Сваё пасланне праз чужыя песні

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

“Прафесійны фрылансер” калі-небудзь яшчэ спяе
З размовы з ёй высветлілася, што не толькі Максім Івашын, інтэрв’ю з якім было апублікавана ў “К” № 42 за гэты год, паспяхова сумяшчае журналісцкае пакліканне з музычным. Праўда, гераіня наша пакуль не выступае “жыўцом” разам са сваім калектывам, а як дзіджэй круціць улюбёныя кампазіцыі ў клубах. Канцэртныя сэты на перапоўненых стадыёнах у яе, спадзяемся, наперадзе. Пакуль жа ў актыве — гутаркі з сусветнымі знакамітасцямі, арганізацыя атмасферных культурных імпрэзаў і многае іншае. “Дзяўчынай з нашага двара” стала Людміла ПАГОДЗІНА.

/i/content/pi/cult/663/14688/pogodina-_opt.jpgДа чаго прыводзяць мары

— Усе твае іпастасі можна было б аб’яднаць адным словазлучэннем — “прафесійны фрылансер”.

— Так, я працую па дагаворах у розных сферах. Перш за ўсё, я аўтар інтэрв’ю. Потым — дзіджэй, арганізатар культурна-адукацыйных імпрэзаў: пачалося ўсё з забаўляльных праграм, якія паступова трансфармаваліся ў нешта большае. Растлумачу на прыкладзе. Перад стартам новага сезону серыяла “Твін Пікс” наша творчая група арандавала пляцоўку і з дапамогай дэкарацый, зробленых сваімі рукамі, узнавіла атмасферу містычнага амерыканскага горада. У ім на сцэне бара “Хата пры дарозе” выступілі я і мой дзіджэй-напарнік Scarlett, электронны праект Clara Venus і саксафаніст Фрыд Самотны. Але яшчэ за тыдзень да вечарынкі мы разам з сяброўскай кавярняй правялі спецыяльную акцыю, падчас якой прыхільнікі серыяла маглі замовіць “па-д'ябальску сакрэтны сэт” і атрымаць кавалак смачнага вішнёвага пірага, кубак чорнай кавы і ўлётку аб вышуку Лоры Палмер. Гэта значыць, мы прапанавалі гараджанам квэст, удзел у якім мог прыняць кожны ахвотны, уключаючы тых, хто нават не збіраўся на касцюмаваную вечарынку.

Зараз мы рыхтуем першую частку дванаццацігадзіннага мерапрыемства “Кіберпанк, які мы заслужылі”. Яно будзе складацца з “жывых” выступаў музыкантаў, шок-тэрапеўтычных лекцый, выставы і шмат чаго іншага. Выкарыстоўваем усе даступныя сродкі, каб распавесці, як спраўляцца са змрочнай будучыняй, што была апісаная аўтарамі кніг у 1980-х.

— Гэтыя праекты праходзілі толькі ў Мінску?

— У тым маштабе, пра які я кажу, так. У Берліне ў мяне былі серыі тэматычных вечарынак без дэкарацый. Мы — не камерсанты, не адэпты шоу-бізнесу. Праекты робяцца рукамі энтузіястаў — тых, хто іх задумвае, пры падтрымцы тых, хто на іх прыходзіць. Гэтыя людзі ўкладаюць у арганізацыю ўласныя рэсурсы — перш за ўсё, матэрыялы і час. Нам дапамагаюць валанцёры, уладальнікі пляцовак могуць пайсці насустрач у плане кошту арэнды.

— Па колькасці наведвальнікаў праекты досыць нішавыя, малалікія?

— Яны нішавыя толькі ў тым сэнсе, што ў нас ёсць выразна выяўлены музычны густ, і мы яго прышчапляем. І калі мы пачыналі з клубаў, то цяпер асвойваем вялікія пляцоўкі — на шчасце, горад прыйшоў да таго, каб перадаваць спусцелыя завадскія цэхі пад крэатыўныя прасторы. Пачыналі мы з 50 наведвальнікаў, а адзін з апошніх праектаў сабраў паўтары тысячы.

— А што з іх беларускім зместам?

— У нас амаль увесь змест беларускi: гэты праект народжаны ў Мінску і ў першую чаргу для мінчукоў. Ён нават называецца #KeepMinskWeird (“захоўвай Мінск дзіўным”). Калі ты маеш на ўвазе беларускую мову ці сімволіку, то самы натуральны спосаб — працаваць з імі з дапамогай музыкантаў, мастакоў і майстроў, якія выкарыстоўваюць іх у сваёй творчасці. Для нас няма
прынцыповай розніцы, якімі фарбамі малюе мастак і якой мовай карыстаецца музыкант. Мы ацэньваем іх творчасць зыходзячы з такіх крытэрыяў, як шчырасць і ўсвядомленасць. Не працуем з кароткатэрміновымі трэндамі, аддаючы перавагу перманентна актуальным тэмам. Пры гэтым карыстаемся шырокім выбарам сродкаў выяўлення, і мова — адзін з іх. Мне заўсёды падабалася “круціць” запісы айчынных выканаўцаў на вечарынках у Берліне ці Вільні.

— Да дзіджэінгу ты ўпершыню звярнулася ў Мiнску?

— У Берліне. Мой нямецкі прыяцель дзіджэіў з плытак у берлінскім бары і прапанаваў мне самой паставіць пару песень з айпода. А ў 2011-м я ўжо сама шчыльна ўстала за дзіджэйскі пульт — пасля таго, як мінскі клуб “Графіці” пачаў серыю вечарынак, на якіх журналісты круцілі сваю ўлюбёную музыку.

Як дастаць “зорку”

— Першае, што я раблю, калі саджуся ў самалёт у мінскім аэрапорце, — вывучаю “бартавы часопіс” беларускіх авіяліній. І шукаю я ў ім спачатку матэрыялы, падпісаныя імем тваім. Добра ўладкавалася: пiшаш, а цябе бясплатна дастаўляюць туды, куды захочаш...

— Усё не так. Восем гадоў я з’яўляюся пазаштатным аўтарам часопіса, але гэта не дае мне ніякіх ільгот у плане пералётаў. Цяпер, у сілу занятасці, пішу для яго менш — у асноўным, калонкі і інтэрв’ю.

— Ты зрабіла масу гутарак з сусветнымі “зоркамі” сучаснай культуры. Як удавалася выйсці на віп-суразмоўцаў?

— Мяне цікавіць у людзях не папулярнасць, а іх матывы і дасягненні. Я бяру інтэрв’ю ў цікавых персанажаў — хтосьці з іх вельмі знакаміты, хтосьці не вельмі. А як удавалася ўсё арганізоўваць… Прыязджаю, дапусцім, на кінафестываль, праз прэс-агентаў падаю заяўкі і чакаю выніку. Калі краіна, выданне якой я прадстаўляю, купляе фільм для пракату, то шанцы на атрыманне жаданага інтэрв’ю ўзрастаюць. Яны вялікія і ў тым выпадку, калі чамусьці нейкую стужку ніхто з пракатчыкаў не набыў, нягледзячы на тое, што над ёй працавалі цікавыя людзі. Напрыклад, сустрэчы з Кiлiянам Мэрфі, які сыграў у фільме “Пекла” і серыяле “Вострыя брылі”, я чакала дзесяць гадоў!

У выпадку з музыкантамі інтэрв’ю адбываецца праз арганізатараў канцэртаў або з дазволу менеджараў артыстаў, часам — па дамоўленасці з самімі імі. Галоўнае разумець, у каго трэба пытацца. Дапамагае павуцінне знаёмстваў: удзельнікі аднаго гурта ведаюць удзельнікаў іншага, тур-менеджары пераходзяць з гурта ў гурт, музыканты працуюць з мастакамі — так у мяне з’яўляецца магчымасць пісаць яшчэ і пра мастакоў.

