Эксперты ў дапамогу марсіянам

№ 41 (1324) 14.10.2017 - 20.10.2017 г

Яшчэ параўнальна нядаўна паняцце біялагічнай разнастайнасці было для чалавецтва пустым гукам, і непатрэбныя ў гаспадарцы стварэнні наўрад ці маглі разлічваць хоць на якую спагаду. Сёння, вядома, сітуацыя змянілася, і прагматызм ужо не ставіцца ў галаву кута. Такі самы падыход стаў сусветным трэндам і ў культуры. Вось і ў Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтва днямі прайшла канферэнцыя на тэму разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення. Тэма для нас злабадзённая — асабліва калі ўявіць, якія песні чулі ўдзельнікі форуму, едучы на пленарнае пасяджэнне ў маршрутцы з уключанай магнітолай. Там такая культурная разнастайнасць… Калі марсіяне вырашаць вывучыць нашу музыку паводле гэтых плэйлістоў, яны зняверацца ў зямной цывілізацыі. Ды, на шчасце, цікаўныя прыхадні могуць адшукаць і іншыя крыніцы даследавання.

Не так даўно эксперты аднайменнага сайта, які мае належны аўтарытэт сярод музыкантаў і сур’ёзных аматараў, аб’явілі свой прамежкавы топ-10 лепшых альбомаў года. Кагосьці ён можа здзівіць, а кагосьці, напэўна абурыць. Мяркуйце самі: плытка Naviband, чый хіт гучыць ці не з кожнага прасу (і, па-мойму, гэта лепшае, што можна адтуль гучаць), заняла ганаровую апошнюю пазіцыю, падзяліўшы яе, напрыклад, з трыа эксперыментатараў Buben-Narushevich-Baisan, якому наўрад ці собіць хоць раз залунаць на FM-хвалях. Дый гэта яшчэ нічога: свежы рэліз гурта Brutto, які акурат у справаздачны перыяд збіраў па ўсёй Беларусі шматтысячныя залы, і ўвогуле праляцеў міма рэйтынгу!

Затое, другое месца ў ім займае альбом Autonomicon. Калі пераможца — стабільны фаварыт экспертаў TonqiXod — можа сабраць на білетны канцэрт у Мінску пару соцень гледачоў, дык гэты гродзенскі праект малавядомы нават у самых вузкіх колах. Дазнаўся пра яго менавіта дзякуючы рэйтынгу — і з задавальненнем занурыўся ў вязкае музычна-літаратурнае месіва, слаба падуладнае стылістычнай класіфікацыі. Гэта нешта свежае, небанальнае — і ўжо таму вартае ўвагі.

На сайце “Эксперты” ёсць адна прыемная завядзёнка. У адрозненне ад многіх іншых рэйтынгаў, суддзі заўсёды тлумачаць свае ацэнкі ў кароткіх рэцэнзіях. Сярод гэтых крытыкаў неяк не прынята апеляваць да такіх параметраў, як “табелі аб рангах” альбо камерцыйны поспех — для іх важны найперш мастацкі змест. Кожны падпісваецца ўласным імём — ды, адпаведна, адказвае за свае словы. І ніякай “джынсы”, якую апошнім часам называюць прыгожым эўфемізмам “натыўная рэклама”.

Тут будзе дарэчы ўвогуле задумацца пра ролю крытыка — у прыватнасці, музычнага. Раней ад іх меркавання залежаў камерцыйны поспех дыска. Сёння ж, калі дыскі ўжо амаль ніхто не выпускае, кожны слухач можа спампаваць альбом у інтэрнэце ды скласці пра яго ўражанні самастойна. Іншая справа, што ў цяперашнім бурлівым свеце цікаўнаму спажыўцу патрэбны нейкі навігатар, альтэрнатыўны механізмам рэкламы і піяру, якія чым далей, тым лепей засвойваюць рынак.

Палітра айчыннай музыкі, адлюстраваная ў згаданым топе экспертаў, дзівіць органы пачуццяў не меней за развалы морапрадуктаў на міжземнаморскім кірмашы. Тут ёсць і неартадаксальны арт-рок, і лоў-фай поп, і готык-метал, і шугейз… Усё гэта ў сукупнасці наўрад ці прыйдзецца камусьці да густу, але пакаштаваць кожны з тых прадуктаў так ці іначай будзе цікава і пазнавальна.

Амаль усіх іх аб’ядноўвае адно: рынку яны не патрэбныя. Рынак гэтых марсіянаў ад музыкі папросту не заўважыць, а калі і заўважыць, дык пройдзе міма. На іх касу не зробіш. А спрачацца з законамі рынка — тое самае, што спрачацца з законамі фізікі. Куды прадуктыўней адстойваць альтэрнатыўныя і непадуладныя логіцы рынку крытэрыі ацэнкі.

І ў “Экспертаў” атрымліваецца. Без сумневу, гэты праект сяк-так уплывае на агульную музычную сітуацыю. З’яўляюцца новыя цікавыя і зусім нефарматныя праекты, а музыканты выграбаюць з кішэняў апошнія пенязі, каб зрабіць сабе якасны запіс, бо ведаюць, што яго будуць ацэньваць — прыдзірліва і па гамбургскім рахунку. Ды і публіка даведваецца шмат новага — прынамсі, у маёй асобе дакладна.

Вядома, адзін такі сайт надвор’я не зробіць. Але сам прыклад даволі ўражвальны. Ён сведчыць, што рэальна дзейсныя механізмы памнажэння культурнай разнастайнасці ўсё ж існуюць.