Гета вачыма дзяцей

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Адна з самых сумных дат у драматычнай гісторыі нашай сталіцы прыпадае акурат на гэтую суботу. З 21 па 23 кастрычніка 1943 года было канчаткова ліквідавана Мінскае гета — другое па велічыні пасля Львоўскага на тэрыторыі Савецкага Саюза. На невялікі лапік у раёне вуліц Ракаўскай, Нямігі і Юбілейнай плошчы, абгароджаны калючым дротам, нацысты сагналі больш за сто тысяч вырачаных на смерць яўрэяў з Беларусі і заходніх краін. Жывых сведкаў ваеннага жыцця Мінска засталося ўжо вельмі мала, таму трэба спяшацца сабраць аповеды астатніх відавочцаў катастрофы — большасць з якіх былі тады яшчэ малымі дзецьмі. Улетку Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна разам з Беларускім архівам вуснай гісторыі праведзеная экспедыцыя па тэме Мінскага гета. Агулам было зроблена 46 інтэрв’ю, запісана 120 гадзін размоў, у калекцыю патрапіла больш за 500 фотаздымкаў. Дагэтуль настолькі грунтоўна ніхто не збіраў успаміны сведак тых падзей. Цяпер навукоўцы аналізуюць назапашаны матэрыял.

/i/content/pi/cult/661/14655/14.jpg

Жывыя сведкі

Работа з успамінамі жывых сведак вельмі важная для даследавання такіх цяжкіх тэм, як вайна і Халакост. Таму ў пошуках новых падыходаў да вывучэння гісторыі Беларусі даследчыкі прыйшлі да высновы, што істотныя не толькі класічныя крыніцы. Часам наадварот больш важнымі могуць стаць этнаграфічныя, сацыялагічныя ці вуснагістарычныя дадзеныя. Як адзначыў з гэтай нагоды вядомы беларускі гісторык Аляксандр Смалянчук, грунтуючыся на памяці непасрэдных удзельнікаў падзей, вусная гісторыя дапамагае сканструяваць новае бачанне мінулага альбо мадыфікаваць тую версію, якая абапіраецца на пісьмовыя крыніцы.

Аналіз сведчанняў непасрэдных відавочцаў падзей дазваляе сённяшнім навукоўцам зрабіць важныя высновы. У прыватнасці, цяпер мы дакладна ведаем, што большая частка мінскіх яўрэяў, а таксама ўцекачоў з Польшчы і не так даўно далучаных земляў Заходняй Беларусі, засталася ў акупаваным нацыстамі горадзе. Хтосьці па адным ім вядомых прычынах нават і не спрабаваў падацца ў эвакуацыю, а хтосьці выправіўся ў шлях занадта позна і вымушаны быў вярнуцца, адрэзаны ад падкантрольнай савецкай уладзе тэрыторыі імклівым наступам нямецкіх авангардаў.

Кіраўніца экспедыцыі, рэферэнт і каардынатар адукацыйных праграм Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (пры якім і дзейнічае Гістарычная майстэрня) Ірына Кашталян апавядае, што хітрасплеценасць гістарычных працэсаў і чалавечых лёсаў у нашым мультыкультурным грамадстве часам проста ўражвае. Нехта з жыхароў горада рызыкаваў жыццём, каб дапамагчы яўрэям, а нехта — карыстаўся чужым горам для ўзбагачэння, хай і за кошт былых суседзяў. “Паліцаі і немцы заходзілі на тэрыторыю гета, хадзілі па дамах, рабавалі, гвалтавалі, — распавёў адзін з інтэрв’юэнтаў. — Асабліва паліцаі былі злыя. Яны лічылі, што ў яўрэяў ва ўсіх было золата, а золата ж не было, а яны прыходзілі і ўсё адбіралі, заўжды глядзелі, што ў шуфлядках, у рэчах…”

Такое не забываюць

Гісторыю барацьбы падпольшчыкаў і партызанаў, з аднаго боку, і тых, хто супрацоўнічаў з акупацыйнымі ўладамі, з другога, немагчыма ўявіць без гісторыі Мінскага гета. Без гісторыі месца, дзе знаходзіўся падпольны штаб, выдаваліся ўлёткі, адкуль масава сыходзілі ў партызаны.

Але што пра гэта могуць памятаць і што могуць распавесці тыя, хто падчас вайны былі яшчэ малымі дзецьмі? Наколькі іх успаміны пра Халакост, пра жыццё ў гета з’яўляюцца “адэкватнымі” і “сапраўднымі”?

— Пачнём з таго, што гэта ўспаміны людзей, якія пражылі вялікае жыццё, — кажа Ірына Кашталян. — Шмат каму з іх ужо далёка за восемдзесят. Тое, што яны распавядаюць пра сваё жыццё пасля дараслення, этапу “другаснай сацыялізацыі”, які адбываецца ў 14 гадоў, можа быць выкарыстана даследчыкамі ў поўнай меры. Што ж тычыцца памяці перыяду вайны, калі інтэрв’юэнты яшчэ не дасягнулі гэтага ўзросту, то і тут можна шукаць урыўкі, якія сведчаць пра асаблівасці ўспрыняцця трагедыі дзецьмі. Пра іх траўмы з-за страты блізкіх або ўласныя стратэгіі выжывання.

Падчас экспедыцыі яе ўдзельнікі прыйшлі да адной кабеты ўжо даволі сталага веку. Каб не ведалі яе “анкетных дадзеных”, ніколі і не паверылі б, што яна — 1934 года нараджэння. Гэтая радасная і моцная жанчына са светлымі вачыма ветла сустракае іх, адразу ж запрашае на каву-гарбату, і гасціннасці яе няма межаў. І тая гасціннасць, як яна сама тлумачыць, ідзе адтуль, з дзяцінства ў гета, бо яна дасюль памятае голад і роспач, якія былі ейнымі штодзённымі спадарожнікамі: “Калі пачалася вайна, мне было няпоўных шэсць гадоў. І нас, яўрэяў, усіх сагналі ў гета. І мама сыходзіла ў “рускі” раён знайсці штосьці, каб мы не галадалі, ёй там давалі ежу, і яна нам прыносіла…”

Як тлумачыць Ірына Кашталян, зразумела, што ў дзяцей з гета яшчэ не было сфарміраванае “дарослае” бачанне свету. І аналітычны апарат у іх быў зусім іншы. Таму вышукваць дакладныя гістарычныя факты бывае складана — і не
заўсёды трэба. Аднак пры гэтым экспедыцыя паказала, што часам аповеды ўтрымліваюць унікальную інфармацыю. Інтэрв’юэнты казалі не толькі пра ўнікальныя стратэгіі выжывання, але і пра “месцы” ў горадзе, дзе гэта было магчымым для чалавека з яўрэйскімі каранямі.

Праз успаміны чырвонай ніткай праходзіць тэма голаду і смерці, надзеі і выратавання. “За гады акупацыі ў Мінску было недзе дзесяць пагромаў — немцы арганізоўвалі пагромы, напады на яўрэяў, — апавядае адзін з інтэрв’юэнтаў. — Пагромы былі не кожны дзень, і яўрэі хадзілі на работу — іх прымушалі фашысты працаваць на іх. Мама рабіла на фабрыцы Тэльмана, і калі яна сыходзіла з працы, беларусы давалі ёй з сабой ежу, каб мы не галадалі… А мой старэйшы брат займаўся падпольнай работай”.

Гісторыя Мінскага гета — гэта не толькі трагедыя, але і прыклад гераічнага змагання за жыццё і свабоду. Больш за сто тысяч яго насельнікаў не былі пакорлівай масай, якая моўчкі ішла на смерць. Усе яны хацелі жыць. Адзін з кіраўнікоў мінскага падполля Гірш Смоляр у сваёй кнізе “З Мінскага гета”, выдадзенай яшчэ ў 1946 годзе, пісаў пра масавыя ўцёкі яўрэяў да партызанаў: “Чым больш людзей сыходзіла з гета ў лес, тым мацнейшым было імкненне тых, хто застаўся, як мага хутчэй трапіць у партызанскі атрад”.

Пры прыёме ў атрады часам ставілася ўмова не толькі прыйсці са сваёй зброяй, але і быць прыдатным да актыўнай баявой дзейнасці. Небаяздольныя “адзінкі” — жанчыны, старыя, дзеці — ішлі ў гэтак званыя сямейныя яўрэйскія атрады — Шалома Зорына, Тэўе Бельскага, Ісраэля Лапідуса… Як сведчаць матэрыялы экспедыцыі, шмат хто з апытаных выжыў толькі таму, што трапіў у такі атрад.

— Пры даследаванні гісторыі Мінскага гета ў нашай экспедыцыі, —адзначае Ірына, — нам была важна фіксацыя кожнага асобнага жыццёвага выпадка. Нават калі ён і пярэчыў агульным тэндэнцыям у апісанні тэмы. У гэтым сутнасць якаснага, а не колькаснага падыходу, калі нават на падставе аднаго інтэрв’ю са сведкам праз рознабаковы аналіз можна шукаць пэўныя адказы на няпростыя пытанні, якія не адлюстраваныя ў традыцыйных дакументах.

Дагрукацца да кожнага

Будынак, у якім месціцца Гістарычная майстэрня, знаходзіцца на тэрыторыі былога Мінскага гета. У гады вайны ў ім былі “маліны”, дзе падчас пагромаў хаваліся яўрэі. Пра гэты дом таксама ўзгадвалі сведкі, якіх апытвалі падчас экспедыцыі. Сабраныя дадзеныя дапамогуць узнавіць імёны людзей, якія жылі тут і ў суседніх дамах.

Самі матэрыялы даследавання ўжо размешчаны на сайце Беларускага архіва вуснай гісторыі, даследчыкі і іншыя зацікаўленыя могуць працаваць з імі. Як адзначае Ірына Кашталян, па выніках ліпеньскай экспедыцыі ў Гістарычнай майстэрні рыхтуюцца і адукацыйныя праграмы, прысвечаныя тым трагічным падзеям. Іх у далейшым можна будзе выкарыстоўваць у навучальным працэсе, каб вучні здолелі па-іншаму паглядзець на гістарычныя падзеі.

На думку Ірыны Кашталян, менавіта вусная гісторыя з’яўляецца найлепшым спосабам дагрукацца да юнага пакалення — яна робіць падзеі мінулага бліжэйшымі
для сучаснікаў. Аповед малагадовых сведак куды больш зразумелы сучасным дзецям за мову афіцыйных дакументаў. Выкарыстанне назапашанага падчас экспедыцыі матэрыялу на ўроках гісторыі дазваляе перакідваць “масток” паміж сённяшнім жыццём і далёкай мінуўшчынай. Сухія факты цяперашнюю моладзь не надта цікавяць.

Вусная гісторыя больш атрактыўная і ілюстратыўная, яна даносіць на даступным узроўні інфармацыю пра падзеі мінулага — у тым ліку, і такія складаныя, як Халакост. Успрымаючы іх праз аповеды канкрэтных сведак, сучаснікі могуць зразумець і вызначыць сваё стаўленне і да мінулага, і да будучыні.

 

Генадзь ВОХІН