Конкурс рэжысёраў: зрэжысіруем?

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Мінулым тыднем расійскі тэлеканал “Культура” трансляваў усе тры туры ІІІ Міжнароднага конкурсу маладых оперных рэжысёраў “Нана-опера”. Раптам падумалася: чаму б не правесці штосьці падобнае ў нас? Але для рэжысёраў драматычных тэатраў.

Для пачатку раскажу, як праходзілі конкурсныя прагляды. У першым туры трэба было зрэжысіраваць оперную арыю. У другім — дуэт. У трэцім — масавую сцэну. Усё — на вачах гледачоў і журы. У строга адведзены час (на арыю, да прыкладу, давалася ўсяго 10 хвілін). Вядома, быў і невялікі “застольны” перыяд, схаваны ад гледачоў, калі рэжысёры маглі хаця б крыху падрыхтаваць артыстаў да таго, што іх чакае. Дарэчы, сам конкурс праходзіў у апошнія дні мая — з прамымі інтэрнэт-трансляцыямі. Цяпер тэлебачанне паставіла тыя запісы ў эфір. У адрозненне ад многіх выканальніцкіх конкурсаў, гэты было глядзець вельмі цікава — нават двойчы.

Але займальны, папраўдзе відовішчны эфір аказаўся далёка не адзіным плюсам “Нана-оперы”. Замест грашовых прэмій пераможцы атрымалі магчымасць ажыццявіць пастаноўкі ў вядучых тэатрах. Каб гэта стала рэальнасцю, журы складалася скрозь з дырэктараў, мастацкіх кіраўнікоў і галоўных рэжысёраў оперных тэатраў свету. Таму на запрашэнне маглі разлічваць і тыя, хто не набраў больш за іншых балаў, але спадабаўся камусьці з камісіі. У выйгрышы застаюцца і тэатры, у якія ўліваюцца маладыя сілы, і артысты-ўдзельнікі праекта: за час конкурсу яны могуць і з рознымі рэжысёрамі папрацаваць, што вельмі важна для творчага руху наперад, і ўвагу на сябе звярнуць, што не менш важна для далейшай кар’еры. Дык чаму б не “спраецыраваць” усё гэта на беларускую глебу? І менавіта на драматычныя тэатры, якіх у нас, у адрозненне ад адзінага на ўсю краіну опернага, багата?

Мне могуць запярэчыць: маўляў, у параўнанні з неабдымнай расійскай беларуская тэатральная прастора — лакальная, замкнёная, мы тут і без таго ўсё пра ўсіх ведаем. Магчыма, гэта так. Але ніхто не перашкаджае зрабіць такі конкурс адкрытым, каб на яго маглі прыехаць і маладыя рэжысёры з замежжа. І ў журы трэба абавязкова запрасіць замежных прадстаўнікоў! Не таму, што “няма прароку ў сваёй айчыне”, а каб наша творчая моладзь атрымала “погляд збоку” і, магчыма, запрашэнне, спрыяльнае для далейшага развіцця.

Яшчэ адзін важны аргумент на карысць такога конкурсу — магчымасць убачыць кожнага з рэжысёраў “у дзеянні”. Спектакль з’яўляецца сумеснай працай многіх і многіх людзей розных прафесій. Часам артысты ідуць насуперак рэжысёру — і толькі праз гэта дасягаюць годнага ўзроўню. А часам, наадварот, з тых ці іншых прычын не выконваюць пастаўленых перад імі рэжысёрскіх задач, зводзячы заяўленную творцам канцэпцыю да нуля. Фрагмент рэпетыцыйнага працэсу, зроблены неад’емнай часткай конкурсных праглядаў, дазваляе больш глыбока ацаніць і само мысленне, і непасрэдную сцэнічную працу рэжысёра з артыстамі. Наколькі адэкватнымі, карыснымі, зразумелымі аказваюцца ягоныя просьбы і прапановы, ці ўмее ён кантактаваць з артыстамі, захапіць іх сваёй ідэяй, павесці за сабой — усё гэта можна зразумець не на спектаклі, а ў час рэпетыцыі. Гэтак жа, як з дырыжорам. Калі, бывае, той паказвае аркестрантам абы-што, яны пачынаюць іграць самастойна, арыентуючыся, у залежнасці ад стылю, на першую скрыпку ці ўдарныя. А публіка ў захапленні: ах, як маэстра выразна маша рукамі ды трасе галавой!

Правядзенне рэжысёрскага конкурсу можна сумясціць з Лабараторыяй рэжысёрскіх праектаў Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, ні ў якім разе не падмяняючы адно другім. Такі “падвойны салют” прыцягне больш грамадскай увагі. А да таго ж, зробіць творчасць нашых маладых рэжысёраў больш адчувальнай, дазволіць зразумець іх індывідуальнасць. Калі рэжысёр ужо вядомы, яго запрашаюць паставіць тое, што абярэ ён сам. А калі невядомы?

Падобныя конкурсы маглі б практыкавацца і як своеасаблівы кастынг на тую ці іншую пастаноўку. У тэатрах здараюцца сітуацыі, калі ў сілу тых ці іншых абставін трэба ставіць пэўную п’есу, якую штатныя рэжысёры “не бачаць”. І пачынаецца “варажба пры свячах”, хто дакладна мог бы гэта зрабіць: распытваюць крытыкаў, артыстаў іншых тэатраў, дзе той ці іншы рэжысёр працаваў раней. Бывае, сарафаннае радыё спрацоўвае. Але ніхто не застрахаваны ад памылак. Дый рэжысёрскі стыль змяняецца: разлічвалі на адно — атрымалі зусім іншае. Ці ж не лепей напярэдадні пераканацца на свае вочы? А ўсё, што для гэтага патрабуецца, — прапанаваць паставіць некалькі сцэн, зрабіўшы штосьці накшталт “кінапроб”, толькі не з патэнцыйнымі акцёрамі, а з магчымымі пастаноўшчыкамі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"