Палёты над няздзейсненай ідыліяй

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Opus Magnum беларускай этнаграфіі выклікае нямала пытанняў
Непадалёк ад сучаснага Мінска і яшчэ бліжэй да Менеска летапіснага, які калісьці знаходзіўся на берагах Менкі, раскінуўся наш першы і, бадай, адзіны сапраўдны скансэн — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Мінулым годам адзначалася саракагоддзе заснавання арггрупы па яго стварэнні, а сёлета — трыццацігоддзе з дня адкрыцця для наведвальнікаў музейнай экспазіцыі. Аднак святы скончаныя і працягваюцца шэрыя будні, часам даволі суровыя.

/i/content/pi/cult/668/14763/pages-4-5-S.jpg

Пачыналася ўсё з грандыёзных планаў і надзей на не менш грандыёзнае іх фінансаванне. Але гэта было яшчэ за часамі Савецкага Саюза. Потым музею давялося выжываць ледзь не ўласнымі сіламі, фактычна кінутаму дзяржавай у “галодныя гады” перабудовы. Аднак і тады жыццё ў скансэне віравала — дзякуючы найперш супрацоўнікам-рупліўцам, адданым традыцыйнай культуры і беларускай этнаграфіі.

Больш за тое, усе гады музей быў не толькі месцам канцэнтрацыі вясковых хацінак і народных скокаў, але і сапраўдным навуковым цэнтрам. Калі паглядзець біяграфіі найбольш знаных сённяшніх этнографаў, дык
большасць з іх прайшлі яго школу. Нават адна з найбольш распаўсюджаных канцэпцый гісторыка-геаграфічнага раяніравання Беларусі, распрацаваная Віктарам Цітовым, непарыўна звязаная са з’яўленнем музея. У скансэне і цяпер працуюць адданыя справе вывучэння і захавання народнай традыцыі людзі, але ж акцэнты яго дзейнасці апошнім часам, як падаецца, трохі змяніліся…

Самы праблемны музей

Драўляныя хаткі знаходзяцца пад адкрытым небам, без нейкага асаблівага “музейнага рэжыму” захоўвання, які б аберагаў іх ад непагадзі, захоўваў пастаянную зручную тэмпературу, засцерагаў ад шашалю і грыбка. Таму экспанаты могуць разлічваць толькі на той запас трываласці, які ім надалі яшчэ іх вясковыя будаўнікі. Як кажа дырэктар скансэну Эдуард Багдановіч, кожны музей заўжды мае пэўныя праблемы, але гэты — бадай, самы праблемны:

— Цяжкасці ў нас з’яўляюцца літаральна кожны дзень. Бо гэта ж музей пад адкрытым небам, дзе кожны дождж або навальніца даецца ў знакі: дзесьці дах сарве, дзесьці пачне працякаць… Адзінае, што можна зрабіць, — неадкладна выяўляць і вырашаць усе праблемы. І гэты працэс ідзе пастаянна.

— Іншае пытанне, — адзначае былая дырэктарка музея Святлана Лакотка, да якой “К” таксама звярнулася па каментарыі, — што ў музеі павінна быць створаная база для работы навукоўцаў і рэстаўратараў архітэктуры, якія б маглі працаваць па традыцыйных тэхналогіях. Гэтае важнае пытанне, з якім мы рэгулярна сутыкаліся, дасюль не вырашанае ў маштабах рэспублікі. Таму і паўстае падвоеная праблема — праблема захаванасці, якую можна вырашыць толькі праз навуковы падыход, і праблема адсутнасці рэстаўратараў, якія б якасна выканалі гэтыя работы. У скансэне дагэтуль працуюць цудоўныя рэстаўратары па музейных прадметах, але рэстаўратараў па архітэктуры, на жаль, няма…

Сапраўды, варта хаця б трошкі прагуляцца па тэрыторыі музея, каб скласці ўражанне аб яго пэўнай занядбанасці. Калі хопіць сілаў дашпацыраваць да самага далёкага экспазіцыйнага сектара “Паазер’е”, гэтая закінутасць асабліва ўразіць. Унікальны помнік драўлянага дойлідства — царква ХVІІІ стагоддзя з вёскі Вялец Глыбоцкага раёна — стаіць дзякуючы падпоркам, што ўтыркаюцца ў ейныя сцены. Здаецца, трохі ўзмоцніцца восеньскі вецер або снег на стрэхі наваліцца — і будынак не вытрымае.

Падмацоўваюць уражанне неўладкаванасці і сучасныя пластыкавыя кабінкі-прыбіральні ды металічныя бочкі літаральна ля сцен старых хат. Натуральна, пра выгоды для наведвальнікаў і супрацоўнікаў дбаць варта, але не такой цаной — можна ж хаця б трошкі адсунуць у бок і замаскіраваць “самыя папулярныя турыстычныя цікавосткі”.

Пазелянелы хутар

Самы ж занядбаны і самы “няшчасны” аб’ект — гэта хутар з вёскі Цімошкава Мёрскага раёна. Яшчэ колькі гадоў таму тагачасная дырэктарка музея Святлана Лакотка распачала маштабныя рэстаўрацыйныя работы. Сярод іншага была праведзеная і падрыхтоўка да рэстаўрацыі адзінага ў музейнай экспазіцыі хутара, які складаецца з некалькіх пабудоў.

— Лазню і клець мы аднавілі, — кажа спадарыня Святлана. — У 2013 годзе зроблены і праект рэстаўрацыі хаты і хлявоў. Увесь камплект дакументацыі і экспертыза былі гатовыя, заставалася толькі вырашыць пытанне фінансавання саміх работ. На жаль, як гэта часта і бывае, яно аказалася самым праблемным.

У працэсе падрыхтоўкі да рэстаўрацыі праводзілася даследаванне канструкцый страхі. Пры аднаўленні драўляных пабудоў тыя элементы, якія струхлелі і дэструктаваліся, замяняюцца на копіі — але абавязкова выкананыя паводле аўтэнтычных тэхналогій. На стадыі праектных распрацовак было дадзенае тэхнічнае заключэнне, якое прадугледжвала замену канструкцый страхі, таму яны і былі знятыя ды часова накрыты руберойдам для часовай кансервацыі.

Але ж часовая кансервацыя таму і завецца часовай, што яна разлічаная толькі на кароткі тэрмін. Святлана Лакотка сышла на пенсію ў 2014 годзе і з той пары, як падаецца, хутарам Цімошкава ніхто асабліва не займаўся. Сцены пакасіліся, дрэва згніла, на ім — мох і грыбкі, парэшткі руберойду звісаюць лахманамі… Адпаведна, напрошваецца пытанне: ці можна яшчэ яго выратаваць, або шанцы ёсць толькі на пабудову копіі?

— Праектныя распрацоўкі былі зроблены ў 2012 — 2013 гадах, — дадае Святлана Лакотка, — а любая дакументацыя такога кшталту мае тэрмін дзеяння…

У той самы час, як кажа Эдуард Багдановіч, у апошнія гады ўжо былі адрэстаўраваныя тры помнікі: капліца з вёскі Каралеўцы Вілейскага раёна ў сектары “Цэнтральная Беларусь”, вятрак пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна і Прэабражэнская царква пачатку ХVІІІ стагоддзя з вёскі Барань Аршанскага раёна ў “Падняпроўі”. А праводзіць рэстаўрацыю некалькіх аб’ектаў адначасова проста немагчыма. На гэта элементарна не стае грошай, бо любыя такія работы — справа вельмі і вельмі дарагая.

Аднак, як бачна няўзброеным вокам, той жа хутар з вёскі Цімошкава не чакаў сваёй чаргі на рэстаўрацыю, а проста быў закінуты. Як адзначае старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, якога “К” папрасіла пракаментаваць гэтую сітуацыю, на дадзены момант помнік абсалютна дэградаваны.

Тая ж Святлана Лакотка падчас інтэрв’ю неаднаразова зазначыла, што прэвентыўная кансервацыя, якой быў падвергнуты комплекс збудаванняў хутара — справа не проста часовая, а вельмі кароткатэрміновая. Натуральна, помнікі архітэктуры трэба было падвяргаць рэгулярным аглядам, мяняць руберойд і праводзіць санапрацоўку. Мяркуючы па цяперашнім катастрафічным стане будынкаў, нічога гэтага, на жаль, не рабілася.

/i/content/pi/cult/668/14763/pages-4-5-copy.jpg

Грошы любой цаной?

— Затое музей выконвае і перавыконвае планы платных паслуг! — з гонарам адзначыў Эдуард Багдановіч.

Пазіцыю цяперашняга дырэктара можна зразумець, і яна шмат у чым падобная да пазіцый іншых дырэктараў устаноў культуры — і не толькі музеяў. Нізкія тарыфныя стаўкі, брак фінансавання ў належным аб’ёме нават для закупкі канцтавараў і туалетнай паперы для наведвальнікаў (пра супрацоўнікаў ужо і маўчым). А вельмі дарагая рэстаўрацыя музейных прадметаў і помнікаў архітэктуры ды падтрыманне іх у належным стане вымагаюць вялікіх сродкаў. Таму кожны вымушаны круціцца як можа.

