“Кінемо” знутры
Я трапляю на чацвёрты паказ “Кінемо” ў гэтым сезоне — стужку “Людзі без заўтра” польскага рэжысёра Аляксандра Херца. Музычную прастору для фільма стварае калектыў Galloping Lethargy. Адразу ўражвае ўзровень музыкі — гэта не банальная ілюстрацыя дзеянняў персанажаў у кіно, а шчыльная плынь пераплеценых гукаў. Праз гэтае покрыва ўспрыяцця карціна 1919-га года выглядае пасланнем былой культуры. Стужка, якая лічылася страчанай і была дзіўным чынам знойдзеная ў 2003 годзе ў Берліне, па сутнасці, атрымоўвае новае нараджэнне — непасрэдна ў дадзены момант музычнай пульсацыі, калі пяшчотны вакал Антаніны Навацкай саступае месца перарывістым электронным шумам Паўла Дзядура.
— Гэта ўсё супольная імправізацыя, — апавядае адзін з музыкаў Galloping Lethargy Філіп Пал-
мер. — Мы раней не ігралі ў такім складзе, і гэты вечар для нас — сапраўдны выклік, які цікава прыняць.
Філіп, які ўжо не аднойчы ўдзельнічаў у стварэнні музыкі для кіно, ахвотна распавядае пра спецыфіку падо-
бнага вопыту.
— Калі бачыш нямое кіно, то перад табой стаяць
дзве задачы, — кажа ён. — З аднаго боку, варта аднавіць, амаль перастварыць традыцыйны акампанемент да падобных фільмаў. Узгадаем тут піяніна ці арган. З іншага, неабходна знайсці ў карціне пэўныя сэнсы, якія дапамогуць змясціць музыку ў сучасны кантэкст. Гэтаму спрыяюць, напрыклад, электронныя гукі. Да ўсяго, нам вельмі важна, каб нашы эмоцыі падзяляла прысутная аўдыторыя.
Публіка адгукалася на эксперымент з удзячнасцю. Падчас прагляду мне часам здавалася, што, калі раптам музыка спыніцца, можна будзе пачуць піск камара, які пралятае ў верхавіне дрэва. Градус увагі проста зашкальваў, хаця культурны прадукт быў не надта лёгкім для ўспрыняцця. Але спалучэнне “вялікага нямога” ды музыкі сучасных выканаўцаў і кампазітараў аказалася атракцыёнам, прыцягальным не толькі для інтэлектуальнага асяродку.
Планка, якую бяруць не ўсе
— А калі ўсё распачыналася, многія нават не ведалі, што і ў Беларусі ёсць свае сучасныя кампазітары, — сягае ў мінулае праекта Віталь Дарашук. — Падчас сеансаў бачыў шчырае здзіўленне публікі. А сёння ўжо з’явілася адчуванне аўдыторыі, якой падабаецца падобны фармат і наш падыход да музычнага суправаджэння.
Як падкрэсліваюць усе арганізатары “Кінемо”, падыход гэты вельмі жорсткі.
— Мы прапаноўваем выканаўцам і музыкантам фільм за некалькі месяцаў, — раскрывае тэхналогію падрыхтоўкі культурнай ініцыятывы Гера Глік з праекта Cinemascope. (Вядомая кампанія-дыстрыб’ютар адказвае на фестывалі за кіначастку). — Каб быў час для натхнення, творчай працы. Нас не цікавіць тое, што ўжо зроблена: калі бярэцца гатовы альбом і ставіцца ў прайгравальнік. Мы патрабуем, каб гэта была адмысловая музыка, створаная пад канкрэтны фільм. У такім выпадку і вынік заўважны. Калі нехта “халтурыць”, не рыхтуецца, гэта адразу і бачна. Бывала і такое, што музыканты адмаўляліся, не адолеўшы складаную задачу.
Камедыі, драмы і “хорары” — што каму
У гэтым сезоне, да прыкладу, адзін з паказаў кіно прайшоў… пад суправаджэнне аргана. Гаворка пра нашумелую стужку
нямецкага кінаэкспрэсіяніста Фрыдрыха Вільгельма Мурнау “Насферату. Сімфонія жахаў”.
— Чатыры гады наш праект намагаўся паказаць гэты фільм, — распавядае перадгісторыю другая, не менш важная, палова кампаніі Cinemascope Вольга Надольская. — І большасць творцаў нам казалі, што гэта надзвычай банальна: “Мурнау! Ай, сумна, усе бачылі!” А вось сёлета Вольга Падгайская рызыкнула напісаць музыку да стужкі — і ўсе нібы паглядзелі на яе іншымі вачыма!
Вампірская гісторыя пра жахлівага графа Орлака ў трактоўцы кампазітаркі атрымыла шыкоўнае музычнае ўвасабленне. Арган той жа Вольгі Падгайскай, габой Наталлі Малашковай і скрыпка Настассі Карпенка нарабілі такога страху, што...
— Мне потым тэлефанавалі знаёмыя, і казалі, што ім паўсюль у цёмных завулках мроіўся Насферату, — кажа Вольга Падгайская.
Зрабіць з вядомага вампіра, скажам, сучаснага забойцу ў Вольгі падчас напісання музыкі спакусы не ўзнікала.
— Мне падаецца, што перарабляць сродкамі музыкі трагедыю ў камедыю ці наадварот — не вельмі добрая задума, — раскрывае яна свой творчы падыход. — Лічу, трэба прытрымлівацца аўтарскай ідэі. Тым больш, што ў фільмах сустракаюцца і сумныя часткі, і лірычныя — адпаведна, ёсць магчымасць паказаць розныя эмоцыі. У дачыненні да “Насферату” я разумела, што Мурнау сваёй карцінай хацеў напужаць усіх да смерці. Ён сам баяўся, калі яе здымаў! Але сёння многія вынайдзеныя ім рэчы для нас, сучаснікаў, страцілі свой эфект. Таму я імкнулася ў сваёй музычнай трактоўцы “вярнуць” першапачатковы пасыл рэжысёра. Адпаведна, стварыць такую атмасферу, каб страшна стала ўсім. У тым ліку, і мне.
Яскравыя эмоцыі публіка атрымала і на крымінальнай драме “Нападзенне” Эрне Мецтнера ды на камедыях, што ўраўнаважылі паказ жорсткай кароткаметражкі — “Копы” Бастэра Кітана і “На галовакружнай вышыні” Хэла Роўча. І тут сыграла ролю не толькі музычнае суправаджэнне ды добрае кіно, — падчас прагляду распачаўся такі дождж, што ў схованкі пахаваліся нават кажаны. Але музыкі і гледачы стойка вытрымалі напор стыхіі — і не пакінулі сваіх крэслаў да канца сеансу.
— Дарэчы, чамусьці музыканты ў нас вельмі стрымана ставяцца да камедый, — дадае Вольга На-
дольская. — Раней мы прадастаўлялі ім магчымасць выбару стужкі з пакета філь-
маў, які набывалі. І амаль усе цягнуліся да драмаў. А вось камедыям — супраціўляліся. У выніку, сёння мы гэтую практыку выбару спынілі. Інакш усе камедыі ў нас засталіся б без музыкі.
Урэшце, Вольга Падгайская не ўбачыла ў камедыі “нізкага жанру”. “Апошнія дзве — “Копы” і “На галовакружнай вышыні” — проста шыкоўныя! І ёсць глеба для творчага выяўлення”, — прызналася яна.
Каналы сувязі
Дарэчы, ці ёсць у “Кінемо” канкурэнцыя? — пытанне, якое выяўляе не толькі
пазіцыі ды адметнасць ініцыятывы, але, у пэўнай ступені, культурны ўзровень Мінска і Беларусі.
— Вядома, мы сочым за падобнымі мерапрыемствамі, гэта дапамагае нам развівацца, — адказвае Гера Глік. — У Мінску канкурэнцыю пакуль не адчуваем — хаця наш праект далёка не адзіны ў сваім родзе. Але “Кінемо” мае сваё аблічча: мы паказваем нямое кіно пад сучасную акадэмічную музыку. Іншыя фарматы, як мне падаецца, разлічаны і на іншую аўдыторыю.
Што да еўрапейскіх падо-
бных праектаў, то за імі Cinemascope сочыць, натхняецца і стараецца адпавядаць лепшым узорам.
— Вядома, мы імкнёмся бываць на падобных мерапрыемствах. Ёсць шыкоўны фестываль у Кракаве, — пералічвае Гера Глік. — У італьянскай Балонні ладзіцца форум Il Cinema Ritravo, дзе дэманструюць адрэстаўраваныя стужкі са ўсяго свету. Яны розных гадоў, але, у тым ліку, і нямое кіно. Таксама ў межах Берлінале час ад часу робяцца паказы з сімфанічным аркестрам.
У гісторыі “Кінемо” таксама ёсць падобныя прыклады: летась праект адкрываўся стужкай Альфрэда Хічкока “Жылец” у суправаджэнні сімфанічнага аркестра музычнай капэлы “Санорус”.
— Ці дарагі “Кінемо”? — не ўстрымліваюся ад “фінансавага” пытання.
— Дабрачынным яго я назваць не магу, — мой візаві раздумвае над адказам. — Глядач плаціць за квіток. Але ў гэты кошт уваходзяць выдаткі на арэнду апаратуры, пакупку правоў на дэманстрацыю стужак, ганарары музыкантам… Прычым апошнія — не надта вялікія. Што зарабляецца — тое і дзеліцца. Але і камерцыйным “Кінемо” таксама назваць нельга. Мы выходзім толькі на самаакупляльнасць. Хутчэй, я б ахарактарызаваў наш праект як культурна-асветніцкі: з яго дапамогай мы імкнёмся развіваць нашу публіку і развіваемся самі.
Віталь Дарашук увогуле лічыць “Кінемо” бадай галоўнай на сёння пляцоўкай для сучасных музыкантаў і кампазітараў акадэмічнай сцэны.
— Асабліва нас прыязна ўспрымаюць у рэгіёнах, — распавядае ён пра досвед падарожжаў у абласныя цэнтры. — Гродна, да прыкладу, вельмі цікавы для мяне горад. Цалкам адрозная атмасфера ад Мінска, іншая публіка. “Кінемо” там, як выглядае, адна з найважнейшых падзей. У гэтым сезоне ў нас быў паказ, які прыпаў на жудасны дождж. У Мінску, упэўнены, ніхто б не прыйшоў, а ў Гродне сабралася каля 100 чалавек!
Як потым выявілася, Віталь не мае рацыю. Мінск на апошнім паказе таксама прадэманстраваў адданасць культурным каштоўнасцям: залева была проста страшнай, але публіка стойка трымалася пад парасонамі і дажджавікамі.
— Адзінае, усе выезды ў рэгіёны забіраюць шмат сіл, — дадае Віталь. — У адзін год мы зрабілі “Кінемо” ў Гродне, Магілёве, Мінску і Брэсце — дык амаль выжылі! Ды і з фінансавага боку гэта складана: музыкантаў трэба вазіць, дзесьці сяліць…
Тым не менш, па словах заснавальнікаў фэсту, спыняць ініцыятыву яны не збіраюцца. Вольга Надольская распавяла пра спробы зрабіць паказы нямога кіно ў касцёле. Прапанова пакуль, на жаль, не знайшла падтрымкі ў Мінску, але, магчыма, з’явяцца ахвотныя да падобнай ініцыятывы ў рэгіёнах?
— Урэшце, дзе сёння гараджане могуць пазнаёміцца з сучаснай акадэмічнай музыкай? — акцэнтуе Віталь праблему адсутнасці каналаў сувязі беларускай музыкі адпаведнага кірунку і слухача. — Будзем шчырымі, нідзе. У філармонію цяперашняя моладзь не надта ходзіць, ды і сам час абумоўлівае патрэбу ў іншых фарматах. Клубы, ангары, заводы, адкрытыя пляцоўкі… Вось — актуальныя пляцоўкі для сустрэч з будучай класікай. Я бачыў і бачу падо-
бныя прыклады ў многіх краінах Еўропы. Але ў нас, на жаль, “Кінемо” — адна з нешматлікіх платформаў, якая дае магчымасць прагучаць сучасным прадстаўнікам акадэмічнай сцэны. І дзякуй за гэта, у тым ліку, дырэктарцы Музея Заіра Азгура Аксане Багданавай, якая пагаджаецца на падобныя эксперыменты.
“Кінемо” як прастора для асветы, адпачынку і натхнення. Як прастора для творчасці. Як пошук новай музыкі і сэнсаў. Мне асабіста такі праект — “тое, што доктар прапісаў”.