Хто пераспявае Жужу?

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Пакуль ніхто. Справа ў тым, што “Вясёлы Жужа” — гэта адкрыты фестываль-конкурс сярод дзяцей ад 3 да 11 гадоў, які другі год ладзіць Гальшанская школа мастацтваў. Жужу (працалюбівую пчолку) прыдумала дырэктар ДШМ Наталля Трот. Сёлета паспаборнічаць не толькі ў вакале, але і маляванні, мастацкім слове ды інструментальнай музыцы ў Гальшанах сабралося 400 дзяцей з усёй Беларусі. Конкурс ладзіўся за пазабюджэтныя сродкі ў рамках майскага фэсту “Гальшанскі замак”. Папулярнасць абедзвюх падзей — надзвычай яркіх і відовішчных — расце год ад года. Менавіта ля слаўных замкавых муроў юныя таленты нашай краіны пачынаюць верыць у свае сілы. Застаецца толькі пажадаць Наталлі Віктараўне сіл і цярпення ў далейшым “гадаванні” Жужы. “Мядовая” творчая справа — клапатлівая. А ў дырэктара яшчэ і асноўная дзялянка працы маецца — навучальная. Але, на радасць вучняў і іх бацькоў, Наталля Трот і з гэтым спраўляецца як мае быць. Перад навучальным годам школа займела новы дах і вокны. Неўзабаве будзе адрамантаваны і фасад школьнага будынка.

/i/content/pi/cult/655/14542/36.jpgЯшчэ адна навіна з Ашмянскага краю. У раённай дзіцячай бібліятэцы “сабралі” Этнаграфічны калаж. Так называецца акцыя па знаёмстве дзяцей з царкоўнымі святамі. У ходзе яе гучалі біблейскія гісторыі, ладзіліся конкурсы і гульні. А завяршылася ўсё святочным чаяваннем. Бібліятэкары прапанавалі гасцям пачастункі мінулых Спасаў: духмяны мёд, наліўныя яблыкі ды пірагі з арэхамі.

Наш пазаштатны аўтар з Маларыты Мікалай Навумчык паведамляе: “Ва ўкраінскім горадзе Луцку прайшоў міжнародны пленэр “Саламяны цуд”. У ім брала ўдзел і метадыст-майстар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Ала Назарук. Ля сцен Луцкага замка яна дэманстравала свае саламяныя вырабы, ладзіла майстар-класы па саломкапляценні для дзяцей і дарослых, удзельнічала ў конкурсе “Абярэгавы вянок”. А яшчэ Ала Сцяпанаўна спрабуе плесці з лазы і бяросты. Ужо ёсць першыя поспехі”.

Сёлета заахвочвальнай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначана ўдзельніца цыркавой студыі “Фантазёры” Аршанскага гарадскога цэнтра культуры “Перамога” Дар’я Башкова. А перад гэтым дзяўчына прывезла з Рыгі Гран-пры Х Міжнароднага дзіцячага і юнацкага цыркавога фестывалю “Свет поўны цудаў — 2016”. Перамогу Дар’і прынёс нумар “Эквілібр на катушках і стале”. А потым дзяўчына паспрабавала сілы падчас ІІ Міжнаролнага дзіцячага фестывалю цыркавога мастацтва ў Кіеве. Стала срэбраным прызёрам. У конкурсе, між тым, сапернічалі 42 цыркавыя калектывы з Літвы, Латвіі, Швейцарыі, Ізраіля, Украіны і Беларусі. Кіруе “Фантазёрамі” Святлана Раўкоўская. Віват, Святлана Андрэеўна!

Цёплая згадка пра мінулае лета. Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Шпак распавядае пра конкурс чытання “Летніх фарбаў карусель”. Усе вакацыі бібліятэкі раёна ладзілі мерапрыемствы для насельнікаў школьных аздараўленчых летнікаў. Вярдоміцкая, да прыкладу, адзначыла 135-годдзе з дня нараджэння Карнея Чукоўскага. Пацуеўская бібліятэка знаёмства чытачоў з літаратурнымі навінкамі арганізавала ў форме казачнай вандроўкі. А Грынкоўская ўстанова рабіла акцэнт на правядзенне інтэлектуальных віктарын.

Кіраўнік тэатральнага гуртка “Вобраз” Мазалаўскага сельскага дома культуры (Віцебскі раён) Андрэй Струнчанка распавядае пра свята “Да сустрэчы, Лета!”, у якім прынялі ўдзел больш за трыццаць дзяўчынак і хлапчукоў. Для іх працавала выстава “Палітра талентаў”, дзе сабраны вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Бібліятэкары прэзентавалі навінкі казачнай літаратуры. Скончылася свята дзіцячай дыскатэкай.

У другі дзень Ганненскага кірмашу ў Зэльве была ўшанавана памяць педагога, краязнаўцы, паэта, кіраўніка літаб’яднання “Зоры над Зальвянкай” Пятра Марціноўскага. Колішнія ягоныя вучні сабраліся ў нядзельнай школе пры царкве Святой Троіцы. Пра гэта напісала актыўная чытачка Зэльвенскай райбібліятэкі Яніна Шматко. Яна паведаміла і пра тое, што днямі ўстанова атрымала ў падарунак дзве кнігі. Адну напісаў протадыякан Павел Бубноў. Яна распавядае пра ўзнікненне храма ў Сынкавічах, цяжкія выпрабаванні і яго адраджэнне. Другая — энцыклапедычнае выданне “Гісторыя Сапегаў”. Гэта пераклад “Дому Сапегаў” пад рэдакцыяй Яўстаха Сапегі, выдадзенага ў 1995 годзе ў Варшаве.

Ваенна-спартыўнае свята ў Гезгалах, што на Дзятлаўшчыне, называлася “Пасёлак любы, сэрцу дарагі”. Запрашэнні на яго атрымалі тыя, хто служыў і працаваў у колішнім ваенным гарадку. Менавіта адсюль у 1996 годзе былі вывезены апошнія ў Беларусі балістычныя ракеты. У Гезгалаўскім доме культуры адбыўся канцэрт.

Вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш шукала па раёне лозапляцельшчыкаў — і знайшла. На свята “Кошык плесці — не байкі весці” ў аграгарадку Ёдкі прыехала іх з добры дзясятак. “Майстар-клас па лозапляценні праводзілі Алена Войсят з Крупава, Канстанцін Дзярбук і Фёдар Крупа з Пескаўцаў, — піша Ганна Некраш. — Яны паказалі тэхніку пляцення і распавялі пра асаблівасці збору і падрыхтоўкі лазы. На выставе прэзентаваліся не толькі вырабы з лазы, але і з нітак, вяровак, паперы”.

Цыкл размоў “Сказ пра Янку Купалу” піша загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. “Важна было, — падкрэслівае яна, — паказаць пісьменніка з нязвыклага боку, раскрыць малавядомыя факты ягонай біяграфіі. Першымі слухачамі сталі выхаванцы трэцяй змены раённага дзіцячага летніка “Папраць-кветка”. Юным чытачам цікава было даведацца пра захапленне Песняра шахматамі, пра ягоны аўтамабіль “Шэўрале”.

Алег Раманоўскі з гарадскога пасёлка Івянец паведамляе пра 60-гадовы юбілей мясцовага музея традыцыйнай культуры. “Ён, — удакладняе аўтар, — з’яўляецца спадкаемцам Мемарыяльнага музея Фелікса Дзяржынскага, які быў адкрыты 11 верасня 1957 года. Непадалёк ад Івянца знаходзіўся маёнтак Азямблова (цяпер — Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна), дзе нарадзіўся будучы стваральнік ВЧК. Тагачасны музей з філіялам у Дзяржынаве быў уключаны ва Усесаюзны турыстычны маршрут і выконваў ідэалагічныя функцыі. У часы перабудовы і дэмакратызацыі грамадства музейшчыкі распрацавалі доўгатэрміновую мэтавую праграму “Вяртанне да вытокаў”, дзе галоўнай ідэяй стала захаванне і адраджэнне традыцый Івянецкага цэнтра народнага мастацтва. Адначасова пры фінансавай падтрымцы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь вяліся работы па рэканструкцыі сядзібы Дзяржынскіх у філіяле. У выніку быў створаны самадастатковы музейны комплекс сям’і Дзяржынскіх на базе музейных калекцый”. Сёння Івянецкі музей традыцыйнай культуры — шматфункцыянальны комплекс. Ёсць гісторыка-краязнаўчая экспазіцыя, зала керамікі, выстава твораў разбяра Апалінара Пупко. Пры музеі працуе ўнікальны Цэнтр рамёстваў з ганчарняй, майстэрняй ткацтва, кузняй і майстэрняй мастацкай апрацоўкі драўніны. У сядзібна-паркавым комплексе маецца музейны аб’ект “Карчма” і музей местачковага побыту. Музеефікацыі Івянца спрыяе правядзенне абласнога свята-конкурсу “Гліняны звон”, “Цукеркавага фэсту”, мастацкіх пленэраў.

У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя ад Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў “Любна”. Паведамляецца, што завяршылася рэканструкцыя фірменнага салона пад назвай “Крама скарбаў “Падарункі краіны”. Плошча гандлёвых залаў — каля 200 квадратных метраў. У асартыменце — больш за тысячу найменняў тавараў. Іх вытворцы — мастацкія фабрыкі, што ўваходзяць у склад “Белмастпромыслаў”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"