзённы “бязвіз” даў магчымасць шматлікім музеям, скансэнам, паркам павялічыць як патэнцыйную, так і рэальную колькасць наведвальнікаў. “У Гродзенскай вобласці ў год было 4800 арганізаваных турыстаў, а сёлета — 48 000. Турыстычная плынь узрасла адразу ў дзесяць разоў!” — прывёў прыклад спадар Партной.

Сёлета, па словах выступоўцы, на конкурс было пададзеная рэкордная колькасць заявак. Сярод пераможцаў нямала знаёмых культурнаму асяродку асоб. Напрыклад, у намінацыі “Музеі, культурныя і этнаграфічныя комплексы года” першынства меў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Калектыў установы на дадзеным конкурсе ўжо ў чацвёрты раз выходзіць у фаварыты. Дыпламантамі ў намінацыі сталі Музей беларускага Палесся і філіял “Чырвоны Бераг” Жлобінскага гісторыка-этнаграфічнага музея, які быў названы адным з самых прыкметных маладых музеяў.

Спецыяльную ўзнагароду “Лепшы стартап года” атрымаў яшчэ адзін пачатковец у музейнай справе: музей мініяцюр “Краіна міні”, які дазваляе спазнаць Беларусь за дзве гадзіны. Яго стваральнікі вызначылі 70 найбольш цікавых адметнасцяў Сінявокай, мініяцюрныя копіі якіх за тры бліжэйшыя гады павінны з’явіцца ў выставачнай зале.

З шасці намінантаў лепшым экскурсаводам прызналі Яўгена Апанасевіча. Распрацаваныя ім анімацыйныя праграмы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў турыстаў, а сам Яўген неаднаразова браў удзел у арганізацыі гістарычных фестываляў як у краіне, так і за яе межамі. Па асабістым прызнанні лаўрэата, ён ішоў да перамогі доўгай дарогай. “Сёлета 13 гадоў, як я працую экскурсаводам, пачынаючы са сваёй роднай Мядзельшчыны, куды нядаўна вярнуўся. Дзякуй маім настаўнікам-гідам, таму што без іх не было б мяне”, — распавёў прысутным пераможца.

Арганізатары ўручылі грамату за “Унёсак у прасоўванне турыстычнага патэнцыялу Беларусі” аднаму з самых вядомых фатографаў дзікай прыроды, заснавальніку партала Planeta Belarus Сяргею Плыткевічу. У рамках конкурсу таксама агучылі ўладальніка спецпрыза ЕС “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі”. Спецыяльную ўзнагароду атрымаў праект “Аднаўленне гістарычнай забудовы на Замкавай гары з элементамі музеефікацыі”, распрацаваны Мсціслаўскім раённым гісторыка-археалагічным музеем.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"