Гэта проста свята нейкае, або Выпіце “йаду”!

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Натуральна, што мы — спецкарэспандэнт “К”, мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі і спецкарэспандэнт “К”, музычны крытык Алег Клімаў — не маглі пакінуць па-за ўвагай выставу “Музыка без межаў”, якая, адкрыўшыся ў Мінску ў крэатыўнай прасторы “Цэх” на мінулым тыдні, заўтра заканчвае сваю працу. Справа ў тым, што на ёй прадстаўлены карціны беларускіх музыкантаў, а з некаторымі з іх у такім іх тандэмным амплуа наш дуэт вас ужо знаёміў на старонках “Культуры”, і спыняцца мы не збіраемся! Загадзя размеркаваўшы паміж сабой ролі (спадар Васілеўскі ў любым выпадку будзе пісаць пра тое, як быў расчараваны ўбачаным, спадар Клімаў, — што яму ўсё спадабалася), дуэт “культураўцаў” і агледзеў экспазіцыю...

/i/content/pi/cult/629/13970/15-1.jpgМалюйце не дзеля славы

Мне ўсё спадабалася! Ну а як я мог накінуцца, напрыклад, на лідара гурта “Палац” Алега Хаменку і яго працу “Тры каты, палац, Алег i лозунг”? З музыкантам журналістаў “К” хутка чакае сустрэча ў амаль нефармальнай абстаноўцы, і хто мне пасля маёй крытыкі новую сківіцу тады б выгадаваў?! Бо абрынуцца на карціну было за што, таму што трэцяй вусатай-паласатай жывёліны я так і не выявіў.

Калі ж сур’ёзна, дык многае з пабачанага выклікала ўва мне тыя ж эмоцыі, што я адчуваю пры праслухоўванні лепшых музычных кампазіцый выстаўленых у “Цэху” аўтараў. Становячыся дзеючым персанажам песень, прымяраючы на сябе іх учынкі і погляды, ідучы тым жа шляхам, якога прытрымліваюцца яны. Імкнучыся зразумець, што кіравала выдумшчыкамі пры стварэнні іх опусаў, сам прыдумляючы свае гісторыі на невідавочны сюжэт. Суперажываючы, спагадаючы, спачуваючы... Як жанчыне з палатна фронтмэна брэсцкага калектыву “Дай дарогу!” Юрыя Стыльскага “Прашу пасадкі”. Ён вядомы сваімі маляўнічымі творамі ў жанры “ню”, таму мне захацелася падпець чамусьці словамі з хіта рокера “Скачы ў калыску”: “Прям перед носом закрыты ворота, значит, судьба принимает в пилоты”. Творчасць гурта “Re1ikt” вылучае нейкая таямнічасць музыкі ды тэкстаў, вось і карціны бубнача і галоўнага ідэолага ансамбля Аляксандра Дземідзенкі з наскоку не спасцігнуць: асабіста я колькі ні спрабаваў актывізаваць тыя клеткі свайго галаўнога мозгу, якія адказваюць за абстрактнае мысленне, але паасобку ўспрыняць чатыры малюнкі не змог. Толькі “пачкам”. Плакаты Сяргея Скрыпнічэнкі з “zygimont Vaza”, названыя “Alien 1”, “Alien 2”, “Alien 3”, сапраўды ў чымсьці адлюстроўваюць сутнасць існавання яго ўжо паўміфічнага бэнда — з аднаго боку, якi некалі ўваходзіў у абойму вядучых альтэрнатыўных каманд краіны, з другога — цела досыць іншароднага на вечным свяце айчыннага рок-н-ролу.

Наогул, разнастайнасці стылістык, манер, спосабаў малявання пры ўсёй выставачнай лапідарнасцi хапала. Работы, выкананыя ў традыцыйным ключы, суседнічаюць з авангардам; непрыхаванае “хуліганства” Ігара Варашкевіча (“Крама”) — квадрыпцiх “Турнік: раніца”, “Турнiк: дзень”, “Турнiк: ноч”, “Сузор’е турнiка” (усё — камп'ютарная графіка) — з сур’ёзнымі, манументальнымі этна-матывамі Алеся Таболіча. А тры карціны Лявона Вольскага — гэта тры розныя погляды на выяўленчае мастацтва тытана беларускага року. Разглядаючы палотны блізка-блізка і аглядаючы ўсю прастору наогул, я падумаў пра тое, што і выступленні гэтых музыкантаў можа ілюстраваць іх жывапіс, выстаўлены дзе-небудзь пры ўваходзе ў клуб, на канцэртную пляцоўку. А пакуль яны сустрэліся ў “салянцы”: вялікія і не вельмі незалежныя артысты — мастакі вялікія і малыя...

