Круасан ад Міхала Клеафаса Агінскага

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Смаргоншчына: як вёска Залессе здабывае адметны статус
Калі дакладна казаць, дык Залессе гэты статус ужо набыла. Хаця б і з той прычыны, што працуюць тут аж чатыры ўстановы культуры: дамы культуры і рамёстваў, бібліятэка, Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага. Пра апошні і пойдзе гаворка. Менавіта гэты музей з дня ў дзень падвышае вясковае рэнамэ, бо і сядзіба Агінскага, і паркавы комплекс знаходзяцца ў стадыі пастаяннага (доўга шукалі слова) удасканалення. Але і на сёння знакавы для нас і для палякаў аб’ект наведвае за год каля сарака тысяч турыстаў. У Міра і Нясвіжа з’яўляецца канкурэнт, а Гродзеншчына ўпэўнена ўмацоўвае свой імідж зямлі палацаў і замкаў.

/i/content/pi/cult/655/14541/31.jpg

У папярэднім нумары “К” мы пісалі пра тое, як аўтар “Развітання з Радзімай” лучыць маладзечанскую зямлю са смаргонскай. Паўтарацца не будзем. Заўважым толькі, што гаворка — пра ідэальны культурна-турыстычны маршрут, куды і Плябань з Красоўшчынай арганічна ўвойдуць. Па эфекце першага ўражання сядзіба Агінскага ў Залессі падобная да палаца Пуслоўскіх у Косаве. Едзеш сабе па трасе — і раптам збоку нечакана кідаецца ў вочы велічная архітэктурная шляхецкасць. У Косаве маштабнасць збудавання падкрэсліваецца тым, што палац тут — на ўзвышшы. У Залессі не меншы эфект аказвае праезд па старасвецкай алеі. Збіраешся з думкамі перад сустрэчай з легендай. Дарэчы, пэўны настрой ствараецца яшчэ ў вёсцы, дзе вас сустракае крама “Паланэз”. Гэткім жа чынам уплывае на свядомасць і крама “Ядвіся” ў вёсцы Люсіна на Ганцавіччыне, дзе Якуб Колас прыдумаў Лабановіча і ягоную каханую паляшучку.

Гастранамічны паланэз і не толькі

/i/content/pi/cult/655/14541/32.jpgАднаўленне сядзібы пачалося ў 2011 годзе, калі ў выніку трансгранічнага супрацоўніцтва быў атрыманы адпаведны грант. У справу пайшлі і сур’ёзныя грошы з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. На сёння добраўпарадкаваць засталося толькі парк з возерам. І работы гэтыя вядуцца досыць актыўна.

Унікальны аб’ект сабраў вакол сябе ўнікальных спецыялістаў. У першую чаргу маем на ўвазе дырэктара музея Людмілу Радзіцкую. Вакол яе дзейнічаюць нейкія свае, абсалютна не фізічныя законы, скіраваныя на ўдасканаленне яе музейнай гаспадаркі. Яна хоча, каб кожны з наведвальнікаў склаў сваё ўражанне пра аўтара 20 паланэзаў, сябра Гайдна і Моцарта, вучня (па пэўных звестках) Паганіні і паплечніка Касцюшкі, дыпламата і ваяра. Аднойчы дзесьці ў сацыяльных сетках праскочыла меркаванне, што асартымент музейнай кавярні мог быць і багацейшым. Ну, не будзеш жа тлумачыць кожнаму, што кавярня — на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі — рэч амаль нерэальная. А таму Радзіцкая не абуралася, на пэўны час знікла і вярнулася з нейкай адмысловай печкай і не менш адмысловым рэцэптам. Цяпер у меню ёсць круасаны з шакаладам. Гэта менавіта тыя круасаны, без якіх Міхал Клеафас да абедзеннага стала не сядаў. Прынамсі, Людміла Уладзіміраўна ў гэтым катэгарычная. Мы пакаштавалі круасаны, папілі кавы з кубачкаў, аздобленых ініцыяламі Агінскага. Гэта, калі хочаце, гастранамічны паланэз высокага кулінарнага “гучання”. Прыязджайце сюды і адчуйце мелодыю пахаў…

/i/content/pi/cult/655/14541/33.jpgЧасты госць Залесся — легендарны Міхаіл Фінберг са сваім аркестрам. Тады тут пануе зусім іншае гучанне. Сярод шматлікіх пакояў музея ёсць і канцэртная зала. Натуральна, і рабочы кабінет, і більярдная, і іншыя памяшканні — рэканструкцыя. Яшчэ задоўга да адкрыцця музея яго супрацоўнікі займаліся напружанай навуковай працай. З дапамогай архіваў была ўзноўлена знакамітая сядзіба, якую сучаснікі называлі “Паўночныя Афіны”. Сапраўднай засталася толькі дубовая вінтавая лесвіца, па якой гаспадар узнімаўся на другі паверх у спальню. Колькі ж усяго памятаюць тыя прыступкі! Нас знаёміць з музеем намесніца дырэктара Святлана Кенька. Распавядае цікава, прымушае думаць. У выніку хочацца застацца тут, дапамагаць музейшчыкам і пад акампанемент паланэзаў пашыраць прастору іхняга ўплыву на беларускую свядомасць.

