Часы не выбіраюць, у іх спяваюць і вяшчаюць

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

“Палёты” ў мінулае, сучаснасць і будучыню з голасам айчыннага радыё і тэлебачання
Мянушкай “ПАМІДОРАЎ” Аляксандр Крывашэеў абзавёўся ў глыбокiм юнацтве, калі на адной з вечарынак разам з прыяцелем дэманстраваў балетныя па пад песню гурта “ДДТ” аб тэрарысце Іване Памідораве. Пасля гэтага папярэднюю мянушку “Амерыканец” змяніла новая, а праз гады папулярны радыйшчык, які вырашыў заняцца публічным музіцыраваннем усур’ёз, зрабіў яе сваім псеўданімам, пад якім Аляксандра ведаюць аматары року, рэпу, FM, ТБ і рэкламных аб’яваў. “У неба” сёння мы адправімся з ім.

/i/content/pi/cult/657/14575/12kultura13.jpg

Суцэльнае радыё

— Радыё — тваё прызванне?

— Я люблю гэтую працу. Мне падабаецца, калі ёсць “стрымы” — прамыя трансляцыі, запісы “жывых” эфіраў, і цяпер яны нярэдка ўваходзяць у мае абавязкі. На тых станцыях, дзе даводзілася працаваць раней, — скажам, “Бі-Эй” і “Альфе” — я, у асноўным, забаўляў слухачоў.

— Якая з іх успамінаецца часцей?

— Я яшчэ і на “Беларускай маладзёжнай” працаваў, прычым з вялізным задавальненнем. “Бі-Эй” да 1997 года — суцэльны фантан ідэй у яго супрацоўнікаў, выкiд здаровай энергіі. Усё, што цяпер адбываецца на нашых радыёстанцыях, было закладзена — апрабавана і рэалізавана — менавіта на “Бі-Эй”. Між іншым, першыя словы ў эфіры “Альфы” былі вымаўленыя менавіта мною: нешта кшталту “Добрай раніцы, гэта “Альфа Радыё”, 107,9 FM”.
Нейкія... правільна няправільныя мы былі, без усіх гэтых плэй-лістоў, фарматаў-нефарматаў. Весела жылі.

— Хачу запытацца: сумленне ў Памідорава ёсць?

— ...Мабыць. А ў чым падвох?

— Я да таго, калі прастаўляцца будзеш? Гэта ж я цябе сасватаў на тваё цяперашняе месца працы! Хоць бы якой самай маленькай бутэлечкай туалетнай вады ад Алекса Дэвіда аддзячыў...

— Будзь ты, Клімаў, альтруістам, не стаў бы нагадваць пра тое, што мяне і так пастаянна грызе, з-за чаго я дрэнна сплю начамі. А бутэлечка для цябе ўжо даўно прыгатаваная, прычым нармальнага памеру, і не вады, і не ад Дэвіда. Таму заходзь.

— Дамовіліся. У завяршэнне тэмы пра наша FM-радыё: ці здольнае яно змяніцца ў лепшы бок?

— Толькі тады, калі людзі, якія на ім працуюць, перастануць проста “адбываць нумар”, адмовяцца ад заезджаных клішэ і пачнуць фантазіраваць, прыдумляць нешта арыгінальнае. FM-радыё выдатна сябе адчувае і развіваецца ва ўсім свеце, у нас жа нейкая стагнацыя: адны і тыя ж граблі, адны і тыя ж прыёмы, відавочна не хапае крэатыву, новых формаў. Ну колькі можна эксплуатаваць віктарыны з розыгрышамі прызоў, гэта ж заўчорашні дзень?

Справы рэжысёрскія

— Тваім голасам сёння кажа і “БелБiзнесЧэнэл”, створаны на платформе расійскага тэлеканала RBC...

— Шмат чаго маім голасам казала і кажа, у тым ліку і рэкламныя ролікі на радыё і ТБ. Мне цікава
займацца агучкай, асабліва калі трэба вымавіць які-небудзь спецыфічны, “загорнуты” бізнес-тэрмін. У такія хвіліны я сабой ганаруся — слухаецца яшчэ язык!

— Ці пазнаюць голас Памідорава незнаёмыя табе людзі, ці рэагуюць неяк?

— Здаралася іншае. Дапусцім, сяджу я ў нейкай вялікай кампаніі, пра штосьці гучна кажу, і нехта раптам з таго боку стала “кідае”: “Авой, я падумаў, што радыё ўключылі...”

— Твая спецыяльнасць — рэжысура драмы, ты скончыў курс Валерыя Раеўскага. Не шкадуеш, што ў гэтай галіне ў цябе не склалася?

— Чаму не склалася? У нейкіх пастаноўках я ўдзельнічаў, дапамагаў сёе-тое здымаць, не выключана, што і ў будучыні нешта зраблю ў гэтай сферы. Ды і ўсе свае выступы, музычныя праекты, у якіх быў заняты, я ў пэўнай меры рэжысіраваў. А па тэатрах хадзіць баюся, таму што адразу кідаюцца ў вочы ўсё “касякі” — калі, напрыклад, пастаноўшчык не дакапаўся да таго, што закладзена ў п’есе. Зрэшты, ён жа можа мне запярэчыць: маўляў, “а я так бачу”.

— Нешта мяне прабіла на пытанні пра былых жонак. Твая, калі не памыляюся, другая — Дар’я — не абы-які чалавек, вядомая беларуская піяністка, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Ад такіх, як яна, проста так не сыходзяць.

— Цябе праўда хвалюе, чаму ўсё ж такі сыходзяць?

— Ну, я ж быў у ЗАГСе на рэгістрацыі шлюбу паміж вамі, гуляў на вяселлі...

