Пачатак традыцыі
Ёсць усе падставы лічыць: юбілей галерэя сустракае вельмі прыстойна. На сёння ў яе фондзе больш за 570 твораў. Адбылося каля тысячы выставаў, чый агульны лік наведвальнікаў амаль дасягнуў 260 тысяч. Шмат гэта альбо мала для менш як сямідзесяцітысячнага горада? Мяркуйце самі. Але самае важнае тое, што жыхары горада змаглі на ўласныя вочы ўбачыць творы такіх мэтраў нашага выяўленчага мастацтва, як Леанід Шчамялёў і Георгій Паплаўскі, Барыс Аракчэеў і Рыгор Сітніца, Нінэль Шчасная і Уладзімір Зінкевіч ды многіх іншых.
19 верасня 1992 года светлагорцы ўпершыню завіталі ў карцінную галерэю, да з’яўлення якой асабліва спрычыніўся тагачасны старшыня гарвыканкама Аляксандр Якабсон. Сваю вельмі адказную назву “Традыцыя” яна атрымала па прапанове аднаго з яе арганізатараў — мясцовага мастака Германа Пранішнікава, які свядома арыентаваўся на класічныя традыцыі рускага і беларускага выяўленчага мастацтва. І менавіта яго выстава сталася першай. Карціны Пранішнікава, як правіла, носяць паглыблены філасофскі характар. Яны заўсёды з падтэкстам і патрабуюць не сузірання, а ўдумлівага асэнсавання.
Пасля трагічнай смерці мастака ў 1996 годзе рашэннем гарвыканкама галерэі было прысвоена яго імя. На пачатку асаблівую ўвагу мы звярнулі на лепшых творцаў Гомельшчыны: Мікалая Казакевіча, Роберта Ландарскага, Святланы Курашовай, Андрэя Крылова, Ларысы Зуевай. Потым геаграфія пашырылася.
Шлях да сэрцаў і душ
Наступная веха — 4 мая 1996 года. У галерэі вернісаж нашага земляка — загадчыка кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ Уладзіміра Зінкевіча. Дзякуючы яго спрыянню мы неўзабаве змаглі пабачыць персанальныя выставы самых знакавых постацяў беларускага мастацтва. І гэта былі не проста выставы. Светлагорцы атрымалі магчымасць асабістых сустрэч са слыннымі майстрамі. Асабліва карыснымі сталі яны для школьнікаў, настаўнікаў, маладых мастакоў. З удзелам паважаных гасцей падводзіліся і вынікі конкурсаў дзіцячых малюнкаў. І кожная такая сустрэча пакінула добрыя ўспаміны і ў саміх мэтраў.
З успамінаў Гаўрылы Вашчанкі: “Здарылася так, што на ўрачыстае адкрыццё выставы ў Светлагорску я спазніўся не па сваёй віне амаль на гадзіну. І якім было маё здзіўленне, што мяне чакалі! Залы былі перапоўненыя. Сустрэлі мяне светлагорскія аматары выяўленчага мастацтва з такой шчырасцю, зацікаўленасцю, што я ніколі гэтага не забуду. Прыемна ўразіла і тое, з якой клапатлівай увагай ставяцца да галерэі кіраўнікі мясцовай улады. Менавіта тут адбылася мая першая акварэльная выстава. Тут упершыню я паказаў свае “17 зім” і тут узнікла ідэя аб адкрыцці маёй галерэі ў Гомелі, якая паспяхова ажыццявілася”.
Леанід Шчамялёў: “Светлагорская галерэя мае высакародны, пачуццёвы, эстэтычны пасыл. Яна вучыць, але не павучае. Яна ўдзячна ставіцца да тых мастакоў, якія ў ёй выстаўляюцца, і да ўсіх тых, хто ў ёй бывае. І на гэтую яе ўдзячнасць нельга не адказаць узаемнасцю”.
