Аскепкі гомельскага феномену

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля засвоіў не надта звыклы пакуль для Беларусі фармат віртуальнай выставы
Цяпер на нашым сайце прадстаўлена творчасць такіх мастакоў, як Алена Самойленка-Машкаўцова і Акім Шаўчэнка. Пагадзіцеся, імёны сёння мала каму вядомыя. Аднак знаёмства з гэтымі постацямі дае магчымасць не толькі акунуцца ў мінулае ды адчуць “сціплае абаянне” акадэмічнага традыцыйнага мастацтва, але і прыадкрыць прызабытыя старонкі творчага жыцця Гомеля без малога стогадовай даўніны. Бо мала хто чуў, што і ў нас быў свой аналаг знакамітага віцебскага Мастацка-практычнага інстытута. Праўда, зусім іншай эстэтычнай скіраванасці — класічнай.

/i/content/pi/cult/661/14656/17.jpgАкадэмісты супраць агітпропу

У 1919 годзе ў Гомелі адкрылася прафесійная мастацкая школа-студыя імя Міхаіла Урубеля, якая паслужыла стартавай пляцоўкай для многіх жывапісцаў і графікаў. Самым вядомым з іх стаў Георгій Ніскі — лаўрэат розных дзяржаўных прэмій, народны мастак РСФСР. Але калі прасачыць лёсы яго аднакашнікаў па студыі, выявіцца, што многім з іх удалося пражыць цікавае творчае жыццё, займаючыся ўлюбёнай справай і дасягаючы ў ёй пэўных вышынь.

На адзінай вядомай нам групавой фатаграфіі студыйцаў побач з юнаком у белай вопратцы і фуражцы са значком — Жорам Ніскім — знаходзіцца гераіня нашай гісторыі. Нельга не адзначыць сціплую вытанчанасць і прыгажосць юнай паненкі — Леначкі Самойленка, дачкі павятовага лекара з Рэчыцы. Дарэчы, тая вясёлая круглатварая дзяўчына ў верхнім шэрагу, што какетліва ўсміхаецца з-пад капялюшыка-клош, дэманструючы белыя зубкі — гэта Людачка, дачка архітэктара Станіслава Шабунеўскага, які, па сутнасці, стварыў аблічча цэнтра Гомеля. Пра тое, як склаўся яе творчы лёс, нам, на жаль, нічога не вядома. Хочацца верыць, ён быў шчаслівейшы за кон бацькі, які згінуў у ГУЛАГу.

Гледзячы на спакойныя, усмешлівыя твары маладых людзей, ніколі не здагадаешся, у які час зроблены той здымак. Між тым, зусім нядаўна было адменена ваеннае становішча, у Гомелі, як і паўсюль у краіне Саветаў, адбывалася гіганцкая ломка старых асноў і традыцый... Людзі змагаліся з разрухай, голадам, недахопам самага надзённага. І раптам пасярод паўсюднага хаосу пачынае стварацца ядро высокай — найвышэйшай — культуры! Нядзіўна, чаму навукоўцы сёння называюць студыю-школу імя М.А. Урубеля сапраўдным гомельскім феноменам.

Складаныя і мудрагелістыя перапляценні чалавечых лёсаў і стыхійных абставін на світанку савецкай эпохі спрыялі незвычайнаму росквіту культуры ў Гомелі — што, зрэшты, стала тэндэнцыяй таго часу. Па розных прычынах у горадзе апынулася цэлая пляяда прафесійных мастакоў, за плячыма якіх былі Пецярбургская, Пражская, Парыжская, Венская акадэміі, Кіеўская, Віленская, Пензенская мастацкія вучэльні. Аб’яднаўшыся на базе новай установы адукацыі — студыі-школы — яны сумесна выпрацавалі вучэбную праграму і прыступілі да яе рэалізацыі.