Аднак пры выкананні планаў платных паслуг трэба памятаць, што мусяць быць прыярытэтам не мёртвыя лічбы, а музей і людзі, якія ў ім працуюць. Задуманы як спецыфічны культурны і турыстычны аб’ект, што нават сваім ландшафтам павінен быў паўтараць абрысы Беларусі і перадаваць ейны традыцыйны вясковы каларыт, сёння музей нас сустракае аляпаватым самалётным ангарам з узлётнай паласой, якія сваім выглядам ушчэнт руйнуюць вясковыя ідыліі.

І адкуль ні паглядзі з “Цэнтральнай Беларусі”, вока натыркаецца на іх і на новаўтвораную індустрыяльную канцэртную сцэну… Дзе ж ужо тут думаць пра вясковыя хацінкі, калі перад вачыма гэтыя гаргары? Антон Астаповіч, які і сам не адзін год прапрацаваў у музеі, выказваецца пра іх з абурэннем:

— Самалётны ангар, узлётная паласа, сцэна з металапрофілю — усё гэта вельмі прыкра. Дадзены музей — той асяродак, які павінен перадаваць дух народнай культуры. Дух жа перадусім перадаецца візуальным шэрагам. Колькі ні напаўняй яго фальклорнымі мерапрыемствамі, але калі іх заганяць на такую штучную пляцоўку, належнага эфекту не будзе.

Тое самае і з адноўленым не так даўно ветраком з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна, дарогу да якога і пляцоўку вакол яго зрабілі з падсыпной гранітнай крошкі. Калі быў створаны генплан і канцэпцыя музея, там сцвярджалася, што дарогі могуць быць выключна натуральныя альбо, насамрэч, брукаваныя. І гэта зразумела, бо такім чынам ствараецца аўтэнтычны выгляд.

— Больш за тое, і “гранітныя” дарогі, і ангар са сцэнай ніяк не адпавядаюць праектам зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, размешчаных у музеі, — перакананы Антон Астаповіч. — З пункту гледжання і аўтэнтыкі, і музейнай канцэпцыі, і беларускага заканадаўства гэта непрымальна.

Зразумела, што авіяпалёты і катанне на катары па Воўчкавіцкім вадасховішчы могуць памагчы выправіць фінансавы стан, але ж ці сапраўды патрэбныя музею гэтыя грошы — грошы любой цаной? Як сказана ў канцэпцыі развіцця скансэну, яго задачай з’яўляецца аб’яднанне жывой культуры і рэальнасці з культурнай спадчынай. І гэтым калісьці праславіўся “музей у Строчыцах”, як яго шмат хто называе. Хіба ж не адмыслова дзеля прапаганды спадчыны ён і быў створаны, і ці нельга было вынайсці арыгінальныя “этнаграфічныя забаўкі”, якія б прыносілі грошы ў скарбонку музея?

Самыя простыя і відавочныя варыянты, якія звычайна выкарыстоўваюць музеі падобнага профілю і якія не патрабуюць вялікіх высілкаў — гэта катанне на рэпліках аўтэнтычных саней ды брычак. А пры жаданні і фантазіі можна было б яшчэ шмат чаго прыдумаць. Зразумела, што “платныя паслугі” ў музея, асабліва ў наш час, павінны быць. Але і профільнасць установы павінна захоўвацца. Цяпер жа нават сайт музея пачынаецца з рускамоўнай старонкі.

— Гэта нонсэнс! — са скрухай адзначае Антон Астаповіч. — Як можа музей, які скіраваны на прамоцыю беларускай культуры, прэзентаваць сябе не праз беларускую мову? Дый нават у святочным календары яны ўжо адышлі ад традыцыйнага народнага “сонечнага” календара…

Антон Астаповіч выступае за тое, каб у структуры скансэна былі спецыялісты, якія б займаліся зарабленнем грошаў.

— Але музей — гэта перадусім установа навуковая і асветніцкая, — дадае ён. — Асноўным кірункам яе развіцця мусіць быць збор і захаванне калекцый, іх даследаванне, правядзенне навуковай работы. Гэта святое! Нельга дапусціць, каб музей ператварыўся ў пляцоўку для няпрофільных мерапрыемстваў. Выйсце з гэтага — у змене стратэгіі.

Ці здолее беларускі скансэн выканаць сваю функцыю па зберажэнні народнай традыцыі — пакажа час. Прынамсі, як абяцае Эдуард Багдановіч, той жа хутар з вёскі Цімошкава ўжо стаіць у чарзе на рэстаўрацыю. Пытанне толькі, ці дачакаецца ён гэтай чаргі.

Фота аўтара