Кветкі з усяго свету

/i/content/pi/cult/655/14541/34.jpgМузей застаецца цэнтрам праектнай дзейнасці. Шмат зроблена, шмат чаго яшчэ трэба зрабіць. Асноўная крыніца фінансавання — пазабюджэтная. Мосцік ля млына калісьці пачаў імкліва разбурацца. Яго адрамантавалі. Млын у далёкай перспектыве таксама будзе даведзены да ладу. Тады мастацкая галерэя пераедзе сюды з зімовага сада.

Пра яго, дарэчы, можна гаварыць бясконца. Ці не кожная экскурсійная група лічыць абавязкам перадаць сюды нейкі батанічны экзот. У выніку сядзіба мае ўнікальную калекцыю кветак і дрэў літаральна з усяго свету. Мандарыны і апельсіны тут такія ж звыклыя, як і гуркі з памідорамі на звычайнай вясковай градзе. Звыклыя то звыклыя, але ўсё роўна адчуваеш сябе нібыта на экватарыяльнай выспе пасярод сіняга мора. Усё наўкола — вытанчанае, узнёслае, як барочная ілюстрацыя да музыкі Агінскага. Кветкі буяюць і на вуліцы. Высаджваюць іх ці не ўсёй вёскай. Гэтак жа і даглядаюць. І ўвогуле, паркавая карцінка — выключна маляўнічая. Тут нават пэўныя серыі знакамітага фільма “Сваты” нядаўна здымаліся. З дэкарацый засталіся вуллі на акуратным прысядзібным газоне. А мы падумалі, што Радзіцкая і за вытворчасць мёду ўзялася. Дарэчы, такая магчымасць у перспектыве ніяк не выключана. Толькі б з надзённым управіцца.

Сярод надзённага не толькі добраўпарадкаванне паркавых алей ды рэканструкцыя альтанкі. Сядзіба Агінскага павінна дыхаць музычным жыццём. Таму на парадку дня — восеньскія балі. Рыхтуйце смокінгі і сукенкі з дэкальтэ, спадары і спадарыні! Цэнтрам старасвецкай музычнай культуры становіцца і Залессе. Не ўсё ж рэй весці толькі Міру ды Нясвіжу.

/i/content/pi/cult/655/14541/35.jpg

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Побач з музейнай касай можна і сувенір прыдбаць. У тым ліку — незвычайны. Стаіш перад тэлевізарам і бачыш сябе ў віньетцы святочнай паштоўкі. Аўтамат пад музыку паланэза робіць адбітак фатаграфіі, партрэт на якой ты сам зрэжысіраваў. Кастусь Антановіч так і зрабіў, задаволены. А я, не менш задаволены, працэс зафіксаваў. Любуйцеся. Арыгінальная прапанова заўжды карыстаецца попытам. А такіх прапаноў у Залессі — мора.

Цэнтр праектнай дзейнасці

Акурат падчас нашага прыезду ў Музей-сядзібу Агінскага туды завіталі, на наша журналісцкае шчасце, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Генадзь Бычко і начальнік мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Ражава. Начальства сабралася тут для таго, каб адсачыць, як чысціцца возера. Там працавалі бульдозеры, цяпер шчыруюць экскаватары. Вось што распавёў з гэтай нагоды Аляксандр Вярсоцкі:

— Сітуацыя ў Залессі — на пастаянным нашым кантролі. Гэта адзін з галоўных аб’ектаў па вобласці на сённяшні дзень. Па аб’ёме выдаткаваных сродкаў і маштабе ён можа параўнацца з палацава-паркавым комплексам у Свяцку, што ў Гродзенскім раёне.

На Залессе па лініі Банка рэканструкцыі і развіцця было вырашана выдаткаваць шэсць мільярдаў рублёў “старымі”. Плануецца ўладкаваць возера, у тым ліку зрабіць ачыстку дна і добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. У наступным годзе працягнуцца працы ў парку, стайні, альтанцы.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Кожная камандзіроўка патрабуе пэўнай падрыхтоўкі. Гэта і вызначэнне маршрута, і браніраванне нумароў у гатэлі. Плануючы заночыць у Смаргонскім раёне, і падумаць не змаглі, што гэта можна зрабіць не ў райцэнтры. Больш за тое, ужо ў Залессі высветлілася, што такая магчымасць ёсць у самой сядзібе Міхала Клеафаса. І кошт паслугі практычна адпаведны смаргонскім прапановам. На жаль, браніраваць тут апартаменты з тэхнічных прычын пакуль трэба загадзя, таму гэтым разам вымушаны былі ехаць начаваць у Смаргонь. У выніку грошы за пражыванне пайшлі прыватнай кампаніі, а не ў сферу культуры раёна, якому і належаць сядзібныя апартаменты ў Залессі. Трэба сказаць, што далёка не кожны аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі можа пахваліцца наяўнасцю на сваім балансе эфектыўнай установы з магчымасцю начлегу. Апроч Залесся згадваюцца хіба Глыбоцкі і Акцябрскі раёны, дзе мы неаднаразова спыняліся. Такая магчымасць для сферы культуры раёна — не толькі патэнцыйны прыбытак, але і магчымасць арганізацыі рознага кшталту фестываляў, святаў, майстар-класаў, госці (у тым ліку і замежныя, скажам, з гарадоў-пабрацімаў) якіх могуць за свой кошт прыехаць, але павінны бясплатна пераначаваць.

Не горш, як у Троках

Пакуль у залескім музеі спраўляюцца з цяперашняй колькасцю турыстаў. Але што будзе, калі іх паболее ў некалькі разоў? Перспектыва развіцця музейнага комплексу наступная: выходзіць за межы будынка.

І калі сама сядзіба ўжо прыведзена да ладу, то навакольны парк патрабуе да сябе пільнай увагі. І не толькі ландшафтных дызайнераў, але і будаўнікоў. Па замалёўках, што захаваліся з часу Агінскага, дырэктар установы хоча аднавіць гарбатыя масткі, альтанкі. Па задуме кіраўніка сферы культуры раёна Таццяны Ражавай, у перспектыве турысты змогуць з цікавасцю для сябе правесці ў парку цэлы дзень — як гэта цяпер назіраецца ў тых жа Троках — і будуць у захапленні ад так званай “зялёнай архітэктуры”. Асабліва ўвосень, калі залескі парк набывае незвычайнае хараство.

Шмат матэрыялаў адносна Залесся і Агінскага захавалася на французскай мове. Вось толькі зацікаўленых людзей з добрым валоданнем гэтай мовы залескі музей пакуль не можа знайсці. Цяпер уся надзея на Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Не ўяўляецца развіццё музея і без папаўнення ягоных калекцый. Цяпер музей-сядзіба Агінскага мае 293 прадметы асноўнага фонду. Міністэрствам культуры даведзены паказчык штогод на 7 працэнтаў яго павялічваць. Вось толькі само ведамства дапамагаць экспанатамі, размяркоўваючы канфіскаваныя на мяжы каштоўнасці, не спяшаецца. Хаця асобныя прадметы, выяўленыя ў кантрабандыстаў, усё ж маюцца. Жырандоля паступіла з брэсцкай мытні, гэтаксама як і некалькі крэслаў. Але ўсе яны па просьбе райвыканкама былі перададзены ў Смаргонскі музей, а адтуль ужо ў Залессе.

Пакуль жа вырашаюць пытанне з экспанатамі залескія музейшчыкі праз наладжванне добрых стасункаў з калегамі — некалькі каштоўных прадметаў паступілі на дэпазіт з іншых музеяў краіны, у тым ліку з Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля, — а таксама калекцыянерамі, зацікаўленымі ў продажы сваіх артэфактаў старасвецкай гісторыі.

Пра тое, што турыстаў чакаюць у Залессі, сведчыць і той факт, што тут актыўна займаюцца маркетынгам: інфармацыю пра музей-сядзібу можна знайсці ў буклетах і выданнях, што распаўсюджваюцца на бартах “Белавія”. І гэта дае свой плён: некалькі месяцаў таму ў самалёце замежны турыст атрымаў невялікі шляхаводнік з інфармацыяй пра Залессе і прыехаў сюды, прыхапіўшы з сабой цэлую групу суайчыннікаў. Да таго ж, вельмі актыўна раскупляюцца карты з планіроўкай сядзібы і навакольнага парку.

А вось і прамежкавыя вынікі паспяховай працы: за мінулы год установа зарабіла каля ста тысяч рублёў. І, што асабліва радуе, не збіраецца спыняцца на дасягнутым.

Не забываюцца ў музеі-сядзібе і на выданні нашай выдавецка-рэдакцыйнай установы: у фае каля касы з сувенірамі прадстаўлена падборка часопіса “Мастацтва”. А вось нашу газету мы так і не пабачылі. Паразмаўлялі на гэты конт з прысутным ва ўстанове кіраўніцтвам. Аказалася, і музейнае, і раённае не супраць актыўнага ўзаемадзеяння з “Культурай”. Бо працуем у адной плоскасці. Таму вызначылі агульныя кропкі судакранання. Пра якія ў наступным выпуску аўтатуру.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Вядома, Залессе — гэта не ўвесь Смаргонскі раён. Гэта, хутчэй, унікальны дыямент, удала апрацаваны ў руках майстра. Апроч яго на Смаргоншчыне ёсць што паглядзець і ёсць у чым паўдзельнічаць. А як іначай, калі мясцовыя работнікі культуры праяўляюць крэатыўнасць і вынаходлівасць. Пра адзін з адметных праектаў, скіраваны на дзяцей з інваліднасцю, і не толькі чытайце ў наступным матэрыяле нашага аўтатуру.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"