Каб не вусны...
— Растлумач маладому пакаленню, што з сябе ўяўляў сталічны гурт “Ы.Ы.Ы.”, якi некаторыя меламаны лічаць культавым. Чаму, дарэчы?
— Хай маладое пакаленне знойдзе ў інтэрнэце песню “Усё нармальна, мама” — але ў версіі “Ы.Ы.Ы”, а не Элвіса Прэслі або аднайменнай айчыннай тэлепраграмы — і тады наконт культавасцi гурта яму стане ўсё зразумела. Вельмі мала падобнага было на постсавецкай музычнай прасторы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Мне і сёння цяжка дакладна вызначыць стылістыку, у якой мы гралі. Нешта было ўзятае ад кабарэ, нешта — ад класічнага панка: жорсткія гітары, агрэсіўныя рыфы. Плюс духавая секцыя, бэк-вакалісткі. Плюс канцэртны дрэс-код: хлопчыкі ў касцюмах і ідыёцкіх акулярах, дзяўчаты ў парыках i яркіх квятчастых сукенках, і франтмэн Вася Шугалей — у дзікай апранасе. І песні былі такія самыя, яны яўна ішлі ўразрэз з тагачаснай эстрадай, але пры гэтым усё — пра каханне, як яго разумеў ідэолаг гурта. Дзякуючы таму карнавалу і склалася кола прыхільнікаў — са звычайнай публікі, арганізатараў канцэртаў і фестываляў, мацёрых крытыкаў.
“Ы.Ы.Ы.” культавы яшчэ і таму, што, безумоўна, стаў папярэднікам “Ляпіса Трубяцкога”, які, у сваю чаргу, спарадзіў “Лепрыконсаў”, пасля чаго ўзнікла процьма калектываў падобнага кшталту, самым вядомым з якіх я бы назваў “Ленінград” (вось толькі абсцэннай лексікі ў нашых песнях было значна менш).
— Ну так, “дудкі” ўсе гэтыя. А ты трубу абраў...
— На вусны мае паглядзі — самыя прыдатныя для амбушуры! Гены яшчэ, можа, сваю ролю адыгралі — у мяне ж тата флейтыст. Я з задавальненнем пачынаў займацца ва ўсіх спецыяльных установах, праз якія прайшоў: і ў музычнай школе, і ў вучэльні імя Глінкі, і ў “кульку”. Але паступова запал ува мне згасаў. Да ўсяго, я тады жудасна хваляваўся падчас публічных сваіх выступаў, будзь то экзамены або канцэрты. Зорак з неба, карацей, не хапаў.
— Аднак ідэолаг “Ы.Ы.Ы.” Васіль Шугалей цябе ў гурт паклікаў.
— У 1991 годзе. Але, між іншым, гэта я яго спярша запрасіў паўдзельнічаць у адным са святочных мерапрыемстваў, якія праходзілі ў вучэльні (Вася таксама ў ёй вучыўся). Памятаю, Шугалей прыцягнуў кніжачку з творамі Данііла Хармса: маўляў, можа, нешта з яе для “капусніку” спатрэбіцца. Менавіта дзякуючы ёй я назаўсёды на Хармса і “падсеў”. У выніку, Вася ад майго запрашэння адмовіўся, але, даведаўшыся, што я граю на трубе, завабіў мяне ў “Ы.Ы.Ы.”.
— Чаму ж такiм кароткім аказаўся век гэтай самабытнай каманды?
— Выступалі для тых гадоў мы актыўна — і ў Беларусі і за яе межамі. Я з нейкага моманту ўзяў на сябе абавязкі адміністратара гурта: праводзіў рэпетыцыі, прабіваў канцэрты. Было няпроста: у “Ы.Ы.Ы.” уваходзіла аж да дванаццаці чалавек, і не кожны арганізатар мог пацягнуць у фінансавым плане прывезці такі натоўп!
Да ўсяго, Шугалей заўсёды фантанаваў не толькі музыкай — ён яшчэ і пісаў вершы, маляваў карціны. Урэшце, ад “Ы.Ы.Ы.” ён проста стаміўся і годзе ў 1993-м закрыў яго — прынамсі, як пастаянны канцэртны склад. Да комы з гурта ўжо “вылупіўся” фольк-праект “БазЫлькi” — з практычна тымі ж самымі музыкантамі плюс віяланчэль. А пасля таго, як Вася ў сярэдзіне 1990-х канчаткова пераехаў у Маскву, узнік дуэт “Чоко & Боко”. Потым Шугалей стаў суарганізатарам тэлешоу “Сюрпрыз для Алы Пугачовай”, сабраў гурт “20000 зажЫгалок”, з кіно нешта там замуціў. Планаў шмат у яго было, у тым ліку, і датычных Беларусі. Я меў з ім зносіны аж да яго забойства ў 2004 годзе...
Каб усім было добра
— Скончыўшы ў 1997-м універ, ты ў музыцы не застаўся...
— А я ў той год ужо паспрабаваў сябе ў ролі бізнесмена — у фірме, звязанай з аптовым сыравінным гандлем. У мяне была маладая сям’я, сын нарадзіўся, і такім чынам я зарабляў грошы, прычым нядрэнныя. Але ў 2003-м мне зноў стала сумна, і я вярнуўся ў музыку, стварыўшы разам з Ігарам Плевiным студыю гуказапісу. Нейкіх глабальных рэвалюцый мы здзяйсняць не збіраліся — проста прапанавалі іншы падыход да якасці запісу. Яна тады ў краіне знаходзілася на ўзроўні 1990-х гадоў, мы ж імкнуліся зрабіць яе сучаснай і больш выразнай. Каб добра быў чутны кожны інструмент, каб ствараліся сапраўдныя аранжыроўкі, а не абы-што.
