— Я скончыла наш Універсітэт культуры і мастацтваў, адпрацавала па размеркаванні рэдактарам на тэлеканале “СТБ”, а затым пераехала ў Нямеччыну з намерам атрымаць магістарскую ступень у сваёй галіне — культуралогіі. Але ў Лейпцыгу на мяне нахлынула творчая хваля, паадкрываліся ўсе “чакры”, і я скіравала ўвагу на мастацкую адукацыю. Разаслала сваё партфоліа і атрымала прапановы з Лейпцыгу і Гамбургу. Выбар быў складаны, бо той жа Лейпцыг славіцца выкладчыкамі па мастацкім фота, але я ўсё ж выбрала Гамбург, бо там робіцца акцэнт на міждысцыплінарнасць, і ты можаш паспрабаваць сябе ў розных сферах. Да ўсяго, у Гамбургу моцная кінематаграфічная кафедра. Да нядаўняга часу нават выкладаў Вім Вендэрс — сёлета ж ён афіцыйна сыходзіць на пенсію.
— Што трэба, каб паступіць у нямецкую мастацкую школу: грошы, добрыя адзнакі на іспытах, партфоліа, валоданне нямецкай?..
— Грошы — пытанне не галоўнае. Адукацыя ў дзяржаўных школах мастацтва бясплатная, ёсць толькі семестравыя ўнёскі, куды ўваходзіць, напрыклад, аплата грамадскага транспарту (у Гамбургу — 300 еўра, бо горад дастаткова вялікі). Але, зразумела, такая сума ўсё адно не надта б’е па кішэні. Тым больш, у мегаполісе заўсёды знойдзеш магчымасць падзарабіць — прыкладам, я падпрацоўваю перакладчыцай. А грамадзяне Германіі могуць узяць у дзяржавы своеасаблівы крэдыт на выдаткі, звязаныя з атрыманнем адукацыі, прычым вяртаць давядзецца толькі палову, дый тое праз ладны час.
Што да мовы… У Гамбургу дазваляюць прыступаць да навучання з узроўнем А2, які прадугледжвае базавыя веды — але, вядома, пры ўмове, што студэнт будзе дасканаліцца. І гэта неабходна: навучанне заснавана ў асноўным на дыскусіях з тваімі калегамі і прафесарамі. А па вялікім рахунку, каб паступіць у школу, трэба толькі адно: пераканаць камісію ў тым, што ў цябе ёсць творчыя здольнасці. Самае галоўнае — тваё партфоліа, і калі яно ўразіць, на многія іншыя акалічнасці проста заплюшчаць вочы. Дарэчы, характэрная асаблівасць — гэта сталы век многіх студэнтаў. У нашай групе на першым курсе ён розніўся ад 18 да 31 года. Многія ўжо маюць дыпломы зусім з іншых сфер — нейралогіі, хіміі, праграмавання… І гэты бэкграўнд разглядаецца як плюс пры паступленні, бо ў наш час мастацтва моцна інтэграванае з іншымі сферамі жыцця: філасофіяй, навукай, тэхналогіямі.
— Класічная мастацкая адукацыя прадугледжвае засваенне студэнтам пэўных навыкаў: маляваць, ляпіць, здымаць кіно…
— У Германіі ёсць школы прыкладных мастацтваў, дзе адукацыя вельмі акадэмічная, але гэта не наш выпадак. Для мяне стала вялікім сюрпрызам тое, што ў Гамбургу такім навыкам абсалютна не надаецца ўвагі. Акцэнт робіцца менавіта на ідэйны, канцэптуальны змест тваіх работ. Што да тэхнічных аспектаў, яны вырашаюцца ў індывідуальным рабочым парадку. Прыкладам, калі ты вырашыў папрацаваць з керамікай — ідзеш у адмысловую майстэрню і авалодваеш патрэбнымі ўмельствамі. Матэрыяльная база ў нас вельмі добрая: ёсць кінастудыя, лабараторыя для аналагавага і лічбавага фота, 3D-прынтары, майстэрня электронікі, дзе можна сабраць адмысловыя прылады, невялікае выдавецтва… Карацей, самы шырокі спектр магчымасцяў.
— А хіба для ўвасаблення ідэі не трэба ўмець “працаваць рукамі”?
