На здымку: Эвеліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд рыхтуюць “іонную пастку”.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
— Больш за ўсё нас натхняе менавіта далікатная сутворчасць з прыродай, — дадае другая аўтарка Эвеліна Домніч.
Гэты тандэм не проста натхняецца звышпрасунутымі навуковымі эксперыментамі — ён пераўтварае іх у паўнавартасныя творы мастацтва, здатныя здзівіць гледача як глыбінёй задумы, так і візуальным увасабленнем. Гукавыя хвалі становяцца бачнымі няўзброеным вокам, утвараючы эфемерныя бы аблокі палі. Пухіры вадароду робяцца падобнымі да руху нябесных светачаў. Іанізаваныя споры расліны лікаподзій, змешчаныя ў электрычную “пастку”, выконваюць дзівосны і гарманічны танец.
— На аснове гэтай тэхналогіі навукоўцы сёння спрабуюць стварыць квантавы камп’ютар, — каментуе апошнюю інсталяцыю Эвеліна Домніч.
Гэтыя работы выяўляюць мала ўцямныя для простых смяротных фізічныя працэсы настолькі эфектна, што можна не сумнявацца: выстава будзе карыстацца не абы-якой папулярнасцю. Лепшага спосабу папулярызацыі навуковых ведаў нават і не знайсці. Наведвальнік можа не толькі паназіраць за жыццём на малекулярным узроўні, але і пераканацца, што навука — гэта прыгожа.
Выпускніца філасофска-эканамічнага факультэта БДУ Эвеліна ДОМНІЧ на пачатку 1990-х выправілася ў Нью-Ёрк, каб працягнуць адукацыю ў гэтай жа галіне. Аднак неўзабаве пасля знаёмства з пецярбуржцам Дзмітрыем Гельфандам ёй было наканавана стаць мастачкай.
— Алхімічнымі вопытамі са святлом, парай, рознымі вадкасцямі мы з Дзмітрыем пачалі займацца выключна для сябе, — кажа яна. — Але нашы сябры імі моцна зацікавіліся, і мы зразумелі, што гэта варта паказваць публіцы. Пачыналі працаваць у Нью-Ёрку, а гадоў 12 таму пераехалі ў Нідэрланды, дзе цікавасць да такога мастацтва проста зашкальвае. Хаця і ў ЗША ў нас нямала выстаў — акурат цяпер адна з іх адбываецца ў Індыяне.
— Як адбываецца сам працэс стварэння інсталяцый?
— Наша лабараторыя навукі і мастацтва “Сінергетыка” базуецца на фізічным факультэце Свабоднага ўніверсітэта Амстэрдама. Мы блізка супрацоўнічаем з цэлым шэрагам навукоўцаў у Санкт-Пецярбургу, Парыжы, галандскіх гарадах, абапіраючыся ў сваёй працы на дасягненні соцень людзей. Наша галоўная задача — данесці вынікі іх працы да свядомасці шырокай аўдыторыі. Бо звычайны чалавек не гатовы ўспрымаць сухую навуковую інфармацыю — хаця б таму, што гэта складана.
— Мастацтва традыцыйнае прадугледжвае найперш пачуццёвае ўспрыманне, мастацтва канцэптуальнае — перадусім інтэлектуальнае. А які інструментарый патрабуе ваша мастацтва?
— Абодва. Нашы работы непасрэдна ўспрымаюцца органамі пачуццяў чалавека, і менавіта гэтым яны адрозніваюцца ад навуковых вопытаў, дзе ад пачуццяў важна максімальна дыстанцыявацца. Даследчыкі нават лічаць за лепшае замяняць вока назіральніка аб’ектывам камеры — каб поўнасцю ўнікнуць суб’ектыўнасці. А мы, наадварот, не працуем з тымі феноменамі, якія не ўспрымаюцца з дапамогай пачуццяў. Аднак калі ў гледача з’яўляецца жаданне занурыцца ў сэнс задзейнічаных намі працэсаў і задацца пытаннем, чаму ўсё так адбываецца, мы, вядома, будзем вельмі рады.
— Многія гледачы абавязкова шукаюць у мастацкіх творах нейкі, як цяпер кажуць, “мэсэдж”…
— Мы не працуем з сімвалічнай мовай і ні пра што не імкнёмся распавесці. Мы ставім мэту задзейнічаць правае паўшар’е мозга, якое стварае сінкрэтычную карціну свету. Левае паўшар’е ў сучаснага чалавека і без таго развітае надта добра, але ж далёка не ўсё можна выявіць з дапамогай слоў! Прыкладам, кветкі прамаўляюць да нас зусім іначай. Лічу, нам вельмі важна аднавіць гэты непасрэдны кантакт з жывым рэчывам.
— Адпаведна, у вашых творах пераадольваецца старое супрацьстаянне фізікаў і лірыкаў, пачуццёвага і рацыянальнага спазнання свету?
— Прынамсі, мы да гэтага імкнёмся. Як падаецца, усе навукоўцы, з якімі нам давялося супрацоўнічаць, — а далёка не кожны навукоўца можа спрацавацца з мастаком — гэта і фізікі і лірыкі адначасова. Вельмі важна, каб абодва паўшар’і мозгу былі задзейнічаныя. Таму і ў Еўропе, і ў Амерыцы актыўна прапагандуецца міждысцыплінарнасць, ідзе рух ад звышспецыялізацыі да стварэння агульнай карціны, наладжваецца сумоўе розных галінаў ведаў, дыялог тых самых фізікаў і лірыкаў. Ніхто ўжо не разглядае навуку адасоблена ад этычных наступстваў і яе ролі ў грамадстве. Таму і супрацоўніцтва мастакоў ды навукоўцаў становіцца актуальнай тэндэнцыяй. У Еўропе ёсць процьма адмысловых праграм, якія яго падтрымліваюць.
— Некалі беларускі навукоўца Якуб Наркевіч-Ёдка ў сваім маёнтку ставіў ашаламляльныя вопыты з электрычнасцю, здзіўляючы пры гэтым папраўдзе рэнесансавым універсалізмам…
— Шчыра кажучы, я не знаёмая з яго работай, але з цікавасцю пра яе даведаюся. Нават дзіўна, што мне ніколі не даводзілася чуць пра гэтага беларускага Тэслу. Затое, вельмі моцна на нас паўплывала фігура Вярнадскага. Ён пачаў як геолаг, але развіваўся ў спалучэнні розных відаў навукі, вывучаючы такія тэмы, як экалогія або біяхімія. Перакананая, што толькі з дапамогай фізікі немагчыма спазнаць свет да канца. Прыкладам, нас цікавяць адрозненні жывога і нежывога рэчыва. На якім узроўні адбываецца пераход паміж імі? На гэтае пытанне навука дасюль не мае пэўных адказаў. У некаторых нашых работах нежывое рэчыва — тыя ж электрычныя палі — паводзіць сябе вельмі біяморфна і нават псіхаморфна. Адпаведна, патэнцыял да жыцця на самым глыбінным узроўні закладзены ў самой матэрыі. І чым болей ты занурваешся ў навуку, тым болей у цябе ўмацоўваецца інтуітыўная ўпэўненасць у гэтым. Што накладае пэўныя адносіны да любога рэчыва ў сусвеце.
— Адпаведна, без інтуіцыі не абысціся нават у дакладных навуках?
— Так, вядома! Для мяне добры навуковы эксперымент — гэта як арт-інсталяцыя, якую немагчыма стварыць толькі з дапамогай логікі. Заўсёды павінен быць нейкі пробліск фантазіі, і толькі адзінкі сярод навукоўцаў здатныя на такое. Таму і не дзівішся, што дырэктар лабараторыі флюіднай дынамікі ў Францыі, з якім мы пастаянна супрацоўнічаем, у вольны ад працы час робіць творы мастацтва. Нам ён гэта патлумачыў тым, што як навуковец не можа казаць пра многія важныя рэчы, бо існуюць пэўныя рамкі. І менавіта мастацтва дазваляе яму выяўляць свае інтуіцыі і эмацыйную заклапочанасць, звязаную, скажам, з той самай экалогіяй.
— Ці паўплывала на вашу мастацкую практыку філасофская адукацыя?
— Ля вытокаў філасофіі стаялі пытанні фізікі: як нарадзіўся сусвет, з чаго ён створаны? Адказ на іх сёння шукаюць менавіта дакладныя навукі. А нас на самым пачатку цікавілі менавіта фундаментальныя рэчы, якія бліжэй да філасофіі: што такое святло, прастора, пустэча? І мы прыйшлі да высновы, што сёння самыя цікавыя адказы на гэтыя пытанні дае навука — яна мае куды большыя магчымасці, ніж мелі філосафы старажытнай Грэцыі, якія маглі хіба што назіраць за небасхілам. Генеалагічна з паэзіі нарадзілася філасофія, з філасофіі — алхімія, з алхіміі — хімія і фізіка. Хто ведае, можа, з часам навука трансфармуецца ў нешта наступнае.
— Як вы лічыце, ува што?
— Вельмі складана прадказаць. Вядома, многія цяпер памяшаныя на big data і ўсім гэтым статыстычным аналізе. Я не вельмі ім захапляюся. Для мяне навука і мастацтва — гэта найперш тэхнікі, якія дазваляюць развіваць свядомасць чалавека. А штучны інтэлект, па-мойму, робіць адваротныя рэчы.
— Што адбываецца са свядомасцю ў звязку з агульнай даступнасцю высокіх тэхналогій?
— Калі чалавек пастаўлены ў тыя варункі, пры якіх развіццё яго свядомасці — гэта пытанне жыцця або смерці, свядомасць будзе развівацца куды больш інтэнсіўна і раскрывацца ва ўсім сваім патэнцыяле. Цяпер жа прагрэс пайшоў так далёка, што мы ўжо не разумеем, як гэта ўсё працуе. Таму нашаму асабістаму развіццю новыя тэхналогіі наўрад ці спрыяюць. За кошт высокага ўзроўню кааперацыі індывідууму не трэба самастойна вырашаць важныя для яго пытанні. Усё робіцца нібы само па сабе і часцяком выходзіць з-пад нашай адказнасці і кантролю. Мы нават не ведаем, куды ідзе тое смецце, якое штодня выкідаем у кантэйнер ля дома. Хаця гэтае пытанне важнае для кожнага: нельга аддзяліць чалавека ад прыроды, яны павінны развівацца разам. Так, менавіта развівацца — хоць гэта становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.