Вышыванка ў цэнтры Пекіна

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

26 лістапада ў Пекіне прайшоў штогадовы конкурс нацыянальных касцюмаў. Яго яшчэ называюць дыпламатычным, паколькі адным з арганізатараў з’яўляецца часопіс The Diplomat Magazine, а сярод журы — супрацоўнікі амбасад і кітайскія ўраднікі. Гэтым разам месцам правядзення спаборніцтва стаў так званы “Шаўковы рынак” — велізарны і зусім не танны гандлёвы цэнтр, куды звычайна прывозяць турыстаў на шопінг. Аднак у пазамінулую нядзелю пляцоўка стала месцам яднання розных культур, сабраўшы ўдзельнікаў з 17-ці краін.

/i/content/pi/cult/669/14791/18.jpg

Кветкі ў валасах

Беларуская каманда сёлета была адной з самых шматлікіх. Студэнты пекінскіх універсітэтаў, сем’і супрацоўнікаў амбасады нашай краіны, настаўніца беларускай мовы, журналістка — і гэта яшчэ не поўны спіс удзельнікаў дружнай кампаніі!

Па плане пачатак імпрэзы ў 15.30. Але ўжо гадзін у дванаццаць беларусы збіраліся ў сваёй амбасадзе на генеральную рэпетыцыю.

— Толькі калі ласка, не прышый мне кветкі да галавы. Добра? — жартуе Ганна, чыю прычоску адмысловым чынам упрыгожваюць.

Разам з Уладам яна сёння будзе адкрываць выступ нашай “зборнай” танцамі пад музыку групы “Стары Ольса”. Пара прадставіць гледачам свята “Гуканне вясны”.

— Танец не вельмі складана было ставіць. Мне пашанцавала з партнёрам — ён займаўся раней танцамі і ў яго добрая база. На рэпетыцыі, праўда, бракавала часу: у кожнага праца ці вучоба. Але будзем старацца!

Пакуль Ганне ў касу “ўшываюць” кветкі, астатнія пачынаюць пераапранацца. Хлопцы і дзяўчаты не проста будуць дэманстраваць беларускія касцюмы, а выканаюць некалькі паўнавартасных нумароў. Кожная пара рыхтавала свой танец самастойна: падбірала музыку і відэакадры краявідаў Беларусі, якія паралельна пакажуць на велізарным экране.

Сёлета ў амбасадзе з’явілася некалькі новых сцэнічных касцюмаў, перададзеных Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. На фоне традыцыйных вышыванак асабліва ярка вылучаецца строй беларускай шляхты: спадніца з крыналінам і тугі гарсэт з рукавамі-ліхтарыкамі — у дамы, чырвоны жупан і шыкоўная шапка з футравай аблямоўкай — у кавалера.

— І хай толькі мы пасля гэтага не пераможам! — пагражае Дар’я, пакуль яе туга шнуруюць у гарсэт. У Другім Пекінскім інстытуце замежных моў яна выкладае кітайцам беларускую, а ў вольны час задарма вучыць роднай мове беларускіх дзяцей, якія жывуць у Пекіне.

— А Паша ў нас сёння за фларыста. Вось якія выдатныя вянкі сплёў! — хваліць яна таварыша.

— Гэта ўжо чацвёрты. Ён не вельмі ў мяне выйшаў. А вось першы наогул класны! Нават ганаруся ім, — смяецца Паша.

Павел — студэнт навукова-тэхналагічнага ўніверсітэта Пекіна. Ён у Кітаі ўжо другі год. Прафесія тэхнічная, але часам “душа патрабуе творчасці”. Паша тут працуе за траіх: танцуе, музыку для выступленняў падбірае і паспявае весяліць народ жартамі.

Некалькі рэпетыцый у касцюмах — і каманда гатовая да выхаду. Беларусы ўсаджваюцца ў мікрааўтобус і едуць на “Шаўковы рынак”. Зусім не на шопінг!

