Перашкода на рэйках заспакаення

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча да ўдзелу ў Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі заявіў спектакль “Кропкі на часавай восі” па п’есе Дзмітрыя БАГАСЛАЎСКАГА. Запатрабаваны як у Беларусі, так і за межамі краіны прадстаўнік новай плыні айчыннай драматургіі, акцёр Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, Дзмітрый спецыяльна для “К” распавёў пра сваё бачанне феномену сучаснай беларускай драматургіі і акрэсліў, чаму дрэнна, калі творца становіцца ў прафесіі на рэйкі заспакоенасці.

/i/content/pi/cult/665/14729/_MG_6641_opt.jpeg- За апошні год неаднаразова ад чыноўнікаў і тэатразнаўцаў было чуваць, што фэсту ў Бабруйску неабходна пакрысе відазмяняцца, каб выйсці на новы ўзровень падачы нацыянальнага матэрыялу. Таму да арганізацыі фестывальных мерапрыемстваў сталі актыўна прыцягваць Цэнтр сучаснай драматургіі.

— Сёлетні вопыт — не першы. Яшчэ два гады таму мы выпраўляліся ў Бабруйск добрым дэсантам: былі прадстаўнікі і Цэнтра беларускай драматургіі РТБД, і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Тады мы распачалі чыткі, прынамсі, працавалі з п’есамі Паўла Расолькі і Максіма Дасько. На тэкст апошняга звярнула ўвагу рэжысёр Алена Сілуціна — і ў рэпертуары бабруйскага тэатра ўзнік спектакль “Лондан”. Мне падаецца, дзякуючы гэтаму матэрыялу, рэгіянальны тэатр ажывіўся, стаў актыўна выязджаць на міжнародныя фестывалі.

Важна і правільна, што ў Бабруйску ідзе не толькі прагляд спектакляў, але і ладзіцца пэўная фестывальная праца. Мінулым разам мы на працягу 4 — 5 дзён збіралі матэрыял пра прымаючы нас горад. У выніку зрабілі невялікі вербацім пра Бабруйск і яго жыхароў. Тая чытка атрымала добрыя водгукі ад крытыкаў і журы фестывалю. Сёлета рэжысёр Аляксандр Марчанка з драматургам Віталём Каралёвым працягнуць эксперымент: у рамках творчай лабараторыі будуць ладзіць спектакль-праменад у гарадской прасторы “ПраБабруйск”.

На маю думку, тэатр заўсёды павінен быць трансформерам, яму нельга існаваць у рамках
толькі адной якой-небудзь структуры. Цудоўна, калі абласны калектыў шукае новыя формы для традыцыйнага фестывалю.

— Для вас існуе які-небудзь паказчык таго, што “фестываль атрымаўся”?

— Фестываль — не толькі для гледачоў. У першую чаргу ён патрэбны для абмену вопытам непасрэдна тэатральным дзеячам. На некалькі дзён у адну кропку з’язджаюцца калектывы з усёй краіны — гэта цудоўная магчымасць даведацца пра работу сваіх калег. Хацелася б, каб удзельнікам давалі магчымасць заставацца на фестывалі на ўвесь тэрмін, а не з’язджаць адразу пасля свайго выступлення...

— Вы — сталы ўдзельнік расійскага фестывалю маладой драматургіі “Любімаўка”. Які яго вопыт для вас найбольш карысны?

— Самае каштоўнае для мяне на “Любімаўцы” — абмеркаванне. Пасля кожнай чыткі ў зале застаюцца гледачы і прымаюць удзел у размове на роўных з крытыкамі, драматургамі. Бывае, крытыкі гавораць, дапусцім, “не хапіла развіцця ідэі”, “слаба выпісаны канфлікт”, а гледачы ўступаюць у палеміку, у іх п’еса, што гаворыцца, патрапіла. Хто ў Беларусі стала ладзіць абмеркаванні? Хіба толькі РТБД. А для аўтара і артыста важна разумець, у якой плоскасці яны зараз знаходзяцца, ці на адной пляцоўцы з гледачом, альбо займаюцца нечым, што нібы завецца мастацтвам, але публіку за жывое не хапае?

— Ды ўсё больш сярод тэатральных дзеячаў тых, хто заяўляе, што погляд іншых іх не цікавіць....

