Трыцыкл пілігрыма Івашына

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Некалі вядомы журналіст і былы музыкант папулярнага гурта ў пошуках новых захапленняў
Налятаўся над нашай планетай ён дастаткова. Дзесьці прызямліўшыся, быццам бы кідаў якар, ды потым зноў выпраўляўся ў іншыя мясцiны. Цяга да іх змены, як мне здаецца, — і сутнасць гэтага чалавека, і перманентны пошук сябе. Ён розны ў прыхільнасцях і захапленнях, але ўсё ж марыць ўкараніцца ў нечым адным: справе, краіне, соцыуме. Сустракайце пілігрыма Максіма ІВАШЫНА.

/i/content/pi/cult/661/14654/13.jpgНяскончаны авантурыст

— Нічога не ведаю пра цябе сённяшняга: дзе, што, як?

— Адчуваю сябе нядрэнна: не бядую, ствараю ў людзей добрае ўражанне. Як фрылансер займаюся піярам розных кампаній, у тым ліку замежных; у пэўным сэнсе я — капірайтар. Пры гэтым, імкнуся “не свяцiцца”.

— І правільна: Макс Івашын ужо шмат дзе “засвяціўся” за сваё жыццё. А колькі нерэалізаваных праектаў у яго! Не абдзелены ён авантурнай жылкай.

— Доля праўды ў тваіх словах ёсць, але грашу на задыяк: мала таго, што я афіцыйна Стралец, дык яшчэ амаль і Змеяносец — на месцы мне не сядзіцца. З таго, што не адбылося, прыгадаю праект “Черчиль” — пашыраны склад дуэта RockerJoker (Міхей Насарогаў і Макс Сіры). Наватвор вельмі весела пачынаўся, творча перспектыўна, і я здзівіўся, калі Міхей з Максам ад яго адмовiлiся. Напэўна, таму, што Сіры ўжо тады бачыў свой шлях як кліпмэйкер i стваральнiк вялікага кіно, якое ён цяпер і здымае, а Насарогаў абраў сольную кар’еру. Быў яшчэ цікавы праект — стварыць за мяжой, а менавiта ў Арабскiх Эмiратах, радыёканал для былых савецкіх і постсавецкіх краін. Мы нават тое-сёе падрыхтавалi, але абяцаных інвестыцый не дачакаліся. А за гэты час у Эміраты прыйшлі буйныя расійскія станцыі. Цяпер я цябе здзіўлю. Гатовы? Мне хочацца зрабіць вельмі просты па канструкцыі і ў выкарыстанні трыцыкл. Магу хоць зараз акрэсліць у падрабязнасцях, як ён будзе выглядаць, яго схему. Я нават звяртаўся да спецыялiстаў, яны падказалi пару крокаў. Але... пакуль ногі не ідуць ды галава iншым занятая.

— Ты ж і на радыё працаваў, і на тэлебачанні.

— На радыё — пазаштатнікам: вёў некалькі музычных праграм на сталічных радыёстанцыях, быў аўтарам некаторых з іх. А на БТ працаваў два гады: у 1998 — 1999-м рэдактарам навукова-папулярных праграм. Ганаруся тым, што паспеў зрабіць перадачу пра майго трэнера па картынгу, увогуле пра гэты вiд спорту, якім калісьці займаўся. I амаль “з экрана” я з’ехаў у Штаты: выйграў грант на паступленне ў аспірантуру факультэта журналістыкі University of Missouri, там абаранiўся i дыплом атрымаў.

— Была ж яшчэ і Канада…

— Пазней, у 2004-м, пасля некалькiх гадоў на радзiме. Пачатак быў цяжкаваты: пэўны час я там наогул не мог знайсці працу. Ніякую. І перш чым атрымалася ўладкавацца ў кампанію, што займалася піярам, прыйшлося і траўку пакасіць, і вокны памыць, і рыдлёўкай пакапаць. У 2009-м у Ванкуверы ў мяне было ўжо ўсё: кватэра, прыстойны заробак, машына, страхоўка. І тут раптам “накрыла”: у адзін цудоўны дзень дайшло, што больш у жыцці нічога не будзе, акрамя як пісаць прэс-рэлізы. Ніякіх кар’ерных і матэрыяльных перспектыў наперадзе! Праз невялікі час я развітаўся з Канадай.

— Але “пад кляновым лістом” расквітнела чарговая твая іпастась. Я маю на ўвазе акцёрства.

— Так, ёсць што прыгадаць. У прыватнасці, трапіў у серыял “Знайсці загінулых”. Гэта так званая псеўдадакументалістыка, відэаверсія работы ваенных археолагаў, якую здымалі сумесна каналы Discovery і BBC. Я там граў нямецкага салдата часоў Першай сусветнай вайны. На жаль, у Беларусі здымаюся мала: моцна ўзрасла канкурэнцыя сярод акцёраў на эпізадычныя ролі. З іншага боку, мы камандай агучылі на беларускай мове некалькі імпартных фільмаў і мульцікаў.

/i/content/pi/cult/661/14654/12.jpgНебясспрэчны крэатыўшчык

— Цяпер шмат кажуць і спрачаюцца аб школьным навучанні. У цябе, як у педагога па адукацыі, ёсць меркаванне на гэты конт?

— Мы з маёй сяброўкай Кацяй неяк на гэтую тэму размаўлялі. Канкрэтна пра тое, як трэба выкладаць у школе і родную гісторыю, і гісторыю наогул. Грамадства сёння можа ацэньваць яе так, а заўтра — у сувязі з новымі абставінамі — па-іншаму. І прыйшлі да высновы: трэба арыентавацца на ўзроставую псіхалогію. У шэсць гадоў дзіця ўжо здольнае да маніпуляцый, але працягвае ўбіраць інфармацыю звонку. І да дасягнення пубертатнага ўзросту дзецям не варта навязваць якія-небудзь жорсткія канстатацыі, парадыгмы. Лепш знаёміць іх з разнастайнасцю поглядаў на нейкую тэму, прапаноўваць ім самім вызначыцца, што яны лічаць правільным, а што не, што сапраўдным, а што скажоным. А вось калі дзіця ператворыцца ў падлетка, можна з ім пагаварыць і “па гамбургскім рахунку”: маўляў, выкладвай, што ў цябе ў галаве, давай аперыраваць фактамі, давай спрачацца, давай знаходзіць агульную мову. Не ведаю, праўда, ці можна назваць такі падыход выкладаннем.

— Што думаеш пра сённяшнюю беларускую культуру?

— Мне цікава тое, што адбываецца ў галіне аўтэнтычных пошукаў — у першую чаргу, вядома, у музыцы. Што яшчэ адкапаў Алег Хаменка, куды ідзе далей Іван Кірчук, сачу за гуртом Re1ikt. “НагУаль” і Port Mone таксама ў сферы маёй увагі. Аб аптымізацыі думаю ў кантэксце таго, куды дзяюцца кнігі з закрытых сельскіх бібліятэк. Раздаюцца па хатах? Я б раздаваў.

Нязбіты музыкант

— Цяперашні “Нейро дюбель” падабаецца?

— Нават вельмі! Мяркуючы па альбоме “Першы”, які вось-вось пабачыць свет і які я ўжо паслухаў, гурт нарэшце добра запісаўся, а рэліз добра звялі. Можна спрачацца — папсова выйшла ці не, але факт: працавалі ў Маскве і, відаць, там каманда кагосьці зацікавіла ў плане раскруткі (у чым велізарная заслуга яе студыйнага і радзей канцэртнага гітарыста Максіма Паравога, які шмат гадоў жыве ў расійскай сталіцы. — А.К.). Дамовяцца “дзюбелі” паміж сабой (трэба гэта ім — не трэба, позна — не позна), рызыкнуць — значыць, будзе зроблена яшчэ адна спроба ў прасоўванні калектыву на небеларускі рынак альтэрнатыўнай музыкі.

— Трэці сольны альбом у цябе выйдзе, матэрыял збіраецца на яго?

— Думкі на гэты конт ёсць, але ці дойдзе справа да запісу і рэлізу — хоць бы інтэрнэтаўскага, пакуль казаць занадта рана. Абы што выпускаць не хочацца. Вырашу, што ёсць у гэтым сэнс, тады шчыльна і займуся. Але тое, што музыкай буду
займацца — у якім-небудзь выглядзе — адназначна.

— А ў журналістыку няма жадання вярнуцца, у друкаваную?

— Яна мяне зусім перастала цікавіць. І справа нават не ў тым, што экран перамагае паперу, і таму мне не хочацца быць у лагеры тых, хто прайграе. Мне стала нецікавая любая журналістыка — і друкаваная, і “сеткавая”. Там і там ёсць добрае, прафесійнае, і ёсць дрэннае, і якасцю жудаснае. Справа простая — я “аб’еўся” і той, і іншай, і трэцяй, і чацвёртай. Замест журналістыкі рэдагую кнігі беларускіх аўтараў. Па жанры гэта нешта кшталту фэнтазі.

— Няўжо ёсць хоць нешта, чым ты яшчэ не займаўся?!

— Адкажу так: я адкрыты для прапаноў!

Даведка

Максім ІВАШЫН, 47 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. У 1992 годзе скончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Працаваў карэспандэнтам у газетах “Знамя юности”, “Вечерний Минск”, “Ва-Банкъ”, друкаваўся ў іншых выданнях. Здымаўся ў эпізадычных ролях у кіно. Адзінаццаць гадоў быў клавішнікам гурта “Нейро дюбель”, запісаў два сольныя альбомы. У цяперашні час — эксперт па камунікацыях.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"