— ...І памерці яны хацелі ў адзін дзень і ўсё ў тым жа будане... Чаша з хлуснёй аднойчы перапоўнілася, а хто хлусіў
больш — меркаванне ў кожнага з нас сваё.

— Гэта значыць прычыны канфліктаў былі не ў тым, што яна класічны музыкант, а ты альтэрнатыўны, не ў сутыкненні ладаў жыцця, не ў адрозненні рэжысёрскіх падыходаў да фарміравання сям’і?

— Бінга! Ты сёння “прыемна” здзіўляеш выдатнымі пытаннямі. Развяліся і развяліся, давай далей.

У чаканні натхнення

— Нашу музыку слухаеш?

— Нячаста. Апошняе, што я адкрыў для сябе, — праект Mustelide. Падабаюцца некаторыя рэчы гурта Trubetskoy. Яшчэ нейкіх думак ад мяне чакаеш? Як мне здаецца, раней беларускія музыканты больш адзін з адным кантактавалі. Цяпер пераважаюць зносіны праз інтэрнэт. Новае пакаленне больш учэпістае да трэндаў — праўда, ужо не ведаю, у плюс гэта яму занесці ці ў мінус: ідучы за кан’юнктурай, можна так і не нарадзіць сябе як артыста з уласцівым толькі табе творчым почыркам або загубіць яго зародкі. Па-добраму зайздрошчу таму, што ў моладзі сёння значна больш магчымасцяў для выступаў на замежных фестывалях, для таго, каб заявіць пра сябе ў тамтэйшым музычным жыццi. Але вось толькі асцярожнымі трэба пры гэтым быць. Сумны вопыт гурта The Toobes — ранніх і маладых талентаў, якія iрванулi некалькі гадоў таму ў польскую музыку, — паказаў, што трэба валодаць пэўнымі якасцямі, каб цябе не змагла перамалоць такая жорсткая машына, як шоу-бізнес. “Тубсаў” ён знішчыў: гурт “зламаўся”, граючы канцэрты ледзь не кожны дзень.

— Ёсць настальгія па тых часах, калі збіраліся разам вяршкі айчыннага андэрграўнда — на фестывалях, на якім-небудзь знакавым клубным канцэрце?

— Хаменка, Кулінковіч, Вольскі, Круглова, Камоцкая, Варашкевіч, Корань і іншыя ў адным флаконе? Ёсць прыемныя ўспаміны. Аднак не сцерліся з памяці і нейкія рознагалоссі, падставы і кідалава, нявыкананыя абяцанні. Але добрага, вядома ж, было больш. Мы стэлефаноўваемся, па магчымасці маем зносіны “ўжывую”, раптоўна сустракаемся на вуліцы або нейкіх мерапрыемствах. А ў наступным годзе сёй-той з толькі што названых плануюць сабрацца для рэалізацыі цікавага праекта, але падрабязнасці пакуль адкрываць не буду.

— Якія свае гады ў музыцы лічыш найбольш плённымі?

— Д’ябал яго ведае... У плэер загнаў бы песні “Цуд на Каляды”, “Быць беларусам”, “Дзень без гарэлкi”, “Радыё”.

— Цяпер нешта прыдумляецца?

— І не пішу, і не выступаю. Няма сапраўдных тэм, аб якіх хацелася б напісаць песню або адштурхнуцца ад іх, няма за што зачапіцца. Боязна нават: часам задумваешся, можа, ужо вычарпаўся? Але не, фразачкі нейкія — і меладычныя, і тэкставыя — на розум прыходзяць. Наогул, па сабе ведаю: калі не пішацца, лепш нічога і не выціскаць, таму што ў выніку такое нудоцце атрымліваецца, такі змрок... Падобныя прастоі ў мяне ў жыцці ўжо бывалі, усё пройдзе, шкада толькі страчанага часу. Да таго ж, я яшчэ і гультай ладны. Вунь, струны на гітары трэба памяняць — дык мяняю ўжо больш за месяц.

І гурт Pomidor/Off даўно не даваў канцэрты. “П’яныя госці” — праект спецыфічны, “лятучы”. Раз — узляцелі, прызямліліся, адыгралі, паляцелі; два — узніклі ў іншым месцы. Але гэта таксама рэдка адбываецца. З акустычнымі праграмамі часам выступаю, адна з апошніх прайшла ў клубе “Баба Люба” Растова-на-Доне.

— Pomidor/Off так і не стаў больш-менш рэгулярна канцэртным калектывам?

— Усе яго ўдзельнікі вельмі занятыя людзі — сем’і, праца, іншыя праекты. Ды і дзе выступаць: у чатырох з паловай мінскіх рок-н-рольных клубах? Ілюзій наконт Pomidor/Off я не маю: з’явіцца новы матэрыял — запішам, прэзентуем яго парай канцэрцікаў — і зноў на дно.

— Не пішацца, не выступаецца... Адпаведна, які ў цябе цяпер настрой?

— Адпаведны! Спакойны, у большай ступені нават добры. У мяне ж шмат чаго і прыемнага адбылося за апошні час, але пра тое я табе распавяду толькі тады, калі ты выключыш дыктафон.

— Выключаю...

Аляк­сандр “Па­мі­до­раў” Кры­ва­шэ­еў, 45 га­доў. На­ра­дзіў­ся ў Мін­ску. У 1994 го­дзе скон­чыў Бе­ла­рус­кую ака­дэ­мію мас­тац­тваў (ця­пер Бе­ла­рус­кая дзяр­жаў­ная ака­дэ­мія мас­тац­тваў). Лі­дар гур­тоў “П’яныя гос­ці” і Pomidor/Off.

Фо­та аўта­ра

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"