— Любое меркаванне павінна існаваць, аднак навошта баяцца крытыкі? Лепш успрымаць свет у тым разуменні, што табе зла ніхто не жадае. Трэба вучыцца гаварыць “дзякуй”, бо любое прааналізаванае вамі меркаванне — зачын на будучую работу. На ўзгаданай “Любімаўцы” сярод удзельнікаў нямала тых, хто ўпершыню бачыць сваю п’есу на сцэне. Няхай толькі ў выглядзе чыткі, але пастаўленай дыпламаваным рэжысёрам, з удзелам прафесійных акцёраў. Таму і першы водгук пачуць — таксама вельмі важна для аўтара. Арганізатары часта паўтараюць, што сам па сабе фестываль — гэта крэдыт даверу. П’еса можа быць недасканалай, але ў ёй бачны патэнцыял, аўтар, можа, на наступны год зробіць дзесяць крокаў наперад. На нашым фестывалі нацыянальнай драматургіі, мне падаецца, артыстам і аўтарам таксама вельмі важна пачуць аргументаванае меркаванне.

Іншая справа, калі неабходна адстаяць сваю кропку погляду. Напрыклад, калі я ставіў у Маладзёжным тэатры Dreamworks, на мастацкай радзе мне прапанавалі яго скараціць, спасылаючыся на тое, што тры гадзіны для спектакля занадта. Я растлумачыў, што асабіста дамаўляўся з Іванам Вырыпаевым на пастаноўку яго п’есы, пра скарачэнні размовы не было. Наогул, не разумею такое стаўленне да аўтара: калі нешта не падабаецца ў п’есе, ці не лепш адразу ўзяць іншую?

— Дзе тая мяжа, пасля якой узаемаадносіны драматурга і рэжысёра губляюць адчуванне супрацоўніцтва? Мы бачым, як, напрыклад, Мікалай Пінігін не змог дамовіцца з драматургам Канстанцінам Сцешыкам…

— Па маім адчуванні, на дадзены момант для большасці айчынных і многіх тэатраў Расіі, Украіны аўтара не існуе. Здавалася б, паміж тэатрам і драматургам заключаецца дагавор, у якім прапісаны ўсе ўмовы, аднак на справе мала якія ўстановы тыя замацаваныя заканадаўствам нюансы выконваюць. З майго вопыту: у юрыдычным дакуменце пазначана, што кожныя тры месяцы тэатр павінен дасылаць мне справаздачу па прададзеных білетах і даводзіць, якія адлічэнні з гэтай сумы належаць мне. Дзяржаўныя ўстановы гэтым не займаюцца. А вось прыватныя ў гэтым выпадку больш адказныя.

Калі мы гаворым пра сітуацыю ў Купалаўскім тэатры, дык справа ізноў ідзе да падпісанага ўстановай дагавору: у ім дакладна пазначана, што тэкст п’есы “Запалкі” змяняць без дазволу аўтара нельга. Наступны момант: Косця Сцешык жыве ў Мінску, Таццяна Ларына ставіць спектакль у тым жа горадзе, дык чаму нельга паклікаць драматурга на рэпетыцыі і ўсё абмеркаваць? Калі ў Маскоўскім тэатры імя Уладзіміра Маякоўскага ставілі “Любоў людзей”, то мяне запрасілі на застольны перыяд, каб я як аўтар распавёў акцёрам, як разумею гэту гісторыю. А тут тэатру нават не трэба ісці на фінансавыя страты — усе дома…

Як аўтар я маю юрыдычнае права сказаць, што мяне нешта не задавальняе, і прапанаваць пашукаць іншы падыход. Тэатр таксама мае права не пагаджацца з драматургам. Не знайшлі кропкі дотыку — значыць, не працуем разам. Трэба ўсё ж паважаць адзін аднаго.

— Улетку з высокіх трыбун гучала, што ў Беларусі недастаткова нацыянальнай драматургіі, патрэбна яе падтрымліваць, праводзіць конкурсы.

— Калісьці на ТЭАРТ прыязджалі расійскія тэатральныя крытыкі Крысціна Матвіенка (на той момант — адборшчык “Залатой Маскі”) і Дзмітрый Рэнанскі і праводзілі ў Мінску лекцыю пра феномен беларускай драматургіі. А мы дома гаворым, што нам усё чагосьці не хапае. У маёй грымёрцы вісяць афішы спектакляў, якія былі пастаўлены па маіх п’есах у тэатрах Польшчы, Румыніі, Масквы, Мінска — значыцца, айчынная драматургія запатрабавана, так?

Дзесяць гадоў мы чуем адны і тыя ж словы пра адсутнасць драматургіі, пра неабходнасць конкурсаў. А хтосьці ўжо робіць: вось Вікторыя Белякова без якога-небудзь бюджэтнага фінансавання, з мінімальнай падтрымкай спакойна ладзіць два гады запар конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі WriteBox. А Міжнародныя драматургічныя лабараторыі, якія праводзіць Цэнтр беларускай драматургіі? Проста штогод у іх рамках узнікаюць п’есы, якія хутка выстрэльваюць! Прынамсі, “Гэта ўсё яна” Андрэя Іванова пастаўлена не толькі ў Мінску, але ў Празе і нават Уругваі! Нядаўняя п’еса “Москоў дрымін” Віталя Кавалёва ўвайшла ў лонглісты некалькіх прэстыжных конкурсаў. Такіх прыкладаў шмат!

На жаль, не ўсе тутэйшыя пакуль разумеюць, як з новай беларускай драмай узаемадзейнічаць. Можа, камусьці патрэбна больш спакойная драматургія, але мы — людзі не заспакоеныя, нам нецікава па-іншаму гаварыць. Возьмем п’есу Андрэя Іванова “З вучылішча”: я проста ўпэўнены, што яна хутка вогнішчам пойдзе па тэатрах Расіі! А вось у нас... Так, там ёсць структура табуіраванай лексікі, аднак, калі яе выкінуць, п’еса вельмі моцна згубіць.

— Асабіста для вас у чым феномен беларускай драматургіі?

— Усе даволі проста: беларускія драматургі гавораць пра тое, што іх хвалюе. Шчыра гавораць.

— Па вашым адчуванні, што вызначае драматургію нацыянальную?

— Яе вызначае не мова і не месца нараджэння. Нацыянальная драматургія павінна пісаць пра тое, што адбываецца тут і зараз. Трэплеў у Чэхава гаворыць: “Жыццё трэба ўяўляць не такім, якім яно павінна быць, а такім, якім яно ўяўляецца ў марах”. Не згодны! Напрыклад, хутка буду распачынаць новы спектакль “Чалавек з Падольска” пра
расійскіх паліцэйскіх і іх узаемаадносіны. Але гэта пастаноўка не пра што іншае, як пра тут і зараз — пра з’яўленне новай формы жорсткасці.

— Складваецца адчуванне, што работы беларускіх аўтараў больш прынятыя і зразумелыя па-за межамі нашай краіны.

— На жаль, так. Вось мы толькі зараз адкрываем для сябе феномен Косці Сцешыка, а ён яшчэ ў 2006 годзе заявіў пра сябе на лабараторыі рэжысуры і драматургіі ў Яснай Паляне. У 2014 годзе па ягоным сцэнарыі выйшаў фільм з Уладзімірам Мяньшовым. Мы будзем даведвацца пра сваіх, родных?!

Жудасна... Кожны дзень бачу гэтыя групы Укантакце: “Парайце матэрыял на сцэнічную мову”. А пачытаць? Хаця б таму, што гэта цікава! Сумна, калі гаворыш з калегамі і чуеш: “А хто такі Пражко?” Давайце быць шчырымі: ці вы займаецеся сваёй прафесіяй, ці не. Для мяне гэта аналогія з хірургам, калі на пачатку аперацыі ён запытае: “Апендыцыт? А дзе гэта знаходзіцца?” Ведаеце, як часта адбываецца: прыйшоў у тэатр, адпрацаваў гадоў пяць, атрымаў майстра сцэны — і усё, табе ўжо больш нічога не трэба. Многія прафесійныя людзі, на жаль, заспакоеныя. Калі цёпла, цела хутка абмякае. Дык калі адчуваеш цеплыню і палёгку, трэба адразу ўставаць з гэтага месца. Успомніце сябе ў гады навучання! Як вы бегалі, як шукалі матэрыял, успомніце, чаго вам хацелася!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"