Паглыбляючыся ў кантэксты

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

7 выстаў Месяца фатаграфіі, якія нельга прапусціць
Чаго мы чакаем ад Месяца фатаграфіі ў Мінску, які ўжо ў чацвёрты раз адкрыўся на гэтым тыдні? Цяжка сказаць, бо тут заўсёды ёсць інтрыга! І яна зусім не раскрываецца зместам праграмы МФМ: пакуль не ўбачыш выставы і прэзентацыi, не паслухаеш выступы куратараў і фатографаў, нічога нельга ведаць напэўна! Тым не менш чаканні ёсць, і Андрэй Лянкевіч, ініцыятар і кіраўнік праекта, гатовы іх падагрэць, прыадкрыўшы некалькі цікавых старонак нашага календара на верасень.

/i/content/pi/cult/655/14540/28.jpgМесяц фатаграфіі ў Мінску на гэты раз рыхтуе новаўтворанае Бюро, сфармуляваўшы магістральную тэму фестывалю — калектывізацыя. Выставы, лекцыі і майстар-класы пройдуць на некалькіх пляцоўках. Асноўная — “Сталоўка ХYZ” на вуліцы Фабрыцыуса — прыме 6 цэнтральных выстаў. Паралельную праграму падтрымаюць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, прыватныя галерэі. Нягледзячы на назву фэсту, частка праграмы зноў пройдзе ў рэгіёнах — на такіх пляцоўках, як Дом культуры ў мястэчку Лынтупы і культурныя цэнтры ў Брэсце, Гродне, Паставах.

Адна са знакавых падзей МФМ адбылася 6—7 верасня на плошчы Свабоды. Мінск не распешчаны светлавымі арт-інсталяцыямі, і праекцыі Клемента Брыенда на ратушу, прысвечаныя юбілею Мінска, многім запомняцца надоўга. Гэты французскі мастак, ужо знаёмы нам па ўдзеле ў МФМ-2016, дэманстраваў архіўныя фотаздымкі.

Свой погляд на Ісландыю будзе прадстаўлены на выставе “IS (not)” міжнароднай групы фатографаў Sputnik Photos. Працяглыя праекты-даследаванні — тым больш групавыя — гэта вышэйшы пілатаж фатаграфічнай працы, якая мае ўсе шанцы адкрываць масавай публіцы невядомае і мець поспех на фестывалях.

Ад шырокафарматных жэстаў вернемся ў Беларусь, каб паглыбіцца ў яе спецыяльны кантэкст са спробай аналізу фатаграфічнага дыскурсу. Адна з актуальных тэм  — стварэнне музея фатаграфіі, неабходнасць якога даўно абмяркоўваецца ў прафесійнай супольнасці. Пакуль тыя абмеркаванні не далі выніку, і фатаграфічнымi архівамі займаюцца самыя розныя інстытуцыі — па меры сваіх магчымасцяў і зыходзячы са сваіх задач. Бюро МФМ пачало стварэнне калекцыі творчай фатаграфіі нядаўна, разумеючы, што нельга спыніць час: незалежная Беларусь ужо дала штуршок да развіцця Мінскай школы, савецкі перыяд таксама застаўся ў творчасці цікавых аўтараў, і пра яго ніяк нельга проста ўзяць ды забыць.

/i/content/pi/cult/655/14540/29.jpgСапраўдны, паўнавартасны Музей фатаграфіі яшчэ наперадзе, і гэта, безумоўна, асобная тэма, але на сённяшні момант свае вінтажныя адбіткі і лічбавыя файлы перадалі ў калекцыю МФМ Юрый Васільеў, Артур Клінаў, Сяргей Кажамякін, Ігар Саўчанка, Максім Сарычаў. Усё сабранае можна будзе ацаніць у Цэнтры гарадскога жыцця Гродна, і, думаецца, шматспадзеўны правобраз будучага музея ўжо стане паціху праглядацца.

Арт-вёска Каптаруны, якая дзякуючы кінематаграфістам і літаратарам літаральна на вачах імкліва замацавалася на культурнай карце Беларусi, яшчэ больш умацавала свае пазіцыі фатаграфічным пленэрам “Месца”. Яго вынікі пакажуць у Лынтупах. Сяргей Ждановіч, Сяргей Кажамякін, Андрэй Лянкевіч, Ігар Саўчанка, Вольга Сазыкіна, Вольга Прусак пакажуць вынікі сваёй чэрвеньскай працы — і, мяркуючы ўжо нават па саміх імёнах, яны могуць быць самыя нечаканыя!

Чарнобыльская тэма не сыходзіць з фатаграфіі, адкрываючы кожны раз, з кожным новым аўтарам усе новыя свае аспекты і павароты. На гэты раз арт-журналістка і фатограф Вольга Бубiч пакажа свой праект “Больш, чым Я”, дзе яна сабрала фатаграфіі, архіўныя здымкі італьянскіх сем’яў, малюнкі і лісты беларускіх дзяцей. Ведаючы Вольгу як патрабавальнага крытыка, чакаем яе ўласную выставу з нецярплівасцю.

Група “Веха” ў асобах Ганны Бундзелевай і Алесі Пчолкi пакажа “Найлепшы бок”, заснаваны на дакументальных архівах. Гэта паглыбленне ў таямніцы ручнікоў — ”найбольш устойлiвага, сакралiзаванага i статуснага аб’екта ў беларускай народнай культуры, што, у сваю чаргу, робiць яго своеасаблiвым носьбiтам рэгiянальнай, этнiчнай цi рода-племянной адметнасцi” (Мiхал Анемпадыстаў). Можа быць, гэты ”лепшы бок” стане адкрыццём фэсту?

І яшчэ да тэмы статусаў ды іерархій. Выстава “Беларусi прысвячаецца...” адкрые для многіх фатаграфічную творчасць Льва Дашкевіча ў яго 135-гадовы юбілей. Навуковая і мастацкая дзейнасць гэтай падзабытай асобы, а таксама і сяброўства з Янкам Купалам будуць адлюстраваныя ў экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.

Вядома, 7 выстаў — гэта толькі частка найважнейшай падзеі ў фатаграфічным жыцці Мінска, а з нядаўняй пары і Беларусі наогул. Усяго выстаў — 15, і паколькі фестываль працягнецца да канца кастрычніка, кожны ахвотны паспее наведаць кожную ды ацаніць яе паводле ўласнага густу.

Якая з інтэрпрэтацый ”калектывізацыi”, якая прастора, аўтар або творчая сустрэча апынуцца самымi важнымi і карыснымi? Або самымі папулярнымі? Самымі ўплывовымi з пункту гледжання развіцця фатаграфічных працэсаў у краіне? Думаю, адказы на гэтыя пытанні будуць вельмі розніцца.

Любоў ГАЎРЫЛЮК,
арт-журналіст