Мы практычна адмовіліся ад пагадзіннай аплаты нашай працы музыкантамі (“лічыльнік”, які пастаянна накручвае грошы, шмат у чым і ўплывае на якасць, бо паспешлівасць спараджае невыразнасць). Яны запісваліся столькі, колькі ім трэба было, і цэннік для іх не задзіраўся. Студыя магла б нядрэнна зарабляць, каб яна працавала па звыклай ва ўсім свеце пагадзіннай схеме, але для нас самым важным было атрыманне менавіта якаснага прадукту. Таму і артысты сюды ішлі.
— З вамі, альтруістамі, мне ўсё ясна. А хто прайшоў праз вашы вушы?
— Гурты “Нейро Дюбель”, The UNB, Naka, “Серебрянная свадьба”, “Красные звезды”, усе праекты Міхея Насарогава, Аляксандр Памідораў, Дзядзька Ваня... Але мы не толькі музыку запісвалі, а займаліся агучкай кінастужак (у прыватнасці тых, якія ў Мінску здымалі расійскія кампаніі), у нас дубляваліся на беларускай мове замежныя фільмы.
— Студыя па-ранейшаму працуе, так?
— Як ні дзіўна. І я па-ранейшаму яе дырэктар. Болей за тое — дасягнуўшы пастаўленай мэты — сучаснага якаснага запісу, я вырашыў выпрабаваць свае сілы ў клубнай сферы.
— Ведаю-ведаю, ты з’яўляешся арт-дырэктарам аднаго са сталічных клубаў. І з чаго складаюцца твае абавязкі?
— Зрабіць так, каб і музыкантам тут было ўтульна, і публіцы. І каб сам клуб ушчэнт не прагарэў, вядома. У Мiнску вельмі мала месцаў, дзе граецца, назавем яе так, альтэрнатыўная музыка. Гэта, вядома, праблема, бо андэрграўндных выканаўцаў у нас процьма — хаця пра гэта мала хто ведае. Не ўсім жа граць у падземных пераходах — камусьці хочацца выйсці на сцэну і знайсці канкрэтна свайго слухача. Мы свядома даем пляцоўку менавіта такім выканаўцам — часам вельмі некамерцыйным. У асноўным, у нас прадстаўлены “цяжкія” і панк-склады, хіп-хоперы. У клубе “засвяціліся” і замежныя артысты — з Японіі, напрыклад. І ніякіх кавераў — страўнікі публікі тут не абслугоўваюць!
— Канцэрты экстрэмальных гуртоў нярэдка забараняюцца: тэксты ў іх сам ведаеш, якія бываюць. Тваё да гэтага стаўленне?
— Мне зразумела, калі выступы адмяняюцца з прычыны таго, што ў песнях музыкантаў ёсць нейкія экстрэмісцкія пасылы. Ды і ўвогуле, тыя “мастсаветы”, якія ў нас у пэўным фармаце існуюць і дасюль — рэч не зусім бессэнсоўная. Але асабіста мне хацелася б ведаць, скажам, што канкрэтна маецца на ўвазе пад фармулёўкай “нізкі мастацкі ўзровень” — а яе часам прымяняюць у падобных выпадках.
— Задаволены тым, як з 2013 года развіваецца яшчэ адно тваё “дзіця” — прэмія Rock Profi, сузаснавальнікам якой ты з’яўляешся?
— У цэлым так, але для таго, каб было яшчэ лепш, як звычайна не хапае грошай. Прэмія першапачаткова і не разлічвала на асаблівую спонсарскую ўвагу — гэта ж не гламурная ўзнагарода для “глянцавых” выканаўцаў, у тэлеверсію якой можна напхаць рэкламы. Наш кантынгент — рок-, інды- і альтэрнатыўныя музыканты. Але затое і вызначаюць лепшых “свае” — тыя ж музыканты, што працуюць у гэтых кірунках або людзі, якія разбіраюцца ў іх, кожны год такіх агулам набіраецца каля ста. Дзякуючы гэтай масавасці канчатковая ацэнка журы, якая складаецца з суб’ектыўных меркаванняў, у выніку выходзіць досыць аб’ектыўнай. Што нас выгадна адрознівае ад іншых прэмій, дзе за ўсю айчынную музыку “адказваюць” чалавек дваццаць, не болей.
Творца другога плана
— Цяпер у якіх-небудзь калектывах граеш?
— Толькі ў якасці спецыяльна запрошанага госця — так і напішы! Апошні раз не так даўно падыграў на трубе на канцэрце гурта The UNB. А ў запісе — “Касіяпеі” на яе альбоме 2015 года “Крыжык”.
— Значыць, з амбіцыямі лідара бэнда ў Паўла Юрцэвіча...
— Усё гэтак жа ніяк. Часам задумваўся над тым, пра што ты спытаў, спрабаваў прымерыць гэтую... місію. Мог бы пацягнуць? Мог бы. Але на другіх ролях я адчуваў і адчуваю сябе на сваім месцы.
Павел Юрцэвіч, 45 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) па класе трубы. Уваходзіў у склад гурта “Ы.Ы.Ы.”. Дырэктар студыі гуказапісу. Арт-дырэктар мінскага клуба.