З касой у руцэ

Калі кампанія “выгружаецца”, даехаўшы да месца прызначэння, мінакі-кітайцы тут жа дастаюць тэлефоны і пачынаюць здымаць. Відовішча і сапраўды вартае ўвагі: з машыны спачатку дастаюць Дашу ў крыналіне — адной ёй дакладна не справіцца. Затым павольна з’яўляецца Андрэй... з касой у руцэ. Але пра касу крыху пазней.

У грымёрных “Шаўковага рынку” беларуская каманда змешваецца з удзельнікамі з Пакістана, Інданезіі і Манголіі. Некалькі супольных фота на памяць — і пара ідзе рыхтавацца за кулісы, бо беларусы выступаюць другімі. Апошнія хвіліны перад выхадам на сцэну самыя хвалюючыя і доўгія. Нават дарослыя нервуюцца, што ўжо казаць пра дзяцей. Наймаладзейшай удзельніцы беларускай каманды Ніне — усяго 2 гады. Сёння яна выступае разам з мамай, таму больш-менш спакойная. Але Ніне неўзабаве надакучыла чакаць за кулісамі, і яна імкнецца на сцэну.

Пакуль удзельнікі хвалююцца і чакаюць свайго часу, у зале ўжо ўсё падрыхтавана да пачатку. Члены журы занялі свае месцы: справа — супрацоўнікі амбасад розных краін, сярод іх і прадстаўнік беларускай — старэйшы дарадца Дзяніс Здораў, злева — службоўцы з Кітая. Выступіць перад публікай запрашаюць амбасадара Рэспублікі Беларусь Кірыла Рудага. У сваёй прамове ён адзначыў адметную ролю народнай дыпламатыі ў развіцці культурных кантактаў паміж моладдзю розных краін.

Адкрывае конкурс нацыянальных касцюмаў каманда Саудаўскай Аравіі. Арабскую краіну, як ні дзіўна, прадстаўляюць тры маленькія чароўныя… дзяўчынкі-кітаянкі. Пад запальную ўсходнюю музыку яны выканалі зусім не дзіцячы танец жывата.

Другімі выступаюць беларусы. Пайшоў зваротны адлік — і на сцэну ў танцы ўварвалася першая пара з “Гуканнем вясны”. Зала пачала апладзіраваць у такт музыцы. Уся ўвага сканцэнтраваная на выступоўцах.

Потым на сцэну выйшла цэлая беларуская “сям’я”: мама Вера з пяццю дзецьмі. Верыных дзяцей тут двое — Міця і маленькая Ніна. Астатнія былі “пазычаны” ў калег мужа — супрацоўнікаў беларускай амбасады, якія цяпер актыўна падтрымліваюць “сваіх” з залы.

Мабыць, самым яркім нумарам беларускай каманды стала “Купалле” ў выкананні студэнтаў Сашы і Жэні. Сучасную частку танца прыдумляла Саша, якая займаецца стрыт-дансам, а вось за фальклорны складнік адказваў Жэня. У фінале ён злёту сеў на поўны шпагат і паднёс Сашы кветку, якая дзівам не выскачыла з-за яго вуха падчас заліхвацкага танца.

Потым пад “Касіў Ясь канюшыну” на сцэне з’явіліся новыя персанажы: уласна, “Ясь”, з той самай размаляванай пад колер металу кардоннай касой, і дзве жняі, што прэтэндавалі на яго ўвагу. Але Ясю яўна было не да іх — ён пайшоў “абкошваць” глянцавы подыум. Не адставалі і
абедзве “Яніны” з каласамі духмянай пшаніцы ў руках.

Пасля народных “Дажынак” надышоў час беларускай шляхты. Нездарма Даша некалькі гадзін прастаяла ў туга зашнураваным гарсэце, ох нездарма! Вытанчаныя і плаўныя рухі салоннага танца, які месцамі нагадваў паланэз, у спалучэнні з раскошнымі ўборамі і этнічнай музыкай зрабілі сваю справу. Было бачна — каманда Брунея, якой прыйдзецца выступаць пасля Беларусі, трохі засумавала.

У фінале выйшлі ўсе ўдзельнікі каманды: дарослыя павялі карагод з рознакаляровымі стужкамі ў руках, а дзеці вынеслі на сцэну беларускі сцяг.

Перадаць дух краіны

Хваляванне не сыходзіла нават пасля выступу.

— Паўзы паміж песнямі, якіх нам бракавала на рэпетыцыях, падчас выступу такімі доўгімі здаваліся! Я стаю і думаю, калі ж песня пачнецца! — дзеліцца ўражаннямі Даша.

— А я расчараваная, бо заблыталася ў фінале. Разумею, што гэтага ніхто не заўважыў. Але ўсе ж… — жаліцца Саша.

— Гэта было заўважна па маім твары, — смяецца яе партнёр па танцы.

— Вой, усё! Класна ж выступілі! Задавальненне атрымалі, і гэта самае галоўнае, — разрульвае сітуацыю Паша.

Неўзабаве беларусы ў сваіх народных касцюмах адправіліся ў залу глядзець нумары канкурэнтаў. Тады яны яшчэ не ведалі, што праз некалькі гадзін выйдуць на сцэну зноў.

Самы моцны супернік — каманда Расіі. Яе прадстаўляе дзіцячы калектыў “Бярозка”, які ўжо тры гады існуе пры расійскім Культурным цэнтры. З дзецьмі рэпетуюць некалькі разоў на тыдзень, а танцы ім ставіць прафесійны харэограф.

— Вядома, мы спадзяёмся на перамогу, тым больш у нас у гэтым і досвед ёсць. Летась мы занялі першае месца, — кажа Ганна, чыя дачка другі год танцуе ў ансамблі і сёння зноў выходзіць на сцэну.

Потым яшчэ некалькі яркіх нумароў: касцюмы дэманстравалі каманды Шры-Ланкі, Непала, Венесуэлы і В’етнама.

І вось — час падвядзення вынікаў. Для атрымання прыза за трэцяе месца на сцэну запрашаюць прадстаўнікоў Расіі. А вось другое месца займае... беларуская каманда! Яна атрымлівае дыплом і імправізаваны кубак — шкляную руку з паднятым угару вялікім пальцам. Нашы заўзятары яшчэ доўга скандзіруюць “Бе-ла-русь”.

Першае месца заняла каманда з Перу. З іх традыцыямі правядзення вулічных карнавалаў насамрэч складана супернічаць.

Найцяжэй у гэты дзень было журы. Абіраць даводзілася паміж яркімі карнавальнымі касцюмамі і стрыманымі традыцыйнымі строямі. Таму ацэньвалі хутчэй не маляўнічасць адзення, а арыгінальнасць яго падачы.

— Арганізатарамі не былі акрэслены крытэрыі ацэнкі. І ў выніку, каманды, якія засяродзіліся на паказе касцюма, яўна прайгралі. А тыя, што здолелі выявіць дух сваіх строяў і прадставіць іх належным чынам — сталі пераможцамі, — дзеліцца ўражаннямі член журы Дзяніс Здораў. — Былі краіны, якія проста прадэманстравалі свае касцюмы. Але гэта ж не модны паказ! Галоўнае, што ў нас атрымалася перадаць дух краіны: і беларускія танцы, і песні, і традыцыі. І ўсё гэта выглядала вельмі гарманічна.

Ужо позна вечерам удзельнікі беларускай каманды выправіліся назад у амбасаду, каб змяніць нацыянальныя касцюмы на свае, штодзённыя. Па дарозе яны пачалі прыдумляць назву свайму калектыву і абмяркоўваць ідэі новых нумароў. Бо наступны конкурс — усяго праз год!

Марына КОПЫСАВА

Пекін

Дзякуем амбасадзе Рэспублікі Беларусь і асабіста другому сакратару Вераніцы Цімкінай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.