— Такім чынам, атрымала “дабро” на размову і ў дарогу?

— Калі інтэрв’ю пацвердзілі, я гатовая на подзвігі. Ва ўсіх астатніх падарожжах выбіраю гарады, у якіх жывуць знаёмыя і сябры, што дапамагае мінімізаваць выдаткі на пражыванне. План майго ідэальнага падарожжа ўлічвае фінансавыя магчымасці плюс магчымасць трапіць на фестываль і зрабіць інтэрв’ю.

— Да каго з “зорак” ніяк не дабярэшся?

— Хацелася б пагаварыць з Мэрылінам Мэнсанам. Паколькі ён яшчэ і мастак, у мяне была дамоўленасць з яго арт-менеджарам пра тое, што нас пазнаёмяць на выставе ў Грэцыі. Але незадоўга да майго вылету той менеджар напісаў, што пасварыўся са сваім падапечным і, адпаведна, выстава і інтэрв’ю сарваліся.

Або Ігі Поп. У мяне трапяткое да яго стаўленне, мне здаецца, што гэта мой сябар, разлучаны са мной у дзяцінстве. Я была на яго нядаўнім выступе ў Маскве і вырашыла падарыць яму майку з тэгам нашых вечарынак, на якой я трымаю чэрап. (Гэта выключна экзістэнцыйная выява, якую доўга не прызнавала мая мама.) Пасля канцэрта мне ўдалося ўручыць майку тэхніку Ігі з просьбай перадаць яе па прызначэнні. Ён, разглядзеўшы яе, ухвальна заківаў галавой. Паглядзім, ці ўсплыве гэтая майка ў будучыні!

— Ці няма задумы напісаць кнігу пра сутыкненні і несутыкненні са знакамітасцямі?

— Пару гадоў таму у суаўтарстве з Андрэем Дзiчэнкам выйшлi “100 легенд рок-музыкі”, складзеныя з фактычнага матэрыялу. У кнізе-альманаху “Кабінет. Карціны свету VI” выйшла інтэрв’ю на трыццаць старонак з вядомым дзеячам культуры і контркультуры Джэнезiсам Пі-Орыджам (для мяне ён шмат у чым гуру). І я сапраўды думаю над тым, як пераказаць ўсе свае прыгоды — у стылі гонза-журналістыкі ці мастацкага апавядання. Акрамя гэтага, наспявае кніга самых актуальных інтэрв’ю з маіх аб’ёмных архіваў.

— Ты ўжо столькі гадоў натхнёна займаешся папулярызацыяй чужой музыкі. А ці не ўзнікала ў цябе жаданне пачаць рабіць сваю? Тым больш, наколькі я ведаю, ты скончыла музычную школу па класе фартэпіяна.

— Па вялікім сакрэце прызнаюся: я пра гэта думаю! Тэхнічна магу спяваць, мне гэта падабаецца, магу напісаць тэкст, але для таго, каб сфарміраваць гурт, патрэбна музыка, а часу заняцца ёй сур’ёзна не было. І калі я адчую, што ў мяне ёсць усё неабходнае, тады…

— І ўва што гэта выльецца?

— Вядома, у дзявочы супергурт! (Смяецца.) Але пакуль, каб данесці сваё пасланне гэтаму свету, я вымушана выкарыстоўваць чужыя песні.

 

Людміла ПАГОДЗІНА. Нарадзілася ў Капусціным Яры (Астраханская вобласць, Расія). Скончыла мінскі Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва па спецыяльнасці “Журналістыка”. Яе матэрыялы выходзілі больш, чым у трыццаці выданнях пяці краін. Дзіджэй, пісьменнік, журналіст, фатограф, арганізатар культурных праектаў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"