Падчас першай экскурсіі па кінастудыі.
Падчас капітальнага рамонту быў прыведзены ў парадак не толькі сам гістарычны будынак “Беларусьфільма”, але і пабудаваны новы вытворчы комплекс з двума павільёнамі — па 100 квадратных метраў кожны.
Як адзначыў Юрый Бондар, дзякуючы рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі, ужо ў наступным годзе плануецца нарасціць аб’ёмы фільмавытворчасці:
— Я магу вызначыць тры шляхі, па якіх можна пайсці, каб дасягнуць нашай мэты. Першы: ствараць нацыянальны прадукт за кошт тых сродкаў, якія будзе выдзяляць Міністэрства культуры. Дарэчы, фінансаванне павялічыцца на 80%. Другі: пачаць сумесную вытворчасць з вядучымі кінакампаніямі іншых краін, і для гэтага будуць створаны зразумелыя і выгадныя ўмовы. Трэці: прадставіць пляцоўкі кінастудыі для тых людзей, якія гатовы здымаць кіно ў нашай краіне.
Па словах міністра культуры, ёсць наступныя пункты, якіх павінна прытрымлівацца ў сваёй рабоце абноўленая кінастудыя: добра працаваць са сцэнарыямі, ствараць якаснае кіно і разумна ацэньваць перспектывы пракату стужак. Усё гэта — “галоўнае сістэмаўтваральнае пытанне”, якое будзе ў полі зроку Міністэрства культуры пастаянна.
Дырэктар “Беларусьфільма” Ігар Поршнеў таксама вылучыў некалькі праблемных пытанняў кінастудыі: “За гэтыя гады рэдакцыйны аддзел значна прасеў. Разам з Вячаславам Нікіфаравым мы хочам аднавіць творчую атмасферу ў калектыве незалежна ад пасады і ўзросту работнікаў”.
На базе Нацыянальнай кінастудыі сумесна з Беларускім саюзам кінематаграфістаў збіраюцца стварыць спецыяльнае творчае аб’яднанне маладых кінематаграфістаў, каб не толькі арганізаваць унікальнае асяроддзе, але і прыцягнуць туды новыя таленты.
На дадзены момант у вытворчасці кінастудыі знаходзіцца 8 неігравых фільмаў, запуск яшчэ 8 запланаваны ў наступным годзе. Наогул, “Беларусьфільм” ставіць перад сабой вялікія планы: магутнасці кінастудыі дазваляюць вырабляць 15 ігравых карцін у год. У хуткім часе кінакампанія павінна прынесці ў Міністэрства культуры план фільмавытворчасці да 2020 года, які, будзем спадзявацца, удасца ўвасобіць у жыццё. І тады тыя тэмпы вытворчасці нацыянальнага кіно, якія раней здаваліся міфічнымі, стануць рэальнасцю.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
У павільёнах ужо ідзе праца над васьмю неігравымі фільмамі.