Барыс Святлоў і Ірына Івенскіх падчас урачыстага адкрыцця Дзён культуры Пермскага краю з удзлам Пермскага губернскага аркестра. / Фота аўтара
Мерапрыемствы праходзілі з 8 па 10 чэрвеня. У Мінску адбылося пасяджэнне рабочай групы па пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пермскім краем, дзе абмяркоўваліся варыянты супрацоўніцтва не толькі ў галіне культуры, але і ў прамысловасці, гарадской і сельскай гаспадарцы, адукацыі, ахове здароўя.
— Пермскі край — гэта цэнтр Расіі, рэгіён, вядомы сваім балетам, драўлянай скульптурай, вялікім прамысловым патэнцыялам, высокай культурай сельскай гаспадаркі, — сказаў у прамове падчас цырымоніі адкрыцця Дзён культуры ў Белдзяржфілармоніі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. — Я ганаруся тым, што многія нашы землякі па ўласным жаданні ці па волі лёсу апынуліся ў Пермскім краі і маюць дачыненне да ўсяго лепшага, што ёсць у гэтым рэгіёне.
— Мы не проста сябры з беларусамі — мы радня, таму ехалі сюды з лёгкім сэрцам і добрым настроем, — адзначыла намеснік старшыні ўрада Пермскага края Ірына Івенскіх, што ўзначаліла афіцыйную дэлегацыю. — У Нацыянальнай бібліятэцы мы адкрылі фотавыставу нашай знакамітай драўлянай скульптуры, але гэты старажытны пермскі цуд варта ўбачыць ужывую! Наш губернскі аркестр летась адзначыў 75-годдзе. Яго ведаюць у Еўропе. Спадзяюся, беларускія слухачы адчуюць, чаму. Калектывам кіруе легендарны чалавек — палкоўнік Яўген Тверацінаў. Нам шчыра хочацца гэтым падзяліцца. Дзякуй, што чакалі нас, а мы чакаем вас у наступным годзе!
Пермскі губернскі аркестр таксама выступіў на плошчы Свабоды ў Мінску падчас вулічнага свята з нагоды Дня Расіі. У наступным годзе ўжо ў Пермскім краі адбудуцца Дні культуры Беларусі.