Аднак час тут жа ўнёс у яе свае карэктывы. У рабоце ўсіх дзяржаўных органаў выяўленчага мастацтва асноўнае месца было адведзена агітпропу, і студыя-школа імя Міхаіла Урубеля не стала выключэннем. Гэтая акалічнасць паспрыяла павелічэнню колькасці прыхільнікаў мастацтва “белага і чорнага”. Менавіта дзякуючы агітпропу сталі вядомымі імёны графікаў Аляксандра Быхаўскага, Якава Целішэўскага, Арона Гефтэра, Яўхіма Смехава. Але сярод навучэнцаў студыі былі і тыя, хто насуперак ціску агітацыйнага мастацтва імкнуўся спасцігнуць акадэмічныя традыцыі: Георгій Ніскі, Акім Шаўчэнка, Алена Самойленка.

/i/content/pi/cult/661/14656/16.jpg

Маляваць “як на фатаграфіі”

Студыя імя Урубеля праіснавала нядоўга — ужо ў 1921 годзе была распушчаная. Але пра якасць адукацыі, якую атрымалі самародкі з Гомельшчыны, сведчыць хаця б такі факт: большасць з іх здолела вытрымаць конкурс у Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні — ВХУТЕМАС! Усходы, закладзеныя правільным падыходам і дабратворным творчым асяроддзем Гомеля, паспяхова развіліся ўжо ў Маскве. Кожны атрымаў сваё: прыроджаныя жывапісцы ўдасканальваліся ў жывапісе, а малявальшчыкі — у графіцы.

У ліку іншых студыйцаў, у 1921 годзе прыступіла да вучобы ў Маскве і Алена Самойленка. Але, перахварэўшы на цяжкую форму тыфу ў 1922 годзе, яна чамусьці прыняла рашэнне пакінуць мастацка-тэхнічныя майстэрні і перайсці ў студыю вядомага рускага мастака Ільі Машкова, дзе і засталася на чатыры гады. Па заканчэнні вучобы паспяхова пачала самастойную кар’еру і ў 1933 годзе стала членам “Всекохудожника” (ранні варыянт Саюза мастакоў СССР). Пасля замужжа ўзяла другое прозвішча — Машкаўцова. Пражыла яна доўгае жыццё — з 1898 па 1988 гады, неаднаразова была сведкай змены эпох.

/i/content/pi/cult/661/14656/15.jpgЖывапіс стаў яе пакліканнем, але асноўным родам дзейнасці — стварэнне мастацкіх пано, якія ўпрыгожвалі павільёны ВДНГ (распісвала сумесна з выбітным рускім мастаком-анімалістам Васілём Ватагіным), станцыі маскоўскага метрапалітэна, музей антрапалогіі пры МДУ і гэтак далей. Захаваўся нават запіс аб выкананні “мармуровага мазаічнага стала па ўласным эскізе”. Зразумела ж, сур’ёзныя заказы сведчылі пра высокі прафесіяналізм Алены Дзмітрыеўны. Яна была вельмі запатрабаваная ў перадваенную і пасляваенную эпохі, калі віталася ўменне маляваць “як на фатаграфіі”, без “залішняга” суб’ектывізму.

Зрэшты, не забывалася мастачка і на ўласную творчасць. У музеі палаца Румянцавых і Паскевічаў захоўваюцца эцюды, накіды, пейзажы і нацюрморты, зробленыя Аленай Дзмітрыеўнай з натуры падчас паездак па краіне і
перададзеныя ў дар гамяльчанам. Таму ў нас сёння ёсць “віртуальная” магчымасць палюбавацца сціплымі і немудрагелістымі, але пры гэтым выкшталцонымі матывамі Самойленка-Машкаўцовай, выкананымі на самым высокім узроўні.

Што перашкодзіла славе?

Гамяльчанін Акім Міхайлавіч Шаўчэнка апроч студыі імя Міхаіла Урубеля і ВХУТЕМАСа правучыўся некалькі гадоў і ў прэстыжным Ленінградскім інстытуце пралетарскага выяўленчага мастацтва (цяпер інстытут імя І.Я. Рэпіна). Сярод выкладчыкаў там былі Сяргей Герасімаў, Дзмітрый Кардоўскі, Аляксандр Дрэвін. Шкада, не ведаем, хто з гэтай імянітай пляяды больш за ўсё паўплываў на самога Шаўчэнку.

Пра паступленне ў інстытут пасля войска Акім Міхайлавіч распавядаў так: “Уявіце сабе велізарную залу, у якой размясцілася каля 400 мастакоў-пачаткоўцаў. Мае надзеі на паступленне пахіснуліся, бо сюды прыйшлі людзі з вялікім творчым досведам. І ўявіце маё здзіўленне, калі ў ліку прынятых апынуўся я, а не тыя “майстры”!”

Глыбокія веды і ўменні Шаўчэнкі падмацоўваліся штодзённымі практыкаваннямі з фарбамі і палітрай. У прыватнасці, пра гэта сведчыць велізарная колькасць эцюдаў, выкананых алеем на кардоне, часам памерам з паштовы канверт. Літаральна сёлета яны папоўнілі фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У іх старанна выконваюцца законы традыцыйнага жывапісу. Хай яны адносяцца ўжо да паваеннага часу, але ўсё адно сведчаць аб велізарнай працавітасці мастака і шматгадовай штодзённай звычцы няспынна ўдасканальвацца. Зразумела, не толькі сотні эцюдаў складалі творчы багаж Акіма Міхайлавіча — ім створаны і шэраг выразных партрэтаў, напісаных з тых людзей, якія былі з ім побач, а таксама твораў на тэму вайны і калгасных працоўных будняў. З часам Акім Шаўчэнка і сам стаў выкладаць моладзі асновы выяўленчага мастацтва. Пры гэтым, ён заўсёды імкнуўся ўдзельнічаць у выставах. У 1940 годзе ўступіў у шэрагі Саюза мастакоў.

Вайна на час перапыніла творчую кар’еру. Акім Шаўчэнка быў мабілізаваны, служыў стралком-аўтаматчыкам у пяхотнай вайсковай частцы, трапіў у палон, але здолеў уцячы. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Затым ізноў была выкладчыцкая дзейнасць — ужо ў Мінску, у вучэльні імя Аляксея Глебава і ў тэатральна-мастацкім нстытуце, дзе мелі гонар выкладаць толькі абраныя майстры. Што характэрна, адной з вучаніц Шаўчэнкі стала выбітная гомельская мастачка-акварэлістка Марыя Ягорава. Але пра гэты перыяд нам вядома мала. Ды і наогул — прызнання пры жыцці выбітны каларыст так і не дачакаўся. Яго работы не былі запатрабаваныя музеямі і выставамі — хаця і самі па сабе, без гучных фраз сведчаць пра талент і працавітасць Шаўчэнкі.

Што ж перашкодзіла прыйсці заслужанай славе і пашане? Магчыма, бязмежная сціпласць гэтага добрага і мудрага чалавека, якая чытаецца нават у яго поглядзе на старым фота. Магчыма, існавалі і нейкія “падводныя камяні”. Час сыходзіць, не пакідаючы ў аналах гісторыі дакладных звестак пра лёс нашых выбітных землякоў. Хаця так хочацца ведаць пра іх усё!

Прабеглі гады, скончылася XX стагоддзе, змянілася нямала пакаленняў, але святло далёкай зоркі гомельскага феномену, спароджанага Кастрычніцкай рэвалюцыяй — студыі-школы імя Міхаіла Урубеля — будзе яшчэ доўга ззяць з бездані тых гадоў. Эстафета гісторыі павінна працягвацца.

Алена КАЛУГІНА, навуковы супрацоўнік мастацкага аддзела Гомельскага палаца-паркавага ансамбля