Адзінота ў чалавечым мурашніку

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Як зрабіць так, каб глядач сціснуўся ў камяк і на працягу ўсёй дзеі не пераводзіў дыханне? Можна распачаць з ім жорсткую размову пра каханне, якога людзі так прагнуць і ад якога ўвесь час збягаюць у абдымкі татальнай адзіноты. Менавіта такі расповед прапанаваў Яўген Карняг, узяўшы за аснову мову цела: у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера візуальнай паэзіі “Бетон”.

/i/content/pi/cult/659/14609/11.jpg

Яўген Карняг у другі раз прыходзіць на дзяржаўныя падмосткі. Пасля эксцэнтрычнага “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” ў сталічным Тэатры лялек рэжысёр звярнуўся да супрацьлеглага па эмацыйным складніку класічнага міфа пра Арфея і Эўрыдыку. У РТБД для ўвасаблення новага матэрыялу ён паклікаў правераную каманду: мастака, лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі, уладальніцу “Залатой маскі” Таццяну Нерсісян і кампазітара Мікіту Залатара. Адно спалучэнне гэтых прозвішчаў у афішы сталася найлепшым магнітам для сталічных аматараў Мельпамены.

Апошнія тэатральныя прэм’еры не заўсёды апраўдвалі чаканні прыхільнікаў, але ў сітуацыі з “Бетонам” вынік перавысіў самыя смелыя прадчуванні. У спадара Залатара атрымалася спалучыць у музычным афармленні трапяткі подых старажытнагрэчаскай гісторыі і жорсткае скрыгатанне сучаснага горада — мурашніка з аднатыпна-бяздушнымі шэрымі збудаваннямі, куды добраахвотна замыкаюць сябе трапяткія, на першы погляд, людзі.

Лёгка ўзгрувасціць на падмостках копію карабля з усімі дэталямі, але ці проста візуалізаваць бязмежнасць адзіноцтва? Спадарыня Нерсісян зрабіла амаль немагчымае: ажывіла бясконцую аднастайную сцяну, што бетонам замуроўвае пачуцці. Лаканічная роўнядзь шэрасці за амаль паўтары гадзіны аддае глядзельнай зале свае таямніцы, расчыняючы сакрэтныя пакойчыкі, заманьваючы ў патаемныя дзверы. Жывая, быццам разумны Акіян Станіслава Лема, сцяна прынароўліваецца пад патрэбы герояў, дорачы апошнім то акенцы ў магчымую будучыню, то прыступкі ў смяротную бездань… Раз-пораз яна ператвараецца ў суцэльны экран, што ажыўляе кветкі, плача дажджом ці выпускае наўздагон за Эўрыдыкай пагібельнага Сатыра.

Тыя заціснутыя сцэнаграфічныя аб’ёмы, што заўсёды нечакана з’яўляюцца перад гледачом, Яўген Карняг знарок запаўняе то стосамі чалавечых цел, то дратамі ног, то рукамі, што ўюцца змеямі. Выступіўшы ў пастаноўцы яшчэ і мастаком па святле, рэжысёр з дапамогай лаканічных прыёмаў абвастрае адчуванне недахопу асабістай прасторы для кожнага. На сцэне, як часта і ў рэальным жыцці, людзі ходзяць практычна адзін па адным, але фізічная блізкасць яшчэ не гарантыя духоўнай шчырасці і таго, што асоба знойдзе сабе месца сярод натоўпу.

Натуральна было чакаць у акцёрскім ансамблі спрэс тэатральную моладзь. З якім жа захапленнем (і на не першым дзясятку хвілін) прыходзіць усведамленне, што сярод гэтых гнуткіх, няўрымслівых Эўрыдык з шыкоўнай пластыкай задае тон заслужаная артыстка Беларусі Людміла Сідаркевіч! Мяркую, для ўсіх артыстаў гэты спектакль стане этапным у прафесіі, бо, па маім адчуванні, яшчэ ніколі ў РТБД не было пастаноўкі такой тэхнічнай складанасці. Спектакль на стыку пластыкі і танца патрабуе ад дзесяці акцёраў не толькі цялеснай эмацыянальнасці, умення трапна гаварыць рухамі, але і надзвычайнай выканальніцкай дакладнасці. Спадар Карняг на дзіва густа насыціў тканіну сцэнічнага дзеяння амаль што цыркавымі трукамі, цытатамі з тэатра лялек, акрабатычнымі пасажамі і небяспечнымі элементамі, калі ў публікі зусім нетэатральна ёкае сэрца...

Пры такой канцэнтрычнасці матэрыялу акцёрам былі неабходны “вокны” для ўзяцця дыхання. Адна з іх — сцэна суцэльнага прызнання ў каханні ўсіх да ўсіх, калі і артысты змаглі “адарвацца”, і гледачы перавесці дух перад чарговым занурэннем у глыбіні сябе самога. Некаторыя ж устаўныя нумары маглі б нават прэтэндаваць на асобнае жыццё — напрыклад, цудоўная “заблытанасць” у бакалах шматрукай гераіні Людмілы Сідаркевіч, ці “чайныя” па Гражыны Быкавай пад рукатворным дажджом з імбрычкаў.

На працягу спектакля па тым гіпнатычным бетоне артэрыяй пульсуе жаданне кахання: бягучы радок агучвае немудрагелістыя прапановы мужчын і жанчын пазнаёміцца. І не мае значэння, колькі каму гадоў, ці насамрэч сур’ёзная канчатковая мэта таго запрашэння — людзі дранцвеюць у адзіноцтве, вось толькі ці адныя муры ў тым вінаватыя? У часы высокіх тэхналогій, гаджатаў і адчування татальнай даступнасці, людзям усё так жа цяжка вырвацца з бетону забабонаў, арматуры боязі, з гіпсу няўмення завязаць шчырую размову.

Яўген Карняг выводзіць на сцэну мноства Арфееў і Эўрыдык, ўдалымі пластычнымі эцюдамі ён дабіваецца адчування бясконцага ланцугу твараў, што праплываюць скрозь цябе. Рэжысёр прапануе паглядзець на дзіўную эвалюцыю чалавечых зносін. Грэкі спявалі пра закаханага, які не пабаяўся спусціцца за каханнем у абшары Смерці, а пасля няспраўджанага выратавання працягваў прысвячаць сябе адзінай суджанай. Сучасныя арфеі маюць на запасным аэрадроме інтэрнэту з дзясятак магчымых эўрыдык, а тыя пры першай жа непрыемнай дробязі гатовы замяніць каханка на яго дубль — гэта прасцей, чым шукаць выйсце ва ўзаемаразуменні. Сваю галоўную думку рэжысёр выносіць на праграмку да спектакля: “Тысячы і тысячы ўнутраных кіламетраў у надзеі збегчы ад кахання альбо ад яго адсутнасці… Пошук паратунку ў тым жа, ад чаго бяжым…”

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"