Аднагодак Купалы

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Выстава “Беларусі прысвячаецца...” у Нацыянальным гістарычным музеі стала для мінчан яшчэ адной магчымасцю адкрыць для сябе падзабытае імя фатографа Льва Дашкевіча. Кропкай адліку для стварэння фатаграфічнай экспазіцыі былі два 135-годдзі: самога аўтара і Янкі Купалы. Аднагодкаў лучыла доўгае сяброўства.

/i/content/pi/cult/666/14755/17.jpgЛеў Дашкевіч — фатограф, які валодаў многімі ручнымі, “высакароднымі”, як кажуць прафесіяналы, тэхнікамі друку. Выкладчык прыродазнаўчых дысцыплін, мінчанін. Вучыўся ў Мінску, Вільні, Варшаве, Дыжоне і Парыжы, жыў і працаваў не толькі ў Еўропе, але і на Каўказе.

Нацыянальны гістарычны музей валодае найбольш поўным зборам здымкаў Льва Дашкевіча — каля 125 адзінак. Што адметна, яшчэ ў канцы 1990-х супрацоўнікі не ведалі, чые гэта фатаграфіі — яны захоўваліся ў розных канвертах. Удакладненне іх аўтарства запатрабавала нямала высілкаў. Актыўная і плённая праца вялася і пасля першай выставы Льва Дашкевіча ў 2002 годзе, якая, па сутнасці, стала адкрыццём гэтага імя для сучаснага гледача.

У мінулым годзе ізраільскія спецыялісты рэканструявалі 40 здымкаў фатографа. Гэты змястоўны дакументальны збор пра Беларусь міжваеннага перыяду ўжо паказалі ў Ерусаліме, Мінску, Львове, Астане. У калекцыю патрапілі якраз тыя кадры, дзеля якіх у 1923 годзе Дашкевіч выправіўся ў першую беларускую этнаграфічную экспедыцыю, каб для Маскоўскай выставы сабраць візуальныя дакументы аб занятках, традыцыйным побыце, вонкавым выглядзе беларусаў. І вось, да 135-годдзя Дашкевіча музей рызыкнуў выставіць каля 100 святлоадчувальных арыгіналаў, якія захоўваць належыць у асаблівых умовах.

У сучасным крытычным дыскурсе праца з архівам разглядаецца вельмі разнастайна: не толькі як папаўненне акадэмічнага “складу” фактаў, але і як абарона грамадскай памяці аб гістарычных эпохах і лакальных кантэкстах, як рэсурс для абмену ідэямі або матэрыял для мастацкіх практык, для навуковай інтэрпрэтацыі раз’яднаных крыніц. І ўсё гэта — папулярызацыя гісторыі для шырокага кола.

Якую ж спадчыну пакінуў нам Леў Урбановіч Дашкевіч? Яго фатаграфiя вельмі пэўная: вось залы Беларускага дзяржаўнага музея ў 1923 годзе, яго інтэр’еры і фасад, вось гарадскія і сельскія пейзажы, вось жанравыя кадры — напрыклад, у майстэрні краўца. Вось так выглядаў палац Тышкевічаў у Лагойску ў тым самым 1923 годзе. Вось мінскае замчышча. Вось партрэт Язэпа Драздовіча. Вось калектыўныя фота, якія адлюстроўваюць тыя ці іншыя сацыяльныя групы — служачых, сялян, дзяцей, жанчын у полі…

/i/content/pi/cult/666/14755/18.jpgНарэшце, знакаміты партрэт жонкі аўтара Зінаіды Ануфрыеўны — гімн фатаграфічнай рамантыцы. Першы здымак зроблены ў Ерэване недзе ў 1912 — 1913 гадах. Калі ў юнацтве вочы мадэлі былі прыплюшчаны, дык які ж сумленны і моцны яе погляд на другім фота! Ён нібы адлюстроўвае перажытую эпоху. Кадр зроблены ў Маскве ўжо ў 1950-я, калі аўтару заставалася ўсяго некалькі гадоў жыцця.

Асобны раздзел выставы прысвечаны сяброўcтву Дашкевіча і Купалы. Ёсць тут і ці не самае вядомае фота Песняра, зробленае ў 1923 годзе. Паэт быў у панурым настроі, здымка катэгарычна не складалася. Дашкевіч ніяк не мог дапамагчы сябру расслабіцца, адысці ад змрочных думак. Але калі жонка з люстэркам у руках — для лепшага адлюстравання святла — апусцілася на калені, Леў Урбанавіч пажартаваў з гэтай нагоды, і на твары паэта з’явілася паўусмешка. Адно з такіх імгненняў і засталося ў кадры. І трэба адзначыць, Дашкевіч быў майстрам гэтых ледзь улоўных, лятучых эмоцый.

Не толькі хрэстаматыйны кадр, але і яшчэ некалькі артэфактаў з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы распавядаюць аб сяброўстве юбіляраў — гэта газеты “Савецкая Беларусь” 1925 года выдання з афіцыйным партрэтам Купалы, які выканаў таксама Дашкевіч — з розніцай усяго ў год, да юбілею літаратурнай дзейнасці. Вобраз атрымаўся вельмі халодным.

Па словах дырэктара музея Алены Ляшковіч, не менш, чым дата нараджэння, нашых герояў родняць 1920-я гады. Яны патрапілі пад рэпрэсіі па адной справе — аб міфічным “Саюзе вызвалення Беларусі”. Быў у іх адносінах і значна больш пазітыўны эпізод — супрацоўніцтва ў складзе навукова-тэрмiналагiчнай камiсii. Таму ідэя куратара Надзеі Саўчанка аб’яднаць у адной выставе двух дзеячаў культуры, даследаваць іх агульнае асяроддзе — безумоўна, цікавая і творчая.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст