Экспазіцыя стваралася пры падтрымцы Рагачоўскага музея Народнай Славы. Аснову яе складаюць творы Анатоля Каплана. Бліскучы майстра літаграфіі, аўтар знакамітых ілюстрацый да кніг Шолам-Алейхема, Антона Чэхава, Мікалая Гогаля нарадзіўся 10 студзеня 1903 года ў Рагачове. Усё яго жыццё прайшло ў Пецярбургу, але ўспаміны дзяцінства не маглі не паўплываць на творчасць. Сярод мастацкіх работ, прадстаўленых у экспазіцыі — цыкл афортаў, прысвечаных роднаму Рагачову.
Тэму беларускага мястэчка пачатку ХХ стагоддзя, да якой звяртаўся Анатоль Каплан, у беларускай літаратуры раскрывалі многія пісьменнікі. У тым ліку, Змітрок Бядуля і Кузьма Чорны. Гэта таксама адлюстравана ў экспазіцыі.
“Краіна мястэчкаў Анатоля Каплана” дае магчымасць зазірнуць у свет пяшчоты і замілавання, цеплыні і супакаення. Свет мястэчка знік, але варта пабачыць работы Анатоля Каплана, разгарнуць кнігі Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага і іншых пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя, як адразу адчуеш, што гэты свет дыхае, плача і смяецца, мітусіцца ў тлуме кірмашоў і марыць аб шчасці для ўсіх.
Лідзія ШАГОЙКА, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры