Ад зубра да бульбазаўра

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

15 лістапада скончыўся прыём творчых прац на рэспубліканскі конкурс талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў. Арганізатарамі, Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным алімпійскім камітэтам было прынята больш за тысячу заявак з усёй рэспублікі.

/i/content/pi/cult/665/14722/112.jpgЗгодна з уставам конкурсу, талісман павінен адпавядаць афіцыйнаму слогану Bright Year, Bright You (“Час яскравых перамог”) і пэўным крытэрыям. “Гэта не толькі традыцыі, гісторыя і культура нашай краіны, але і алімпійскія каштоўнасці, якія з’яўляюцца асноватворнымі”, — адзначыў прэс-сакратар фонду “Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Віталь Астроўскі. Паколькі талісман павінен адлюстроўваць сутнасць беларускай гісторыі, арганізатарамі была абрана асноўная тэма конкурсу — легенда пра Купальскую ноч.

У большасці з дасланых прац можна пабачыць не толькі характэрных для Беларусі жывёл — зубра ды мядзведзя — але і міфалагічных, кшталту бульбазаўра. Беларускія трактары таксама сталі аднымі з самых папулярных сімвалаў сярод удзельнікаў конкурсу.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Надзея Бельская, малюнкі ад кожнай вобласці былі зусім рознымі. Так, большасць зубраў паступіла з Брэстчыны, а ў Гомельскім рэгіёне ўдзельнікі конкурсу рабілі ўпор на графіку.

Узнагароджванне лепшых прац і прэзентацыя талісмана-пераможцы афіцыйна пройдзе ў сярэдзіне снежня ў кінатэатры Silver Screen. Траім лепшым аўтарам Нацыянальны алімпійскі камітэт падорыць запрашальныя білеты на ІІ Еўрапейскія гульні, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі нацыянальнай зборнай Беларусі.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"