Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства:
Тут сам сабою прыходзіць у галаву стары жарт пра тое, як некаторыя гавораць па-беларуску: “Я маю паляванне з’есці пэндзаль вінаграду”. Прыблізна такія выразы і прыходзіцца калі-нікалі чуць з нашых тэлепрыёмнікаў. Так, цяпер вельмі распаўсюджаным стала гаварыць “кропка погляду”, у той час як правільна было б сказаць “пункт погляду”, кропкі ж ставяць у канцы сказаў. А чаго каштуе выраз: “Гэта гуляе ролю”, калі гуляць можна ў нейкую гульню, ролю ж адыгрываюць. Блытаюць таксама словы “цагляны” і “цагельны”, забываючыся, што “цагляны мур”, але “завод цагельны”. А вось у тэлерэпартажы аб адкрыцці адной мемарыяльнай дошкі ў Мінску прыйшлося чуць, як адзін вельмі паважаны дзеяч сказаў, што “зараз мы адчыняем мемарыяльную дошку”. Дарагі спадар, адчыняюць дзверы ці вароты, мемарыяльную ж дошку адкрываюць!
Ёсць яшчэ праблемы з націскамі. Чамусьці цяпер многія гавораць “на працягу” з націскам на гук “у”, калі (зазірніце ў слоўнік) націск трэба ставіць на гук “я”. А яшчэ зараз на нашых тэлеканалах ідзе рэклама, у якой, як там гучыць, рэкламуюцца “чаравікі” (з націскам на апошні склад, у той час як у гэтым слове націск павінен быць не на апошнім, а на першым “і”). А яшчэ хочацца ўспомніць вельмі распаўсюджаную форму вымаўлення “песeджанне”, у той час як ува ўсіх слоўніках значыцца “пасяджэнне”.
Хочацца сказаць, што трэба змагацца за чысціню мовы, асабліва ў сродках масавай інфармацыі, яны ж даюць прыклад астатнім членам нашага грамадства. Давайце гаварыць правільна!