— Мая аднагрупніца вынайшла спосаб друку, у якім замест фарбаў выкарыстоўваліся споры плесні — адпаведна, з часам надпісы прарасталі. Зразумела, што для такога мастацкага праекта яе адукацыя ў сферы арганічнай хіміі куды больш актуальная, чым у класічным малюнку. Сучаснае мастацтва — прастора настолькі шырокая, што занурванне ў тыя ці іншыя практычныя ўмельствы не заўсёды спрыяе твайму станаўленню.
— Адукацыя прадугледжвае пэўны прафесійны рост. У чым ён праяўляецца ў дадзеным выпадку?
— Найперш у тваім разуменні мастацтва і ўменні пра яго гаварыць. Можна развівацца ў тым напрамку, у якім жадаеш, але для гэтага найперш патрэбна самадысцыпліна, бо вельмі складана часам спраўляцца з такой свабодай — асабліва для мяне, бо я прызвычаеная да іншай сістэмы адукацыі, але і для немцаў таксама. Не ўсім такая мадэль пасуе.
— Неад’емная частка студэнцкага жыцця — гэта кантроль за наведваннем заняткаў і адпаведныя санкцыі…
— Не ведаю, як у іншых школах, а ў нас няма ніякага кантролю — ты сам сабе кантроль! На пачатку ў мяне быў страх, што такая свабода стане для мяне непераадольным выпрабаваннем, і ў першы год я наведвала літаральна ўсё, з раніцы да вечара. Але з часам прызвычайваешся ды ўсведамляеш, што гэта патрэбна толькі табе. У нас ніхто не гоніцца за самой “корачкай” і не імкнецца найхутчэй яе атрымаць — наадварот, многія расцягваюць час вучобы — балазе, ёсць такая магчымасць. Некаторыя застаюцца студэнтамі па дзесяць гадоў.
— А як наогул ацэньваецца адукацыя?
— Мне складана адказваць на гэтае пытанне. Мама ў мяне заўсёды пытае пра адзнакі — а ў нас іх проста няма! Ёсць студэнцкая кніжка, у якую запісваюць наведаныя курсы, але многія запаўняюць яе толькі перад самым выпускам — гэта, хутчэй, фармальнасць. Каб атрымаць дыплом, трэба пэўная колькасць крэдытпунктаў, аднак на іх мала хто звяртае ўвагу. Твае творы ацэньваюцца (вядома, не па пяцібальнай шкале) падчас дыскусій, калі ты прадстаўляеш сваю работу выклыдчыкам і іншым студэнтам, а яны скрупулёзна яе абмяркоўваюць, даюць свае рэкамендацыі. Як па мне, гэта вельмі добра: няма ціску адзнакі і страху, які цябе скоўвае.
— Ці бывае, што кагосьці адлічваюць?
— Толькі паля першага года, які лічыцца арыенціровачным і завяршаецца іспытам-прэзентацыяй перад камісіяй прафесараў. Тады становіцца зразумелым, ці на сваім гэты чалавек месцы — або яму, магчыма, лепш падыходзіць больш камерцыйны ці прыкладны напрамак. Іншая рэч, абы-каго ў школу проста не прымаюць — адсейваюць яшчэ пры паступленні.
— А калі ты займаешся глупствам або б’еш лынды?
— Пытанне ў адказ: а навошта? Што я з гэтага буду мець?
— Ну, скажам, пачэсны статус мастака.
— Наўрад ці гэта належная прычына, каб бессэнсоўна траціць свой час. Дый нават калі ты робіш глупства — магчыма, гэта твой шлях, які з часам прывядзе цябе да нейкіх вынікаў. У кожным разе, справа — твая. Расці і развівацца — яно ж у тваіх інтарэсах, а не дзядзькавых!
— Якая роля ў навучальным працэсе надаецца практыцы?
— Вернер Херцаг лічыць, што асновы кінематографа можна засвоіць за пару месяцаў, а ўсё астатняе — практыка. Можна пяць гадоў слухаць лекцыі, але выйшаўшы з аўдыторыі, не ведаць, што рабіць далей. Таму нам у першым семестры даюць камеру на 16 мм — і наперад! Мы пішам сінопсіс будучага фільма, далей размяркоўваем ролі — і такім чынам атрымліваем неацэнны досвед каманднай работы. Прыкладам, я выступаю ў якасці рэжысёра, нехта з аднагрупнікаў аператар, нехта кіруе здымачным працэсам... А потым мяняемся. Тое, што я спазнала, здымаючы сваю першую кароткаметражку, не ідзе ні ў якое параўнанне з тэарэтычнымі выкладамі.
— Ці часта студэнты маюць магчымасць удзельнічаць у выставах?
— Ужо за першы год навучання я паўдзельнічала ў дзвюх. Выставы ладзяцца як у школе (раз на год праходзіць вялікая плюс мноства лакальных), гэтак і па-за яе межамі. Часам выкладчыкі дамаўляюцца па сваіх каналах, каб іх студэнты маглі недзе выставіцца. У дадатак — выставы па абмене з іншымі школамі мастацтваў, напрыклад, з Лондана. І сапраўды, магчымасць атрымаць рэакцыю наведвальнікаў для студэнта надзвычай важная.
— Ці ёсць дыпломны праект і як ён выглядае?
— Дзве часткі: тэарэтычная работа і практычная. Апошнія прэзентуюцца на выставе, калі майстэрні пераўтвараюцца ў экспазіцыйныя прасторы. Іх ацэньвае камісія з прафесараў. Што да тэорыі... Каб дапамагчы ў падрыхтоўцы гэтай работы, у нас ёсць адмысловы семінар па навуковым пісьме — такі літаральны пераклад яго назвы.
— Адпаведна, мастака вучаць пісаць тэксты?
— Я не сказала б, што ў нас наогул чамусьці вучаць — ты там вучышся! Выкладчыкі хіба накіроўваюць цябе, задаюць напрамак, паказваюць той шлях, на якім ты можаш атрымаць неабходныя веды. Балазе, у наш час уся інфармацыя адкрытая — бяры не хачу! Такі падыход тычыцца навучання гісторыі мастацтва, філасофіі, размаітых тэматычныя семінараў — напрыклад, па гендарнай праблематыцы. А згаданы семінар дапамагае студэнту развіваць і структураваць свае думкі — што, па-мойму, сапраўды вельмі важна.
— А што ўяўляюць з сябе практычныя работы студэнтаў?
— Напрыклад, аднагрупнік рассылаў па пошце чыстыя вінілавыя кружэлкі, і тыя драпіны, што на іх з’яўляліся пры танспарціроўцы, утваралі саўндтрэк падарожжа. Іншаму калегу дасталася ў спадчыну ад бабулі срэбная лыжачка. Ён пераплавіў яе і выкарыстаў атрыманае срэбра для друку фота той жа лыжачкі — на колькі асобнікаў хапіла.
— Ці ўзнікае светапоглядны канфлікт між прафесурай і студэнтамі?
— Пакуль не сутыкалася. У нас няма іерархіі і няма той светапогляднай прорвы, якая можа падзяляць настаўніка і вучня. Толькі аднойчы я была сведкай размовы на падвышаных танах, калі прафесар па дакументалістыцы абураўся, чаму работа была вырашана ў форме ігравога кіно. Але студэнты ўсталі на бок свайго таварыша — маўляў, гэта ягоны выбар, які можна крытыкаваць, указваць на хібы, а не адпрэчваць. Дарэчы, у школе ёсць прынцыповая завядзёнка звяртацца да прафесара выключна на ты — нават калі яму ўжо далёка за 60! Да гэтага мне досыць цяжка прызвычайвацца.
— Ці прымаюць студэнты пэўную ролю ў кіраванні ўстановай?
— Летась мяне абралі ад групы ў склад сената школы, і я атрымала сапраўдны культурны шок ад рэальных магчымасцяў прымаць удзел у вырашэнні важных пытанняў яе жыцця: скажам, фінансавага. Мы абмяркоўвалі некалькі варыянтаў выкарыстання бюджэту (запрасіць новага прафесара, адкрыць яшчэ адну майстэрню, абнавіць абсталяванне…), спрачаліся, у выніку галасавалі. Магчыма, ёсць пытанні кулуарныя, але сенат адыгрывае не намінальную ролю.
— А што дае дыплом у плане практычным?
