Дэфіле па-турэцку

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

З 26 па 30 лістапада ў Мінску і Маладзечне пройдуць Дні культуры Турэцкай Рэспублікі.

/i/content/pi/cult/666/14738/1111111111111112223344_opt.jpegЯк паведамілі “К” у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, замежную дэлегацыю ўзначаліць намеснік міністра культуры і турызму Турэцкай Рэспублікі Хусейін Яйман.

Афіцыйнае адкрыццё Дзён культуры Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам міністра культуры нашай краіны Юрыя Бондара адбудзецца 28 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гледачоў чакае насычаная канцэртная праграма: выкананне турэцкіх оперных твораў, дэманстрацыя традыцыйных турэцкіх строяў, выкананне народных танцаў. У фае Белдзяржфілармоніі будзе працаваць фотавыстава, прысвечаная Турцыі.

Днём раней, 27 лістапада, у сталічнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыецца выстава турэцкіх традыцыйных народных рамёстваў, нацыянальных касцюмаў і вырабаў майстроў. На прэзентацыі экспазіцыі прагучыць інструментальная музыка і адбудзецца міні-дэфіле — паказ традыцыйных турэцкіх строяў для ўсіх гасцей мерапрыемства. Таксама ў гэты дзень у галерэі можна будзе ўбачыць яшчэ і выставу негатываў на шкле “Сляды Стамбула: ад імперыі да рэспублікі”.

У рамках Дзён культуры 29 лістапада адбудзецца яшчэ адзін святочны канцэрт у Палацы культуры горада Маладзечна. Фотавыставу замежных гасцей таксама перавязуць туды з фае Белдзяржфілармоніі.

Мінулай восенню сваю праграму ў Турэцкай Рэспубліцы прадстаўляла беларуская дэлегацыя.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"