Crescendo яднання

№ 37 (1320) 16.09.2017 - 22.09.2017 г

Сёння больш за дзве тысячы харыстаў з усёй краіны збяруцца ў 16.00 каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каб праспяваць для жыхароў і гасцей Мінска і разам з імі. Гала-канцэрт завяршае агульнарэспубліканскую акцыю “Харавое веча”, што распачалася ў красавіку.

Ініцыятарамі праекта з’яўляюцца дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік харавой капэлы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Тамара Слабодчыкава, а таксама мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Рэспублікі Беларусі імя Г.І. Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі. Праект быў увасоблены ў жыццё пры дапамозе Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама, аблвыканкамаў. Упершыню такая акцыя адбылася ў 2015 годзе.

Сёлета яна прысвечана юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тамара Слабодчыкава адзначыла: “Я адштурхнулася ад цытаты з верша Купалы: “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”. Мяне зачапіла апошняе слова, таму зрабілі адпаведную праграму, якая выбудоўвалася па гістарычным прынцыпе — у рэпертуары калектываў творы розных стагоддзяў”.

Вясной хор імя Г.І. Цітовіча наведаў з канцэртамі і майстар-класамі буйныя гарады — Гродна, Брэст, Маладзечна, Магілёў, Віцебск і Гомель. У сённяшнім фінальным канцэрце акцыі ўдзельнічае 78 харавых калектываў краіны.

Пачнецца праграма з “Песні пра Мінск” Уладзіміра Алоўнікава, абранай у гонар 950-гадовага юбілею сталіцы. Музыка XVII стагоддзя прадстаўлена песняй Канта “Успамажы, Божа”, XVIII-га — паланэзам Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай”. XX стагоддзе — кампазіцыі часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Вялікай Айчыннай вайны, значных пасляваенных падзей.

Канец XІX — пачатак XX прадставяць песняй Андрэя Мдывані на верш Янкі Купалы “Вяснянка”, беларускай народнай песняй у апрацоўцы Андрэя Саўрыцкага “Туман ярам”, “Белавежскай пушчай” Аляксандры Пахмутавай, “Ой, рэчанька” ў апрацоўцы Барыса Кажэўнікава і беларускай народнай песняй “Саўка ды Грышка”. Скончыцца свята кампазіцыяй Уладзіміра Алоўнікава “Радзіма мая дарагая”.

— Калі нараджаецца кожны новы беларус, яму трэба пад калыскай спяваць “Песню пра Нёман”, “Песню пра Мінск”, “Радзіма мая дарагая”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, каб закласці дзіцяці аснову, на якой потым ужо можна штосьці будаваць, — кажа Тамара Слабодчыкава. — Нашы песні — гэта вялікая спадчына, пра якую мы павінны заўсёды памятаць”.

Мастацкія кіраўнікі акцыі адзначаюць, што адной такой праграмы не дастаткова, каб звярнуць увагу беларусаў да сваёй музыкі. Па іх словах, вялікай праблемай з'яўляецца тое, што людзі аддаюць перавагу толькі прагляду нейкіх канцэртаў, а самі ўвогуле не спяваюць. Таму мэта “Харавога веча” ў тым, каб разам заспявала ўся краіна.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"