Яднанне ў спевах. Але пакуль не ў дзеі

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

16 верасня на плошчы перад Нацыянальнай бібліятэкай адбыўся выніковы канцэрт агульнанацыянальнай акцыі “Харавое веча”. Комплексны план па развіцці вакальна-харавых спеваў у Беларусі быў прыняты Урадам яшчэ тры гады таму. Тады ж вызначылі, што фэст будзе ладзіцца раз на два гады і ахопліваць усю краіну. У 2015 годзе завяршальным акордам “Веча” стаў гала-канцэрт ля сталічнага храма Усіх Святых, сёлета ж у якасці пляцоўкі свята песні таксама быў абраны знакавы аб’ект сталіцы — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У канцэрце бралі ўдзел каля 80 харавых калектываў — прафесійных, аматарскіх, дзіцячых, студэнцкіх. Гэта болей за дзве тысячы артыстаў з усіх рэгіёнаў Беларусі!

/i/content/pi/cult/657/14568/1.jpg

Музычнае суправаджэнне імпрэзы здзяйсняў сімфанічны аркестр Белдзяржтэлерадыёкампаніі, а таксама баянны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Велізарным хорам пачаргова дырыжыравалі Наталля Міхайлава, Міхаіл Дрынеўскі, Тамара Слабодчыкава. Канцэрты такога маштабу не абыходзяцца без Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча. Была ў праграме і разнастайная харэаграфія.

Мяркуючы па рэакцыі слухачоў, якіх, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, сабралася нямала, арганізатары і ўдзельнікі здолелі стварыць грамадзе святочны настрой. Публіка была задаволена. Прытым, што прыйшлі на свята і маладыя сем’і з немаўлятамі ў калясках, і тыя, каму па ўзросце час унукаў песціць. Адпаведна, праграма была разлічана і на слухачоў, выхаваных на мастацтве савецкай эпохі, і на тых, хто не ведае іншай рэчаіснасці, акрамя Беларусі незалежнай. І хоць, на маю думку, дэклараваны арганізатарамі “Харавога веча” амбіцыйны намер выявіць праз песню сувязь часоў і адлюстраваць гістарычны шлях нацыі наўрад ці можна лічыць рэалізаваным, як звычайны глядач я ўдзячны ўсім, хто спрычыніўся да згаданай імпрэзы. Аднак як той, хто бачыць добрае, але хоча каб было лепей, выкажу пэўныя заўвагі.

У нас ёсць досвед удалай рэжысуры “Славянскага базару...”, урачыстых імпрэз на Днях беларускага пісьменства і ў гонар культурных сталіц. “Харавое веча” мае ўсе падставы трапіць у гэты прэстыжны шэраг. Аднак рэжысура канцэрта ля Нацыянальнай бібліятэкі, на маю думку, не дацягвае да таго ўзроўню, які вымагае статус і патэнцыял “Веча”. Я не маю нічога супраць асобных нумароў, але выразнага, лагічна выбудаванага кантэксту не атрымалася. Усё ж, гэта мусіў быць не проста канцэрт, а канцэрт-спектакль, калі музычная, песенная тэма, што гучыць у дадзены момант, лагічна вынікае з папярэдняй і эмацыйна рыхтуе гледача да наступнай. А тут звязкамі былі толькі словы вядучага, які абвяшчаў нумар. У памяці застаюцца нейкія фрагменты, а не суцэльнае музычнае палатно. Я, дарэчы, не патрабую немагчымага. Зусім нядаўна бачыў цудоўны канцэрт-спектакль на адкрыцці Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

Канцэрт ля Нацыянальнай бібліятэкі падаўся мне занадта правільным. Такое ўражанне, што праграма прайшла шмат узгадненняў, і ў выніку ў ёй засталося толькі тое, што звыкла і выверана дзесяцігоддзямі канцэртнай практыкі. Мне, як чалавеку, чыя маладосць прыпадае на савецкі час, настальгічны лад імпрэзы прыйшоўся даспадобы. А вось маім сынам тут было б сумнавата.

Мяркую, што было б някепска сёлета звязаць праграму “Харавога веча” з тэмай 500-годдзя нашага кнігадрукавання, распавесці пра адвечнае мовай сучаснай музыкі. Тым больш, што імпрэза праходзіла ля галоўнай кніжніцы краіны.

Урэшце, хацелася б нагадаць, што ідэя харавога веча нацыянальнага маштабу нарадзілася не ў наш век. Ёй гадоў сорак. Яшчэ ў 1980-х культурная грамада абмяркоўвала перспектыву стварэння ў Мінску ў раёне сённяшняга праспекта Пераможцаў адмысловага “спеўнага поля”, падобнага на тыя, што даўно ўжо ёсць у прыбалтыйскіх сталіцах. Мне казалі, нібы гэта ідэя была нават закладзена некалі ў генеральны план развіцця Мінска — але ў выніку яна так і не ўвасобілася.

Вядома, можна надаць “Харавому вечу” характар вандроўнага фестывалю, які будзе ладзіцца ў розных кропках сталіцы. А можна і рэалізаваць слушную ідэю не надта далёкіх часоў ды стварыць адмысловую пляцоўку. Аднак самае важнае, што маштабны праект не толькі заявіў пра сваё існаванне, але ўжо зарэкамендаваў сябе як новая культурная традыцыя Беларусі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"