Горад на выхадныя

№ 36 (1319) 09.09.2017 - 14.09.2017 г

Шчыра кажучы, не надта я даю веры розным рэйтынгам гарадоў: не разумею метадалогіі іх стварэння. Як можна ацэньваць псіхалагічную камфортнасць або зручнасць побыту, не пажыўшы ладны час у кожным з аб’ектаў ацэнкі? Іншая справа — рэйтынг гарадоў на выхадныя. Тут паспытаць усё на сваёй шкуры, пагадзіцеся, значна прасцей. І нядаўняе траплянне Мінска ў адпаведны топ-30 паводле версіі часопіса The Times можна лічыць добрым падарункам да юбілею.

/i/content/pi/cult/655/14533/10.jpgАсабіста я найперш уключыў бы Мінск у рэйтынг гарадоў, якія імкліва змяняюцца — у бок развіцця. І сапраўды, тыя рэчы, якія зусім нядаўна здаваліся неверагоднымі, сёння ўжо сталі завядзёнкай. Вулічныя тусоўкі з музыкай, сотні прыстойных бараў, графіці, шматлікія гатэлі — усяго гэтага тут не было яшчэ лічаныя гады таму. Ды і патрапіўшы ў той ці іншы раён горада пасля ладнага перапынку, можна проста яго не пазнаць: так шмат усяго будуецца і добраўпарадкоўваецца.

Вядома, усе гэтыя інавацыі варта ацэньваць крытычна. Прыкладам, дагледжаныя мікрараёны на ўскраінах заўсёды прыемна здзіўляюць замежнікаў. А новая семантычная вось, выбудаваная архітэктарамі ўздоўж праспекта Пераможцаў, значна саступае паводле сваёй мастацкай пераканаўчасці таму ж праспекту Незалежнасці. Апошні і наогул павінен успрымацца як тая планка ў горадабудаўніцтве, якую абавязкова належыць прынамсі пастарацца дасягнуць — асабліва калі гаворка вядзецца пра забудову цэнтра горада.

У кожным разе, завітаць у Мінск на выхадныя для замежнага турыста сёння будзе прыемна. Віза не трэба, гатэляў і кавярняў удосталь, культурную праграму таксама можна сабе забяспечыць. Той жа “Таймс” рэкамендуе наведаць Вялікі тэатр оперы і балета, дзе ўзровень еўрапейскі, а квіткі каштуюць амаль як пры камунізме.

Аднак калі турыст захоча затрымацца надаўжэй або паўтарыць візіт, могуць узнікнуць праблемы. Відавочна, што асартымент тутэйшых адметнасцяў пакуль вельмі абмежаваны. Ды і сам горад — з усёй багатай на размаітыя сюжэты гісторыяй, — як падаецца, напоўніцу не раскрыўся перад вачыма госця.

Прапаноў па стварэнні новых турыстычных прынадаў за апошнія гады агучана безліч, некаторыя нават пачалі былі рэалізоўвацца — як той жа музейны комплекс на Замчышчы. Зразумела, што праект працаёмкі і дужа затратны, але пры гэтым варта ўсвядоміць і іншае: для Мінска ён папраўдзе “нумар раз” паводле сваёй актуальнасці. Ён здатны стварыць у свядомасці іншае вымярэнне сучаснага горада — і тым самым зрабіць яго імідж куды больш аб’ёмным. Бо сёння старэйшых за XVII стагоддзе будынкаў у горадзе не ўбачыш. Адпаведна, амаль тысячагадовая яго гісторыя ніяк не візуалізаваная.

Хаця менавіта на гэта, як падаецца, і трэба рабіць асноўны акцэнт у далейшым развіцці горада. Рэстаўратары пакідаюць неатынкаванымі фрагменты старой кладкі — каб можна было дакрануцца да гісторыі. У гарадской прасторы варта выкарыстоўваць падобны прыём. Прыкладам, вельмі эфектна выглядаў бы цудам ацалелы фрагмент драўлянага дарэвалюцыйнага Мінска ў тым сучасным урбаністычным атачэнні, якое сёння фармуецца вакол
Паўночнага завулка.

Альбо, напрыклад, сутарэнні. Знаўцы сцвярджаюць, што гістарычны цэнтр літаральна імі спярэшчаны. Чаму б не пераўтварыць іх у турыстычны аб’ект — як гэта нядаўна зроблена ў зусім не абдзеленым адметнасцямі Кракаве ды і нагул многіх еўрапейскіх гарадах?

Зрэшты, як кажуць, Рым не адразу будаваўся. Той прагрэс, якога дасягнуў Мінск у апошнія гады, і без таго не можа не ўражваць. І хочацца спадзявацца, што пасля бурлівага перыяду экстэнсіўнага росту прыспее час удумлівай прапрацоўкі дэталяў. А менавіта дзякуючы ім горад зможа прывабліваць турыстаў не толькі на выхадныя.