Што сніцца вакалісту?

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Украінскі тэнар, якому хочацца вяртацца ў Мінск
Імя Міхаіла МАЛАФІЯ стала вядома беларускім знаўцам оперы ў 2014 годзе. На міжнародным конкурсе вакалістаў украінскі артыст атрымаў першую прэмію і прыз глядацкіх сімпатый. Сёлета ён быў запрошаным салістам Нацыянальнага Вялікага акадэмічнага тэатра оперы і балета ў Мінску. Трэба адзначыць, што беларуская публіка заўсёды чакае чарговага прыезду Міхаіла ў сталіцу.

/i/content/pi/cult/655/14545/41.jpg— Як у вашым жыцці з’явілася музыка?

— Калі я вучыўся ў пачатковых класах і чуў спевы — гэта заварожвала. Але ў мяне была мутацыя голасу, і многія казалі, што я не змагу спяваць. Усё змянілася, калі я перайшоў у старэйшыя класы. Прымаў удзел у конкурсах эстраднай песні, займаў першыя месцы. На той час я зусім не ведаў нот. Калі паўстала пытанне аб паступленні, мой настаўнік па музыцы ў школе сказаў: “Калі хочаш спяваць, то табе трэба ісці ў музычную акадэмію. Там вучаць акадэмічнаму вакалу, а не спевам у мікрафон. На эстрадзе перспектыў няма”.

— Вы прыслухаліся да парады?

— Так. Я пайшоў на праслухоўванне ў Львоўскую нацыянальную музычную акадэмію імя Мікалая Лысенкі. У камісіі сядзеў народны артыст Украіны, саліст оперы Уладзімір Ігнаценка. У свае сямнаццаць гадоў я ўпершыню пачуў оперны гук, які ён выдаў на праслухоўванні, калі дапамагаў мне распецца. Уладзімір Дзмітрыевіч адразу вызначыў, што ў мяне тэнар. Да таго часу я операй не цікавіўся. Мне здавалася, што гэты жанр больш падыходзіць жанчынам (смяецца).

— Як склалася жыццё пасля музычнай акадэміі?

— Я пачаў працаваць у Львоўскім нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета імя Саламеі Крушальніцкай. Пакуль усяго трэці сезон. Таму ў мяне яшчэ няма неабходнай пластыкі і свабоды, затое ўжо амаль знік страх. Да нядаўняга часу я панічна баяўся выходзіць на сцэну: у класе пачуваўся сапраўдным артыстам, а вось перад выхадам на публіку мяне літаральна кідала ў пот. Было вельмі цяжка. Разумею, што з часам гэта пройдзе.

— Бацькі падтрымалі вас?

— Мой тата і сам добра спяваў, але так сталася, што мяне гадавала толькі мама. Мы жылі ў вёсцы, яна заўсёды марыла, каб я атрымаў добрую адукацыю. Памятаю, запрасіў яе на спектакль, калі пачаў працаваць у тэатры. Яна тады ўпершыню патрапіла ў яго сцены, і калі ўступіў аркестр, у яе ажно падняўся ціск. Мама тады сказала: “Яны ж так гучна граюць, як ты будзеш спяваць?”

— Успомніце свой першы выхад на сцэну?

— Было вельмі страшна. Я выконваў партыю Альфрэда з оперы “Травіята” Джузэпэ Вердзі. Памятаю, што ў мяне з’явіліся невялікія праблемы з акцёрскім майстэрствам, затое вакальна ўсё атрымалася добра. Калі спектакль скончыўся, па авацыях публікі я зразумеў, што яна хоча яшчэ! Адчуваў праз апладысменты вялікую падтрымку.

— Ці змянілася з часам гэтае адчуванне?

— Так. На дадзены момант я праспяваў больш за дваццаць спектакляў. За мінулы сезон вывучыў пяць складаных партый. Цяпер мне значна прасцей.

— Ведаю, што вы прымалі ўдзел у многіх конкурсах. А памятаеце першы з іх?

— Гэта быў міжнародны конкурс у Херсоне. Я выконваў украінскую песню “Ой ти, дiвчино”, моцна пакутуючы на сцэне, а публіцы гэта вельмі падабалася. У выніку заняў першае месца. Потым былі конкурсы ў іншых гарадах Украіны, Італіі, Чэхіі, Польшчы. У Мінску я таксама займаў першыя месцы. Ездзіў нават на конкурс у Сеул. У ім прымалі ўдзел пяцьсот вакалістаў з розных краін свету. Я трапіў у шасцёрку найлепшых!

/i/content/pi/cult/655/14545/42.jpg— Пасля мінскага міжнароднага конкурсу вакалістаў да вас паступалі прапановы аб супрацоўніцтве?

— Мяне запрашалі ў Расію. Аднак, пакуль што адмовіўся, але мару там выступіць. Мне вельмі падабаецца руская музыка.

— Цяпер вы выконваеце не вельмі шмат партый. Якую з іх можаце назваць сваёй “візітоўкай”?

— Кожная з іх мне падабаецца. Але любімая ўсё ж такі партыя Рудольфа з оперы “Багема” Джакама Пучыні. Гэтая опера — само па сабе жыццё, і там не трэба шмат іграць.

— Што вам неабходна для таго, каб спектакль прайшоў удала?

— Важна, каб побач са мной была сімпатычная партнёрка, калі я герой-рамантык (усміхаецца). Інакш не будзе эмоцый. Памятаю, як у Львове я выконваў партыю Рычарда ў оперы “Баль-маскарад”, а Амелію спявала пяцідзесяцігадовая салістка. Да таго ж прафесар у кансерваторыі! За гады навучання я звяртаўся да яе на вы і не раз прыходзіў на кафедру. Так, яна прыгожая жанчына, але як можна ў дадзеным выпадку сыграць каханне на сцэне? Яна кажа: “Прыцісніся да мяне!” А я пачуваўся ў гэты момант даволі няёмка (смяееца).

— Над чым працуеце цяпер?

— Вучу партыі Пінкертона з оперы “Мадам Батэрфляй” і Каварадосі з “Тоскі” Пучыні.

— Якім кампазітарам вы аддаяце перавагу?

— У мяне душа ляжыць да італьянскай музыкі: Джузэпэ Вердзі, Джакама Пучыні, Вінчэнца Беліні, Гаэтана Даніцэці. Партыі апошняга — як бальзам для майго голасу.

— На сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў мінулым сезоне вы дэбютавалі ў партыі Ленскага…

— Мне яна вельмі падабаецца. Партыя лірычная, і ў мяне ёсць магчымасць сыграць станоўчага рамантычнага героя. Магу параўнаць Ленскага з Альфрэдам з “Травіяты” Вердзі. Думаю, на дадзеным этапе мне трэба рабіць акцэнт менавіта на лірычных партыях.

—...і Герцага з оперы “Рыгалета” Джузэпэ Вердзі.

— Вось тут мне было вельмі страшна. Я лічу, што ў маім маладым узросце спяваць драматычныя партыі даволі рызыкоўна. Яны патрабуюць ад саліста лепш пастаўленага голасу.

— Але часцей за ўсё вас можна было пачуць у партыі Рычарда…

— Лічу, што гэтую партыю мне было выконваць яшчэ зарана. Але я пайшоў на своеасаблівую рызыку, і ўсё атрымалася. Праўда, з таго часу, што выконваю Рычарда на вашай сцэне, паспеў трохі ад яго стаміцца.

— Міхаіл, што вы лічыце самым складаным у сваёй прафесіі?

— Мы, выканаўцы, людзі ненармальныя (смяецца). Вакаліста дома цярпець вельмі цяжка. Аднойчы мне прыснілася, што я спяваў партыю Рудольфа з оперы “Багема”, забыўся тэкст і не магу ўзяць ноту. Я ляжу, на гадзінніку каля трох ночы, усе сваякі спяць — і раптам як падрываюся! Выдыхнуў, узяў патрэбную ноту і толькі потым зразумеў, што гэта быў сон. Вакалісту трэба жыць асобна ад усіх!

— У Мінску вы былі ўжо неаднаразова. Магчыма, змаглі завітаць у якісь тэатр, акрамя Вялікага?

— У мяне атрымалася паглядзець сучасны драматычны спектакль “Любоў людзей”, які ідзе на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Акцёры размаўлялі на беларускай мове, і я злавіў сябе на думцы, што разумею ўсё да адзінага слова. Здаецца, калі б паслухаў яшчэ гадзіны дзве-тры, як беларусы гавораць на сваёй мове, то і сам бы пачаў. Мы славяне: беларусы, украінцы, рускія... У нас шмат агульнага: душа, рысы характару. І нягледзячы ні на што, нам не ўцячы ад нашых каранёў.

— Якія ўражанні пакінуў наш горад?

— Я ўжо не раз казаў: у Мінску я адчуваю сябе як дома. Гэта горад, дзе жывуць таленавітыя і добразычлівыя людзі. Кажу гэтыя словы не проста так: кожны мой прыезд перапоўнены эмоцыямі ад таго, як мяне прымае ваш глядач. Мінск — вельмі зялёны горад. У вас шмат паркаў. Калі пасля рэпетыцый у мяне застаецца вольны час, я абавязкова туды іду, каб адпачыць і набрацца сіл. Мінск — адно з тых месцаў, куды мне заўсёды хочацца вяртацца!

Іна КОРСАК