— У кожным разе, ён не дае ніякіх гарантый, толькі бонус. Напрыклад, у Нямеччыне ёсць стыпендыяльныя праграмы для “свежанькіх” выпускнікоў, магчымасць атрымаць майстэрню, выставачныя праекты… Дыплом, калі можна так сказаць, сведчыць пра сур’ёзнасць тваіх намераў — але не больш за тое. Мастацтва — наогул справа рызыкоўная…
Каментарый ад аўтара
Садовыя гномы, або З эмпірэяў — да рэальнага жыцця
Без сумневу, гамбургскі прыклад падасца многім прывабным — хаця прыхільнікі больш кансерватыўнага разумення мастацтва яго ўшчэнт раскрытыкуюць. Але калі асэнсаваць апісаную адукацыйную мадэль па сапраўдным, гамбургскім рахунку, можна лёгка апусціцца з эмпірэяў на зямлю ды зглытнуць слінкі.
Першае пытанне, якое варта сабе задаць: а навошта наогул патрэбная адукацыя? Каб добра і з карысцю прабавіць час альбо каб атрымаць запатрабаваную ў сучасных умовах прафесію, канвертаваўшы патрачаныя высілкі ў пэўныя дывідэнды? Канцэптуальны ж мастак у беларускіх варунках — гэта не прафесія. За смелыя задумы і ўменне прыгожа пра іх гаварыць у нас ніхто нічога не плаціць, ні ў сферы мастацтва, ні дзе яшчэ. Аплачваюцца толькі канкрэтныя прадукты, зробленыя, як правіла, у строгай адпаведнасці з воляй замоўцы.
Гэта рамесніцкі падыход, скажаце? Ну, хай сабе і так. Але гэта рэальнае жыццё. І наша адукацыя яму адпавядае — дзякуючы чаму ўсе знаёмыя мне выпускнікі той жа акадэміі мастацтваў знаходзяць сабе прымяненне згодна з атрыманай спецыяльнасцю. Так, для скульптара, які патраціў на адукацыю шмат гадоў, вырабляць садовых гномаў альбо магільныя пліты — балючы ўдар па яго амбіцыях. Але, пагадзіцеся, гэта лепш, чым з ранку да вечара крычаць “Свабодная каса!”
Куды мог бы працаўладкавацца ў нашых умовах выпускнік Гамбургскай школы мастацтваў, я нават і не ўяўляю. Сапраўды, хіба ў адну з сетак фаст-фуду. А паколькі некваліфікаваная праца аплачваецца куды горш за якасных садовых гномаў, у яго можа проста не знайсціся часу ды грошай на ўласныя аўтарскія праекты — у адрозненне ад “рамесніка”. Лішне казаць, што ў 99,9 % выпадкаў такія праекты ў нас робяцца ў вольны ад працы час і за свае крэўныя. Стыпендыі, гранты? Не, не чулі. Выставачныя пляцоўкі ганарацца тым, што не бяруць з аўтара арэнду — хаця часам і гэта не так.
Адпаведна, праблема зусім не ў нашай адукацыі — яна акурат-такі адэкватная тым патрабаванням, якія грамадства высоўвае да мастацтва. Праблема, мабыць, у саміх патрабаваннях. І калі пачнецца іх грунтоўная рэвізія, калі грамадства адчуе патрэбу ў аўтарах, а не рамесніках, калі прарыўная ідэя стане аплачвацца лепш за садовых гномаў, можна будзе задумацца і пра нейкія змены ў сферы адукацыі.
Пакуль жа магчымасцю для апрабацыі гамбургскай методыкі бачацца не стацыянарныя навучальныя ўстановы, а размаітыя “гурткі па інтарэсах”, якія могуць стварацца і пры цэнтрах ды галерэях сучаснага мастацтва, і пры тых самых навучальных установах. Балазе, адзін з рэдкіх прыкладаў — адпаведныя курсы ў галерэі “Ў” — прынеслі на дзіва добры вынік: справаздача іх выпускнікоў была ці не лепей за “штатныя” выставы сучарта. Значыць, патэнцыял ёсць…
Меркаванні аўтараў газеты і герояў матэрыялаў не абавязкова адлюстроўваюць пункт гледжання рэдакцыі.