Перараджэнне “Спартака”

№ 42 (1325) 21.10.2017 - 27.10.2017 г

Легендарнаму беларускаму харэографу Валянціну Елізар’еву 30 кастрычніка спаўняецца 70 гадоў. Да свайго юбілею народны артыст СССР рыхтуе новую рэдакцыю балета “Спартак”. Прэм’ера адбудзецца 31 кастрычніка, але “К” ужо зазірнула ў Вялікі тэатр, дзе актыўна ідуць рэпетыцыі і аднаўляюцца касцюмы з дэкарацыямі.

/i/content/pi/cult/661/14648/13.jpg“Спартак” з’явіўся ў рэпертуары Вялікага тэатра ў 1980 годзе і ўпэўнена трымаецца дагэтуль як адзін з найскладаных мужчынскіх балетаў і адзін з найлепшых спектакляў, пастаўленых Валянцінам Елізар’евым. Напярэдадні юбілею народны артыст СССР, знаны харэограф, балетмайстар, педагог, уладальнік медаля UNESCO “Пяць кантынентаў” упершыню за апошнія восем гадоў ідзе ў тэатр на працу, каб крыху змяніць “Спартака”. Умовы для гэтага таксама амаль спартанскія — не больш за дзясятак рэпетыцый.

— Балет за час свайго існавання бачылі больш як у дваццаці краінах свету і, мне здаецца, што ён з’яўляецца адным з тых спектакляў, якія паказваюць узровень трупы, — кажа Валянцін Мікалаевіч. — На яго і зараз ёсць попыт, але для сучаснага балета 37 гадоў — вялікі тэрмін. Я паспрабую ўдыхнуць у яго новае жыццё. Канцэпцыя спектакля застанецца старой — лічу, што нічога мяняць не трэба. Калі ў мяне хопіць часу, то паспрабую пераглядзець некаторыя сцэны і зрабіць іх больш напоўненымі. Выканаўцы ў кардэбалеце часам танцуюць з пустымі вачыма, а так быць не павінна — мне хочацца, каб яны разумелі, пра што танцуюць. Таксама паспрабую ўвесці ў балет новых выканаўцаў. Папрацую і над святлом. Не думаю, што ў гэтым балеце на сцэне павінен пераважаць чырвоны колер. Хочацца сыграць на кантрастах: ад белага да пранізлівага сіняга.

“Адзін з самых складаных мужчынскіх балетаў!”

Сярод выканаўцаў галоўнай партыі называліся імёны Уладзіміра Камкова, Веніяміна Захарава, Юрыя Траяна. Але не менш цікавы ў гэтым балеце вобраз разбэшчанага Краса, і самым знакамітым рымскім палкаводцам на айчыннай сцэне быў народны артыст Беларусі Віктар Саркісьян.

— Валянцін Елізар’еў ставіў балет “Спартак” у разліку на вядучых выканаўцаў і адштурхоўваўся ад іх магчымасцяў, — узгадвае Віктар Уладзіміравіч. — Я вельмі задаволены, што Валянцін Мікалаевіч мне даверыў партыю Краса. Гэты герой стаў для мяне поўным ператварэннем, бо ў жыцці я зусім не злы, але ў Елізар’ева атрымалася выбіць з мяне гнеў. Не перабольшу, калі скажу, што гэта адзін з самых складаных мужчынскіх балетаў, дзе трэба максімальна працаваць усе тры акты. Апошні раз глядзеў “Спартака” паўгода таму. Спектакль мне не спадабаўся, бо многія харэаграфічныя фразы былі перароблены. Здавалася, што артысты проста механічна выконваюць ролі.

Цяпер у спектаклі задзейнічаныя Антон Краўчанка, Дзяніс Клімук, Ігар Аношка, Ягор Азаркевіч, Канстанцін Кузняцоў, Алег Яромкін, Юрый Кавалёў і іншыя.

/i/content/pi/cult/661/14648/14.jpgДэкарацыі і касцюмы — не адрозніць ад старых

Змен патрабавала не толькі пастаноўка. Мастак-скульптар Таццяна Байдавала кажа, што рэквізіт да спектакля захаваўся ў добрым стане, але яго ўсё ж такі падрамантавалі.

— На аднаўленне дэкарацый сышло паўтара месяца, бо ў “Спартаку” яны даволі аб’ёмныя, — расказвае начальнік майстэрні па афармленні спектакляў Жанна Александровіч. — Дзесьці давялося замяніць кавалкі тканіны, дзесьці — дадаць аплікацыю ці “ажывіць” размалёўку. Аднаўлялі ўсё ў той жа ручной тэхніцы і тыя ж спецыялісты, якія працавалі над дэкарацыямі амаль 40 гадоў таму. За гэты час трохі абсыпаўся поталь — тонкія лісты металу або сплаваў медзі з цынкам ці алюмінію, якія выкарыстоўваюць для аздаблення замест пазалоты. Дэкарацыі зроблены на мешкавіне, часам з яе можа абсыпацца фарба, таму таксама дзесьці палотны замянілі. Мне здаецца, што з абноўленымі дэкарацыямі спектакль ажыў!

Новымі ў балеце будуць і касцюмы, але ствараліся яны па ўзорах старых.

— Глядач не адрозніць, — упэўнена начальнік майстэрні па пашыве касцюмаў Тамара Макарэвіч. — Жаночыя касцюмы шылі з тых жа самых тканін: рагожы і бязі. Напрыклад, рагожа вельмі доўга служыць і амаль не знашваецца. Мужчынскія касцюмы шылі з натуральнай скуры, а яе цяпер амаль што не выкарыстоўваюць. Старыя касцюмы праслужылі амаль 40 гадоў і выглядаюць даволі добра, але ўсё ж такі іх ужо трэба было абнавіць.

Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў “Спартак” застаецца балетам, які заўсёды збірае поўныя залы. На паказ 31 кастрычніка білеты скончыліся яшчэ за месяц да спектакля. Як і на юбілейны вечар Валянціна Елізар’ева 2 лістапада, калі павіншаваць Маэстра ў Мінск прыедуць зоркі сусветнага балета.

Іна КОРСАК