Энтузіязм давядзе да Парыжа

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Здавалася б, на голым энтузіязме далёка не з’едзеш. Аказваецца, з’ехаць можна. Галоўнае, каб кампанія была добрая. А там і астатнія падцягнуцца. Менавіта такая думка прыходзіць да галавы, калі ўсведамляеш, якія змены здзейсніліся за апошняе дзесяцігоддзе ў мястэчку Смілавічы.

/i/content/pi/cult/668/14767/Sutin.jpg

Смілаўчане на вуліцы Суціна ў мястэчку Ле Блан.

Мастак Хаім Суцін — адзіны ўраджэнец Беларусі, помнік якому ўсталяваны ў Парыжы, сусветнай сталіцы мастацтваў. Жывапісец, чые працы сталі марай усіх музеяў свету, практычна быў аддадзены забыццю ў сябе на радзіме. Хоць, як ён сам казаў, нават яго багі ў першых вучнёўскіх малюнках “былі падобныя на старых са Смілавічаў” — таго невялікага мястэчка, якое ён пакінуў галодным падлеткам са шматдзетнай яўрэйскай сям’і. Але часы і норавы, на шчасце, змяняюцца.

Зусім нядаўна з паездкі ў Францыю вярнуліся землякі Хаіма Суціна са Смілавічаў. Прадстаўнічая дэлегацыя афіцыйных асоб і энтузіястаў, якія займаюцца захаваннем памяці пра вялікага мастака, пабывала не толькі ў Парыжы, але і ў вёсачцы Шампіньі-сюр-Вёд, дзе Суцін правёў два апошнія гады свайго жыцця. Тут смілаўчане сустрэліся з мясцовай жыхаркай мадам Дэланэ — 12-гадовай дзяўчынкай яна пазіравала мастаку.

А ў невялікім мястэчку Ле Блан, дзе неаднаразова бываў і працаваў Суцін, і дзе адна з вуліц названа яго імем, беларускіх гасцей сустракаў Мішэль Ле Брон-Франзаралі, якога называюць “самым датклівым біёграфам” жывапісца. Дадам яшчэ, што гэты даследчык — які, дарэчы, і сам выдатны мастак — быў адным са шматлікіх наведвальнікаў музейнай экспазіцыі ў Смілавічах. Менавіта яе адкрыццё амаль дзесяць гадоў таму можна назваць першым важкім крокам па вяртанні памяці пра вялікага земляка на яго малую радзіму. І назва музея гучыць неяк зусім па-французску: “Прастора Суціна”. У Францыі ёсць падобныя музеі — напрыклад, “Прастора Брасанса” ў родным горадзе паэта Сэце.

Прастора... Яна бязмежная і шматмерная. Як космас. А прастора культуры тым больш існуе па нейкіх сваіх метафізічных законах. І прыцягвае да сябе зусім нечаканым чынам. Так, дзякуючы мінскім даследчыкам і мастацтвазнаўцам было адкрыта яшчэ адно імя са Смілавічаў — Шрага Царфін, выбітны мастак усё той жа “Парыжскай школы”, чалавек авантурнага лёсу. У Смілавічы прыязджаў яго ўнук Іў Дзюлак, а з дачкой мастака і яе мужам завязаліся настолькі сардэчныя кантакты, што сям’я перадала ў музей арыгіналы работ Царфіна. Аб Царфіне зняты дакументальны фільм “Блукаючая зорка са Смілавічаў”.

Да вяртання ў культурны кантэкст Беларусі нашых славутых землякоў са Смілавічаў спрычынілася мноства самаадданых рупліўцаў: і дырэктар прыватнай установы культуры “Спадчына і час” Юры Абдурахманаў, і старшыня нацыянальнай камісіі Міжнароднага савета музеяў Таццяна Бембель, і дызайнер Надзея Кухарэнка, і кінарэжысёр Зоя Катовіч, і старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Ірына Марціновіч, і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Ала Лаўрыновіч, і Святлана Хасеневіч, якая апякуецца экспазіцыяй у Цэнтры дзіцячай творчасці. Дзякуючы ім, сёння маленькі музейчык Суціна ведаюць і любяць не толькі на Беларусі. Там пастаянна праводзяцца брыфінгі для журналістаў, выставы, развіваецца адукацыйная праграма “Слаўныя імёны Смілавічаў”.

Музейная прастора не абмяжоўваецца сценамі выставачных залаў, гэта яшчэ і прыродныя і гістарычныя ландшафты, і старыя вулачкі, і старыя назвы... Тады непазбежна ўзнікае няўлоўная аўра, вытканая нашай памяццю аб тых, хто раней тут жыў і ствараў.

Кажуць, што кожны чалавек павінен пасадзіць дрэва. А можна пасадзіць парк. Як гэта зрабілі ў Смілавічах — больш за 150 саджанцаў дрэў і дэкаратыўных кустоў з’явілася на Панскім беразе і на тэрыторыі мемарыялу на месцы расстрэлу 2000 вязняў Смілавіцкага гета.

І вось, энтузіязм знайшоў падтрымку. У 2016 годзе ініцыятыва, заяўленая арганізацыяй “Спадчына і час”, стала адной з пераможцаў конкурсу праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Яго мэта — захаванне культурна-гістарычнай спадчыны і павышэнне турыстычнага патэнцыялу таго ці іншага рэгіёна.

Смілавічы засталіся невялікім мястэчкам, якім былі і ў пачатку мінулага стагоддзя. Але нават і там лёгка заблукаць у трох соснах. Каб пазбавіць турыстаў такіх непрыемнасцяў, там усталявалі ўказальнікі кірункаў да музея і да Палацава-паркавага ансамбля. А новая турыстычная карта ў выглядзе графіці размешчана на сцяне аднаго з будынкаў у цэнтры пасёлка — так модны дэкаратыўны стрыт-арт становіцца культурным аб’ектам і арыенцірам сённяшняга дня. А каб ніхто выпадкова не праехаў міма такой перліны нацыянальнай культуры, на трасе М-4 Мінск-Магілёў паставілі новыя ўказальнікі.

Мы лёгка, а часам і марнатраўна, карыстаемся культурнай і гістарычнай спадчынай, якая была створана да нас. Аказалася, што сёння магчыма ствараць культурную спадчыну для будучыні. У праграму развіцця і добраўпарадкавання ў Смілавічах не толькі актыўна прыцягваюцца мясцовыя жыхары, але, што асабліва важна, у ёй бяруць удзел дзеці і падлеткі. Удзельнікі Смілавіцкага арт-цэнтра “Вулей” — а менавіта так называлася камуна маладых геніяў пачатку XX стагоддзя ў Парыжы — нядаўна пабывалі на рэтраспектыўнай выставе Хаіма Суціна ў Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя Аляксандра Пушкіна ў Маскве. Паездкай туды заахвоцілі юныя дараванні за найлепшыя творчыя дасягненні па выніках навучальнага года. Школьнікі не толькі ўбачылі шэдэўры
выяўленчага мастацтва з найбуйнейшых французскіх музеяў, але і змаглі адчуць тыя апантаныя энергіі свайго земляка, якія і сёння так натхняюць многіх творцаў.

Вера САВІНА,
кінасцэнарыст, журналіст