Уладзімір Басалыга: “Стварэнне Светлагорскай галерэі — гэта цудоўна ажыццёўленая задума. Дзякуючы ёй, дзеці і моладзь сустракаюцца з сапраўдным выяўленчым мастацтвам, усё больш упэўнена ўсталёўваецца думка сярод гараджан, што гэта цікава, варта ўвагі, што гэта грэе і выхоўвае душы. Галерэя здолела запрасіць да сябе вядомых мастакоў, выдатных творцаў і зрабіць іх сваімі сябрамі. Будзем спадзявацца, што некалі яна набудзе асобны будынак і стане яшчэ лепшым цэнтрам выхавання сродкамі выяўленчага мастацтва”.
Мікалай Казакевіч: “Дзякуючы карціннай галерыі “Традыцыя”, Светлагорск становіцца ў адзін шэраг з такімі цэнтрамі выяўленчага мастацтва, як Віцебск, Магілёў, Гомель.
З успамінаў Анатоля Бараноўскага: “Карцінная галерэя ў Светлагорску ажыццяўляе сувязь рэальнасці са спрадвечнай духоўнай прыгажосцю. Яна сапраўды служыць людзям, дае нам, мастакам, магчымасць паказаць свае творы. У рэшце рэшт, гэта ўзаемная духоўная лучнасць. Я перакананы, што галерэя даўно дасягнула рэспубліканскага ўзроўню”.
Уладзімір Зінкевіч: “Прыемна ўсведамляць, што ўжо 25 гадоў галерэя “Традыцыя” фарміруе дзіўную атмасферу светаадчуванняў, дзе мноства мастацкіх поглядаў на жыццё ўвасабляецца ў адну форму ўзаемаадносін. Гэтая форма — высокамастацкі, эмацыянальны, пачуццёва-пранікнёны шлях да сэрцаў і душ гледачоў”.
А што гавораць наведвальнікі? Імі спісаныя ажно тры кнігі водгукаў словамі ўдзячнага захаплення! Сярод аўтараў — не толькі светлагорцы, але і госці з самых розных куткоў свету: Індыі, Англіі, Італіі, Германіі, Бельгіі, Польшчы, Нарвегіі, Японіі, Расіі… Прыкладам, тагачасны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Юй Чжэньцы завітаў у Светлагорск на адкрыццё ўласнай выставы мастацкага фота.
Абмен пленэрамі і энергіяй
Прыгадваецца цікавы эпізод. Прыехалі да нас навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея і прапанавалі зрабіць выставу з нашага фонду. Я запытаўся: “А якімі арыенцірамі будзем кіравацца ў адборы твораў?” І пачуў, відаць, крыху жартаўлівае: “Дайце нам тое, чаго няма ў нас”. Паказалі сотню карцін, і шаноўныя госці выбралі ажно 61! Выстава “Мастацтва светлага горада” ў галоўным музеі краіны аказалася ў добрым сэнсе гэтага слова сенсацыйнай. Потым мы давалі музею творы Міколы Селешчука са свайго фонду. Але і самі, вядома ж, нярэдка “пазычалі”. Напрыклад, выставу народнага мастака Віталя Цвіркі, калі ладзілі пленэр яго памяці. І супрацоўніцтва працягваецца. Нават сам шаноўны Уладзімір Пракапцоў двойчы з вялікім поспехам паказваў у нас свае творы.
Карціны з нашага фонду дэманстраваліся не толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі, але і ў экспазіцыйнай зале Нацыянальнага банка Беларусі, у Гомелі (галерэя Г.Х. Вашчанкі, выставачная зала абласнога аддзялення Саюза мастакоў, Палац чыгуначнікаў), у Бабруйску, гарадскіх пасёлках Парычы і Сасновы Бор.
Спіс нашых кантактаў увесь час пашыраецца, дазваляючы рабіць новыя яскравыя праекты. Дзякуючы экспазіцыі з фонду Беларускага саюза мастакоў, светлагорцы пазнаёміліся з творамі класікаў, напрыклад, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Тэматычная выстава з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва прысвячалася даволі рэдкаму цяпер партрэтнаму жанру. А з рэпрадукцыямі сусветна вядомых заходнееўрапейскіх мастакоў светлагорцам дапамог пазнаёміцца тагачасны Мазырскі філіял Нацыянальнага мастацкага музея.
Сенсацыйнай стала і выстава рэчыцкіх мастакоў, бо ў ёй паказваліся творы легендарнага Аляксандра Ісачова. А неўзабаве з Санкт-Пецярбурга былі дастаўлены яго факсімільныя карціны, якія склалі асобную экспазіцыю, а потым, у большасці сваёй, засталіся ў фондзе галерэі. Выставу літаграфій Напалеона Орды мы зрабілі з дапамогай Нацыянальнага гістарычнага музея. Веткаўскі музей народнай творчасці паказаў у нас экспазіцыю старадаўніх ікон, а мы ў ім — жывапісныя творы з уласнага фонду. Гэты спіс паспяховых сумесных праектаў можна доўжыць і доўжыць.
У жніўні 2001 года ў горадзе прайшоў рэспубліканскі пленэр па жывапісе “Светлагорскія краявіды”, наладжаны гарвыканкамам, Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага саюза мастакоў і Беларускай акадэміяй мастацтваў. У выніку, наш фонд папоўніўся 17 карцінамі яго ўдзельнікаў. З таго часу пленэры — у тым ліку, і міжнародныя — сталі ў нас завядзёнкай. І кожны з іх прыносіў “абноўкі” ў фонды галерэі. Урэшце, мы сталі практыкаваць і абмен пленэрамі: мастакі балгарскага горада Слівен пісалі нашы краявіды, а светлагорскія мастакі на чале з мінчанінам Уладзімірам Сулкоўскім — балгарскія.
Стабільнай крыніцай папаўнення фондаў сталі і ахвяраванні добразычліўцаў. Галерэя “Традыцыя” ці не адзіная ў краіне мае 18 графічных твораў знакамітага Міколы Селешчука, падараваных нам яго сябрамі. У яе фондзе таксама 37 твораў Валянціна Крылова і яго сына Андрэя, 16 пастэльных карцін Алега Пятрова і 19 пейзажных — Станіслава Дзьяканава, ахвяраваных жонкамі мастакоў. 12 акварэляў перадаў пасля чарговай выставы ў Светлагорску Уладзімір Кароткі. Значна папоўніла фонд ахвяраванне найстарэйшага гомельскага мастака Мікалая Палянкова — больш як 30 твораў.
Юбілейны год карцінная галерэя завяршае выставамі, якія пацвярджаюць яе высокі прафесійны ўзровень. Гэта і рознажанравая экспазіцыя карцін выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў, і першы рэтраспектыўны паказ твораў партрэтнага жанру народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі. А яшчэ сямейны вернісаж таксама народнага мастака Анатоля Бараноўскага, яго дачкі Алены і яе мужа Віталя Герасімава, працяг знаёмства з творчасцю цудоўнай мастачкі з Санкт-Пецярбурга Марыны Быкавай.
Без сумневу, вынікі 25-годдзя абнадзейваюць. Дзякуючы таленавітай актыўнасці дырэктара Надзеі Шынкевіч, захоўваецца традыцыйна аўтарытэтны ўзровень экспазіцый. Па-ранейшаму практыкуецца паказ выставаў не толькі ў залах галерэі, але і ва ўстановах культуры, школах, на прадпрыемствах горада і раёна. Праводзяцца лекцыі па выяўленчым мастацтве, майстар-класы і конкурсы, здзяйсняюцца дабрачынныя праекты.
Але галоўны вынік у тым, што за чвэрць галерэйнага веку ў Светлагорску і яго ваколіцах вырасла не адно пакаленне, далучанае да духоўнай сутнасці выяўленчага мастацтва. Гэта адкрывае новыя перспектывы і дазваляе спадзявацца, што галерэя “Традыцыя” адсвяткуе яшчэ не адзін юбілей.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, адзін з заснавальнікаў і былы дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя”