Відовішча, вартае караля

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Як колішняя традыцыя становіцца сучасным брэндам
Зэльвенцы надзвычай беражліва ставяцца да сваіх традыцый. Гэта ў дзясяты раз пацвердзіў Ганненскі кірмаш, які гучна прайшоў 25-26 жніўня.

/i/content/pi/cult/655/14543/37.jpgЁн атрымаў сваю назву ў гонар святой Ганны. У XVIII стагоддзі з’яўляўся другім па тавараабароце і значнасці пасля Лейпцыгскага ў Еўропе. На некаторы час Зэльва ператваралася ў пляцоўку для маштабных рынкавых стасункаў: купцы гандлявалі коньмі, спецыямі, тытунём, адзеннем, мастацкімі вырабамі ды іншымі таварамі з розных краін. Мястэчка станавілася і буйным культурным цэнтрам, дзе выступалі як цыганскія групы, так і артысты парыжскіх тэатраў.

Мы ганарымся тым, што ў 2001 годзе змаглі адрадзіць адно з самых значных мерапрыемстваў, якое калісьці ладзілася на нашай зямлі. З кожным годам кірамаш набірае абароты.

Вяртанне да традыцый адчуваецца ад шыльдаў у цэнтры раёна, дзе мясцовы рэстаран стаў карчмой “Шляхецкія залы”, да падворкаў раённых сельгаспрадпрыемстваў і сельсаветаў.

Сёлетнюю кірмашовую дзею гледачы назвалі відовішчам, вартым караля. Ужо з раніцы плошча гудзела. Пад першыя ўрачыстыя акорды сам князь Сапега выйшаў вітаць гасцей.

Яны назіралі за тэатральнай пастаноўкай вяселля. Гандляры прапаноўвалі шырокі выбар свежай агародніны і садавіны, мясныя, рыбныя, хлебабулачныя вырабы, традыцыйныя беларускія напоі: квас, медавуху і збіцень. Хутка разыходзіліся прысмакі — каўбасы, мясныя вырабы, духмяныя пірагі. Па вуліцы разносіўся пах смажанай бульбы, гасцей частавалі дранікамі, бульбай са шкваркай і квасам, зробленым па старадаўнім рэцэпце. На рамеснай пляцоўцы традыцыйна прадавалі вопратку з беларускім арнаментам, пляцёныя кошыкі, сувеніры і шкатулкі, талісманы і абярэгі, выцінанкі і сурвэткі, каралі і завушніцы, посуд і многа іншых прадметаў хатняга ўжытку.

Аднак з года ў год галоўнай “фішкай” кірмаша застаюцца коні. Раней можна было купіць скакуна, але цяпер яны і іх гаспадары прыязджаюць на конкурс на самую прыгожую брычку. Кожны ахвотны мог пракаціцца ў павозцы, упрыгожанай нацыянальным беларускім арнаментам, паглядзець шоу з удзелам коннага клуба “Троя”, выступленні прадстаўнікоў конна-спартыўных школ, свабодным выгулам коней мясцовых сельгасарганізацый. У ліку забаў — міжнародны турнір “Усход-Захад” паміж зборнымі камандамі Беларусі і Латвіі па каратэ, а таксама “сумо па-местачковаму”.

Члены журы выбралі лепшыя аграсядзібу, пляцоўкі прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, падворкі сельскагаспадарчых арганізацый і сельсаветаў, самыя арыгінальна аформленыя касцюмы, караваі, брычкі, балконы. Сапега назваў імёны пераможцаў у кожнай намінацыі, уручыў ім памятныя падарункі. Так мінулае спалучылася з сучасным.

Ганненскі кірмаш  — рэканструяваная форма аўтэнтычнай народнай творчасці, галоўная культурная падзея ў раёне. Яго правядзенне садзейнічае ўзмацненню сувязей з іншымі рэгіёнамі, культурнаму абмену, дае магчымасць пазнаёміцца з рознымі відамі творчасці, талентамі нашага краю.

Алена ЛАМЕКА, загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці