Дрэс-код для краязнаўства

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Калі доўга не пішу пра бібліятэкараў і іхнюю клапатлівую кніжную справу, становіцца ніякавата. Не ў сваёй талерцы сябе адчуваю. Цяпер — якраз тая сітуацыя. Таму тэрмінова звязаўся з Віктарам Бузаноўскім, адзіным мужчынам-бібліятэкарам на ўвесь Асіповіцкі раён. А мо і на ўсю Беларусь. Віктар Антонавіч распавёў, што школа ў роднай вёсцы Градзянка ўжо зачынена, але чытачоў хапае, кніжнымі паступленнямі ён задаволены, а пэўныя школьнікі нават з мамамі ў бібліятэку прыходзяць. Узорнай у гэтым плане была сям’я Пятроўскіх. Аднак дзеці вырастаюць і раз’язджаюцца па свеце. А яшчэ ходзяць да Бузаноўскага пенсіянеры, бо на рэкламным шчыце ля ўстановы сярод бясплатных паслуг пазначана і такая: “Пагаварыць з бібліятэкарам”. Дарэчы, шчыт гэты днямі скралі. Кніжкі вучаць дабрыні толькі тых, хто іх чытае. І бібліятэкар перакананы, што злодзей — не ягоны кліент. Вось так мяняецца вёска. Якой бы была яна на сёння, каб не кніжніцы? Пра ўсё гэта і гаварылі вяскоўцы на бібліятэчным мерапрыемстве з нагоды Дня маці. Гэтае свята ў рэспубліцы стала галоўнай падзеяй апошніх дзён, што заўважна і па рэдакцыйнай пошце.

/i/content/pi/cult/661/14651/15.jpgУ той дзень мамы атрымалі самыя розныя падарункі. Бібліятэкар Іванаўскай дзіцячай бібліятэкі Гульміра Сідаровіч паведамляе, што ў Майстэрні цудаў, якая дзейнічае пры ўстанове, юныя чытачы падрыхтавалі букеты ў тэхніцы світ-дызайн: адмысловыя кампазіцыі з кандытарскіх вырабаў. Мамы атрымалі гэтыя шчырыя падарункі падчас святочнага пасяджэння клуба сямейнага чытання “Элегія”.

Цяпер гаворка — пра музычныя падарункі. У Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў навучэнцы класа скрыпкі разам з настаўнікамі Таццянай Чэрскай і Ірынай Асмольскай падрыхтавалі мамам ды бабулям канцэртную праграму. Пра гэта напісала намеснік дырэктара школы Таццяна Печкур. “Адкрылі музычны вечар, — паведамляе яна, — першаклашкі Дамініка Бойка, Ліза Печкур, Яна Навіцкая. Ярка выступіў і ансамбль скрыпачоў”. У той жа дзень у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў спявалі пра маму вучні музычнага класа згаданай школы ў аграгарадку Жупраны. Распавядае Таццяна Печкур і пра тое, што днямі да іх у школу завіталі артысты Гродзенскай абласной філармоніі. Канцэрт таксама быў прымеркаваны да Міжнароднага Дня маці.

Чарга — за віншаваннямі паэтычнымі. Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі зладзіла літаратурнае пасяджэнне “Мілы вобраз”. У выкананні дзевяцікласнікаў сярэдняй школы № 1 гучалі кранальныя словы пра маці. Яна — не толькі добрыя вочы, клапатлівае сэрца ды пяшчотныя рукі. Маці — гэта яшчэ і анёл-ахоўнік, сімвал бацькоўскага дома, крыніца дабрыні, любові, цярпення. Гродзенскі паэт Уладзімір Пятроў прачытаў падчас мерапрыемства свае вершы.

А сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Таіса Іванова наведала Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна горада Мінска “Зорка”. Пра гэта распавядае педагог-арганізатар “Зоркі” Валянціна Яргольская. Візіт літаратара арганізаваў клуб цікавых сустрэч. Таіса Іванова распавяла пра гісторыю свята “Дзень маці”, пачытала свае творы, паўдзельнічала разам са школьнікамі ў фальклорнай гульні.

Наступнае віншаванне — сінтэтычнае. Справа ў тым, што Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Міколы Засіма правяла літаратурна-музычную кампазіцыю “А сэрца маці паранена вайной”. Гаворка ішла пра лёс шматдзетных жанчын, сыны якіх загінулі ў гады Першай сусветнай вайны або пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане.

