Не “Cheese!” скажам разам, а “Сы-ы-р-р!”

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Слаўгарадскі раён спрабуе сілы ў “грантавытворчасці”
Эканамічныя магчымасці Слаўгарадчыны можна дакладна ахарактарызаваць толькі некалькімі фактамі. Частка ўстаноў культуры тут і па сёння мае пячное ацяпленне. У раёне няма мабільнай бібліятэкі. Аўтаклубаўская замена толькі ўзмацняе праблему рэабілітацыі краю, што знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага ўплыву. І яшчэ. Насельнікаў гасцініцы ў той дзень адміністрацыя папярэдзіла: “З-за аварыі ноччу будзе адключана вада, магчыма і адключэнне ацяплення”. І толькі неймавернымі высілкамі камунгасаўцаў вада пад раніцу з’явілася, а ацяпленне ўвогуле не спынялася. Вось пра гэткія ж высілкі, толькі ў сферы рэгіянальнай культуры, і пойдзе гаворка.

/i/content/pi/cult/666/14750/13.jpg

 

Новая рубрыка — гэта чарговы праект рэдакцыйнага аддзела рэгіянальнай культуры. Мы зноў наведаем кожны са 118-ці раёнаў Беларусі. Але гэтым разам засяродзімся не на рэпартажным апісальніцтве, а на аналітыцы з’яў, абставін, тэндэнцый. Восем гадоў таму мы завяршылі стварэнне “партрэтнай галерэі”, дзе прэзентавалася культура кожнага з нашых рэгіёнаў. Цяпер карціць высветліць, як за гэты час відазмянілася “экспазіцыя”. Гаворка пойдзе не толькі аб праектнай дзейнасці і эканамічных захадах, але і пра канкрэтных выканаўцаў канкрэтных спраў. Так што галерэю брэндаў дапоўнім галерэяй асоб. Зададзенасць новай рубрыкі зусім не азначае, што пасля наведвання, скажам, Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, журналіст зможа паўтарыць сюды візіт толькі пасля таго, як пабывае ў 117-ці наступных раёнах. Для асвятлення самых розных, так бы мовіць, пазаштатных сітуацый ёсць у нас шмат іншых рубрык: “Крытычная маса”, “Рэпарцёрскі марафон”, “Соцыум”, “Тэндэнцыі”… Так што наракаць на недахоп журналісцкай увагі не давядзецца.

Для маленькага і не надта заможнага ў эканамічным плане раёна творчых напрацовак тут ўзнікла вельмі шмат. У абласным метадычным цэнтры такое паляпшэнне сітуацыі тлумачаць збольшага тым, што на пасаду начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі прыйшла Алена Шаўцова — ідэолаг з немалым стажам. Той не надта часты выпадак, калі работнікі культуры прынялі яе “як сваю”. І менавіта ў Слаўгарадзе дзейнічае цяпер абласная інавацыйная пляцоўка па развіцці (цытую афіцыйныя паперы) “досведу працы ў сістэме духоўна-маральных каштоўнасцей”. Тут праходзяць стажыроўку спецыялісты з вобласці. І менавіта ў Слаўгарадзе паступова і пакрысе вучацца ўзаемадзейнічаць з самымі рознымі замежнымі грантадаўцамі і шчыльна супрацоўнічаць з мясцовым фондам развіцця сельскіх тэрыторый “Адраджэнне “Агра”. Па словах кіраўніка гэтай грамадскай некамерцыйнай арганізацыі Віталя Вараб’я, за апошнія сем гадоў у сацыяльна-культурную сферу раёна ўкладзена 250 тысяч грантавых еўра. Давайце паглядзім, што атрымалася.

Пагуляць у салдацікі

Першы брэнд з’явіўся ў 2008 годзе. Я тады быў у вёсцы Лясная і бачыў, як мясцовая бібліятэка пераўтварылася ў музей. Нагадаю, што менавіта ў тых мясцінах у 1708 годзе Пётр І перамог шведскі корпус генерала Левенгаўпта. Не дзіва, што гістарычная цікавостка стала адметнасцю раёна. Я папытаў у дзяцей маіх сталічных сяброў, што яны ведаюць пра Паўночную вайну. Нічога. Вось вам цудоўная нагода, шаноўныя сябрукі, для сямейна-педагагічнай вандроўкі. Не для таго, каб колішніх ворагаў адшукаць, а каб ведаць мінуўшчыну роднай Беларусі. Пачаць можна з агляду шведскіх ядраў у сценах камайскага касцёла, што на Пастаўшчыне. А закончыць неабходна ў Лясной. У 2008-м з нагоды 300-годдзя згаданай бітвы ў мясцовай бібліятэцы з’явілася экспазіцыйная зала. І па сёння тут згадваюць, на якой цудоўнай беларускай мове выступаў на адкрыцці музея шведскі пасол Эрыксан.

Музейны прэцэдэнт у Лясной быў створаны. На гэтым работнікам культуры можна было і спыніцца. Але ініцыятыву, падмацаваную еўрасаюзаўскай грашовай падтрымкай, стрымаць нельга. Летась бібліятэчная музейная экспазіцыя пашырыла памеры і прырасла своеасаблівым музеем пад адкрытым небам. На спецыяльна агароджанай тэрыторыі з’явілася магчымасць пагуляць у салдацікі. Іх пластыкавыя выявы ў натуральную велічыню, макеты-муляжы гармат, зброю, сцягі армій, адзенне, выявы абозу ды царквы набылі таксама за грантавыя грошы. Больш за тое, бібліятэка папоўнілася камп’ютарным абсталяваннем, капіравальнай тэхнікай, фотаапаратам. З’явілася магчымасць ладзіць ваенныя рэканструкцыі і касцюмаваныя тэатралізацыі. Вы бачылі б, з якім задавальненнем турысты (дый мясцовыя) пераапранаюцца ў афіцэраў ды маркітантак! У дзею ўключаецца ці не ўсё насельніцтва Лясной, балазе імправізаваны касцюм беларускага вяскоўца ў ахвотных — заўжды пад рукой.

За год у музейчыку пабывала паўтары тысячы турыстаў. Малавата. Хоць і супрацоўнічаюць тут з самымі рознымі тураператарамі, але маштабнай рэкламы (у тым ліку і прывабнай прыдарожнай) пакуль не стае. Бібліятэчныя буклецікі — справа добрая, але невырашальная. Шкада, не давялося сустрэцца з айцом Георгіем, які служыць у мясцовым Свята-Петрапаўлаўскім храме, пастаянна чытае нашу “Культуру” і на любы конт мае сваё меркаванне.

Мая б воля, стварыў бы рэспубліканскі турмаршрут з рабочай назвай “Іх ваяўнічая нага ступала па беларускай зямлі”, дзе гаворка ішла б і пра Карла ХІІ, і пра іншых заваёўнікаў. Вельмі вялікі маршрут атрымаўся б. Але і вельмі павучальны.

Крыніцу перайсці

Другая самабытнасць Слаўгарадчыны — Блакітная крыніца, помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Спакон веку на Макаўе (14 жніўня) збіраюцца паломнікі не толькі з Прысожжа — з усёй Беларусі і з замежжа. І рэклама не патрэбна. Крыніца знаходзіцца ля выселенай вёскі Кліны (ад яе толькі яблыні засталіся), а гэта кіламетраў з дзесяць ад райцэнтра. Гараджане кажуць, што калі на пантонным мосце здараюцца затрымкі, дык аўтамабільны корак пачынаецца аж ад колішняй паштовай станцыі ў цэнтры Слаўгарада. Уяўляеце, колькі ахвотных наведаць святую гаючую крыніцу, дзе ў невялічкім азярцы б’е 120 ключоў?

Мясцовыя работнікі культуры, натуральна, не маглі абысці ўвагай такі намолены аб’ект. І справа не толькі ў тым, што з 2013 года тут ладзіцца свята-фестываль “Макавей” з богаслужэннем і хросным ходам ды рэгіянальны фальклорны конкурс “Спас — усяму час” (усё гэта ў выніку дало падставы для таго, каб традыцыя паломніцтва і пакланення крыніцы займела статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці). Для мяне не менш важным стала і тое, што калісьці гэта была проста адселеная тэрыторыя, дзе жывой заставалася толькі ярка-блакітнае азярцо. Цяпер тут вырас цэлы гарадок з брамай, драўлянымі скульптурамі, альтанкамі, масткамі, сонечнымі батарэямі для начнога асвятлення гэтага добраўпарадкаванага кутка.

Нават у золкі лістападаўскі дзень да крыніцы пастаянна пад’язджалі легкавікі. Мясцовая вада сапраўды гаючая (мае ўнікальны хімічны склад), і крыніцу, па паданнях, трэба некалькі разоў перайсці басанож. А з гэтага года фестываль “Макавей” пабагацеў яшчэ і на адкрытую эка-этнаакцыю “Песні пра крыніцы”. Аказваецца, колькі святых крыніц на Беларусі, столькі і песень пра іх.

Намеснік дырэктара цэнтральнай бібліятэкі Наталля Шамалава падаравала мне самае папулярнае выданне сваёй установы — “Малітвы ля Блакітнай крыніцы”. “Прасвятая вадзіца, ад усіх бед памачніца! Вадзіца — у мора, з мяне — усё гора”. Вы не паверыце, дапамагло!

Выйграць казла

Трэцяя цікавостка — самая смачная. Гаворка пра вясновы Сырны фэст. Афіцыйна ён называецца гастранамічным фестывалем. Сёлета прайшоў шосты па ліку. Уявіце, вы на галоўнай плошчы Слаўгарада. Вакол вас — гандлёвыя рады, кірмаш-продаж з дэгустацыяй. Вакол — спевы ды танцы, а вы толькі што выйгралі ў латарэю казла. Шчасце бязмежнае! А вы ў дадатак яшчэ і сырам частуецеся. Сырам з пахам часнаку. А можна таксама і з пахам кропу, кавы ці
разынак. Вы можаце ўявіць такую раскошу? Калі не, прыязджайце ўвесну ў Слаўгарад. Ён на сёння як мышалоўка для аматараў якаснага і далёка не бясплатнага сыру. За якасць, як вядома, трэба плаціць. А на Слаўгарадчыне спрадвеку ўмелі рабіць адно толькі сырную смакату вышэйшага гатунку. Сырны фэст гэта і пацвярджае штораз.

Тут, пагадзіцеся, і асаблівай грашовай падтрымкі не патрабавалася. Варта было сабраць патомных сыраробаў ды аб’яднаць іх агульнай ідэяй не толькі адраджэння сямейных традыцый, але і прапаганды адметных па смаку сычужных, тварожных, плаўленых хатніх сыроў. У “сырнай” суполцы цяпер — пятнаццаць кабет. Ёсць сярод іх і работнікі культуры. На чале “гастранамічнага кааператыву” — прадпрымальная Людміла Ерафеева. Вынік дзейнасці — паўсотні адноўленых рэцэптаў сыроў, сярод якіх — і мацарэла, і брынза, і сулугуні... Кожны з гатункаў прэтэндуе на статус матэрыяльнай і надзвычай апетытнай гісторыка-
культурнай каштоўнасці нашай краіны.

На мой погляд, ёсць яшчэ адна карысць ад дзейнасці слаўгарадскіх сыравараў: для вырабу прадукцыі абавязкова трэба мець у свойскім утрыманні кароў ці коз. Хоць нейкая ды гарантыя для захавання прыватнага статка. У маёй роднай Ветцы карову ў хатняй гаспадарцы днём з агнём цяпер не знойдзеш.

Сыраробаў можна сустрэць і падчас тэатралізацый у Лясной, і ля Блакітнай крыніцы на “Макавей”. Словам, апошнім часам вельмі з’яднаўся калектыў работнікаў культуры раёна. Прынамсі, раней я такой еднасці не заўважаў. Дык ёсць вакол якіх спраў яднацца. І для таго, каб зрабіць агульны партрэт цяперашняй жыццяздольнай ды жыццярадаснай культуры рэгіёна, папрашу кожнага вымавіць не нейкае там замежнае “Cheese!”, а толькі слаўгарадскае радаснае “Сы-ы-р-р!” Бачыце, як цудоўна атрымалася?!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"