Галасуем за нашых

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Дзіцячы музычны конкурс “Еўрабачанне-2017” пачаўся 20 лістапада ў Тбілісі. Заўтра ў фінале Хелена Мерааі (на здымку), якая сёлета прадстаўляе Беларусь, выступіць з песняй “Я самая” пад пятым нумарам.

/i/content/pi/cult/666/14741/helena-33333333333_opt.jpeg“К” ужо пісала пра тое, што Хелена — карэнная мінчанка. Прозвішча дасталося ёй ад бацькі, ураджэнца Сірыі, які ўжо больш за трыццаць гадоў жыве ў Беларусі. Спявае дзяўчынка з маленства, вучыцца ў гімназіі і ў восьмай дзіцячай музычнай школе імя Рыгора Шырмы. Да “Еўрабачання” яе рыхтавала Вольга Драздова. Для Хелены гэта не першы сур’ёзны конкурс — яна ўдзельнічала ў расійскім тэлепраекце “Голас” і выступала там у складзе каманды Дзімы Білана, а таксама скарала “Новую хвалю” ў Юрмале як удзельніца трыа “Эйва”.

У нядзелю 26 лістапада Хелена Мерааі выступіць пад пятым нумарам з шаснаццаці. Акрамя Беларусі, у спаборніцтве прымаюць удзел вакалісты з Албаніі, Арменіі, Аўстраліі, Грузіі, Ірландыі, Італіі, Кіпра, Македоніі, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Сербіі.

Сёлета ў сістэму галасавання ўнесены змены: жыхары краін-удзельніц змогуць падтрымаць сваіх выканаўцаў у інтэрнэце — галасаванне ўжо пачалося ўчора на афіцыйным сайце “Еўрабачання”. На час фінальнага шоу яго спыняць, а пасля ўсіх выступаў зноў адкрыюць на 15 хвілін. Для таго, каб далучыцца да інтэрнэт-галасавання, трэба праглядзець спецыяльны відэаролік і абраць трох ці пяць канкурсантаў, якія спадабаліся больш за ўсіх.

Рашэнне гледачоў паўплывае на выбар пераможцы дзіцячага “Еўрабачання-2017” — ён будзе абраны ўжо традыцыйным шляхам 50 / 50: палову балаў кожнаму канкурсанту даюць галасы гледачоў, а другую палову — галасы спецыяльнага журы. Галоўны прыз — Шкляны мікрафон — атрымае той удзельнік, чыя песня набярэ больш за ўсё балаў.

Нягледзячы на тое, што Грузія ўжо тры разы — у 2008, 2011 і 2016 гадах — перамагала ў конкурсе, “Еўрабачанне” ўпершыню праходзіць у Тбілісі. Але незалежна ад вынікаў сёлетняга конкурсу, у лістападзе наступнага года сталіцай “Еўрабачання” ў другі раз стане Мінск.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"