І апошнае віншаванне — ад Барбары Радзівіл. Установы культуры аграгарадка Геранёны (Іўеўскі раён), натхнёныя прыцягальным вобразам гістарычнай асобы, зладзілі ўрачысты прыём “Рэха забытага балю ў Барбары Радзівіл”. Загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель піша: “Прысутныя вярнуліся ў XVI стагоддзе, калі старадаўнія Геранёны належалі Гаштольдам, а Барбара Радзівіл была жонкай ваяводы Станіслава. Менавіта яна і стала гаспадыняй сучаснага балю. Пад гукі сярэднявечнай музыкі Барбара ў суправаджэнні світы вітала гасцей. На баль завіталі княгіня Ева, уладарка зямель іўеўскіх, і граф Уладзіслаў Умястоўскі, гаспадар жэмыслаўльскага краю, з жонкай Янінай і маці Юзэфай”. Працавала выстава веераў, можна было набыць сувенір ды паслухаць канцэрт класічнай музыкі ансамбля Raffika Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Тэма Дня маці вычарпана, а тэма балю — не. Сёння, увечары 21 кастрычніка, у Мірскім замку адбудзецца восеньскі баль у стылі ампір “Імяніны Дамініка”. Музей “Замкавы комплекс “Мір” запрашае ўсіх дам і кавалераў. Гэтым разам машына часу перанясе ахвотных у XIX стагоддзе, калі замкам уладарыў Дамінік Радзівіл. Партрэтная зала напагатове! А гасцей чакае процьма сюрпрызаў. Варта толькі не забыцца на дрэс-код: для дам — сукенка ў стылі ампір і
абутак без абцасаў, для кавалераў — строгі касцюм.

/i/content/pi/cult/661/14651/16.jpgА вось для краязнаўства дрэс-код — вольны. Гісторыю Айчыны можна вывучаць і ў джынсах. Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС Браслаўскага раёна Валянціна Лук’янава паведамляе пра краязнаўчыя здабыткі калег. Папулярызуюць нашу спадчыну этнаграфічныя куткі, якія арганізаваны ў Друеўскай, Слабодкаўскай, Пагашчанскай бібліятэках. А летапісы вёсак у раёне пачалі складацца яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя. Вынікам стала стварэнне грунтоўнага выдання “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць. Браслаўскі раён”. Ва ўсіх бібліятэках вядуцца краязнаўчыя картатэкі.

Пра раённы фестываль народнай творчасці сельскіх устаноў культуры “Крыніца душы” напісала Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна. У адзінаццатым па ліку фестывалі бралі ўдзел дзесяць сельскіх клубных устаноў. А падрыхтоўка вялася цягам года. На сцэне раённага цэнтра культуры самадзейныя артысты змагаліся за права называцца лепшымі ў чатырнаццаці намінацыях.

Ушачы запрашаюць сёння на абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца-2017”. У праграме — рэканструкцыя абраду пачатку XX стагоддзя на матэрыялах Ушацкага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага раёнаў; конкурсная праграма калектываў і асобных выканаўцаў; прэзентацыя абрадавых страў і вясельных куткоў. Конкурсная праграма пройдзе на сцэне Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Пры ацэнцы выступленняў будуць улічвацца выкарыстанне аўтэнтычнага рэгіянальнага матэрыялу; ужыванне традыцыйных касцюмаў, музычных інструментаў і адпаведнага рэквізіту; захаванасць мясцовага дыялекту.

Ашмянская раённая бібліятэка правяла чарговае пасяджэнне клуба “Сустрэча”, прысвечанае 70-годдзю мясцовага народнага драматычнага тэатра. Кіраўнік клуба Святлана Галінская распавядае: “Была згадана гісторыя калектыву. Артысты тэатра Наталля Ягела і Андрэй Кузьменка паказалі сцэну са спектакля па п’есе Аляксея Дударава “Чорная панна Нясвіжа”. Дэманстравалася відэапрэзентацыя “Тэатральнае жыццё: мінулае і дзень сённяшні”. Рэжысёр Людміла Спірыдонава падзялілася думкамі аб новых пастаноўках”.

Разам з намеснікам дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццянай Спаткай наша рэдакцыя парадавалася таму, што на творчым небасхіле ўстановы запалілася яшчэ адна яркая зорачка — вакальны ансамбль “Бліскавіца”, якім кіруе Галіна Шнырко. Калектыў удала выступіў на фестывалі-конкурсе імя Ганны Герман “Эўрыдыка”, які праходзіў у Мінску, і заняў другое месца. Таццяна Спаткай з гонарам і вялікай павагай назвала ўсіх харызматычных спявачак-прыгажунь “Бліскавіцы”: Кацярыну Хадневіч, Маргарыту Леановіч, Алену Міклушову, Аксану Манжура, Настассю Каленціёнак, Галіну Шнырко. Асаблівае “дзякуй” выказала аўтар допісу стваральніку касцюмаў для вакалістак Алене Татарын.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"