Калісьці я браў інтэрв’ю ў расійскага мастака Нікаса Сафронава. І ён падтрымаў мяне ў тым, што ў такіх ацэнках твораў мастацтваў, як “падабаецца / не падабаецца”, нічога крамольнага няма. У рэшце рэшт, не кожнаму дадзена страціць прытомнасць пры сузіранні “Чорнага квадрата” Малевіча, а затое карыкатуры Кукрынiксаў зараджаюць станоўчымі іонамі мільёны людзей. Дык малюйце, таварышы музыканты, як толькі можаце! Але за спадара Васілеўскага не адказваю. А вось ён і сам, дарэчы...

Алег КЛІМАЎ

Чурлёнісаў не пабачыў

Я расчараваны… Выстава мастацкай творчасці музыкантаў, што зараз праходзіць у “крэатыўнай прасторы “Цэх”, на маю думку, не стала культурнай падзеяй. Прынамсі, падзеяй таго маштабу, які адпавядаў бы творчаму статусу ўдзельнікаў. Ад такіх асоб чакаеш чагосьці большага, чым тое, што бачым тут на сценах.

Лічыцца, што калі чалавек таленавіты, дык ягоны талент праявіцца ў любой справе, за якую ён ні возьмецца. Меркаванне слушнае, бо прыкладаў — процьма. Згадайма хаця б усім вядомыя малюнкі Аляксандра Пушкіна на палях рукапісаў ці накіды, зробленыя рукою Сяргея Эйзенштэйна падчас працы над фільмамі. Гэта, так бы мовіць, класіка жанру. А, бадай, самы вядомы мастак сярод музыкантаў гэта Мікола Чурлён (ён жа Мікалоюс Чурлёніс) з беларуска-літоўскага памежжа.

Дык вось, ад музыкантаў, чые мелодыі ведаюць не толькі меламаны, чакалася, што алоўкам і пэндзлем яны, калі ўжо ўзялі ў рукі гэтыя інструменты, валодаюць не горш, чым гітарай. Зразумела, не так, як выпускнікі БДАМ (іх тут амаль і няма). Ды і не трэба ім тая класічная школа. Музыка ў іх “альтэрнатыўная”, дык і выяўленчыя вобразы маглі б быць з таго ж шэрагу. Ніхто ж не патрабуе ад абстракцыяніста ці адмыслоўца інсіту, каб ён трымаўся лінейнай і паветранай перспектывы і дэманстраваў веданне пластычнай анатоміі. Адзін з геніяў ХХ стагоддзя Амедэа Мадзільяні анатоміі не ведаў, класічны малюнак не засвоіў, але пры гэтым ён творца самых эстэтычна выразных і пачуццёвых “ню” ў гісторыі мастацтва.

У кожнай візуальна-вобразнай сістэме, у тым ліку і ў не кананізаванай — “аўтарскай”, свой лад. Аднак тое, што я бачыў на сценах “Цэха”, не тое што не ўражвае — расчароўвае. Справа нават не ў тым, што гэтым работам бракуе канцэптуальнасці. Іншы раз і рэфлексіўнасць можа быць мастацкай якасцю. За імі, на жаль, не стаіць ні думкі, ні пачуцця.

Карціну Юрыя Стыльскага ўжо бачыў у Брэсце на выставе “Усе разам”. (Тагачасны кіраўнік абласнога філіяла Саюза мастакоў дзеля актывізацыі культурнага жыцця горада дазволіў амбіцыйным аматарам браць удзел у выставах нароўні з прафесіяналамі. Як на маю думку, нічога добрага з гэтага не атрымалася. Хаця, як паглядзець: адмоўны досвед усё адно досвед.) У чыста натуралістычнай манеры музыкант малюе аголенае цела, не маючы ўяўлення пра згаданую вышэй пластычную анатомію. Парады даваць не стану. Пры гэтым я не стаўлю пад сумнеў музычны талент спадара Юрыя.

У работах Алеся Таболіча адчуваецца школа. Можна казаць нават пра аўтарскі почырк і здольнасць згарманізаваць формы і фарбы ў прасторы палатна. Але ў якасці рэпрадукцый альбо на экране камп’ютара ягоны жывапіс глядзіцца значна лепш. Да ўсяго, выставачны твор не можа быць неахайна аформленым — гэта непавага да гладача.

Андрусь Такінданг мае мастацкі талент, але тут прадстаўлены далёка не лепшымі работамі. Таму ягоная арыгінальнасць глядзіцца ў выставачным кантэксце як брак прафесіяналізму. Камп’ютар даўно стаў для графікаў такім жа звыклым, як аловак. На ім можна рабіць выключныя па выразнасці творы. Скарыстоўваць жа яго так, як гэта робяць у прадстаўленых на выставу работах Ігар Варашкевіч і Аляксандр Дземідзенка — гэта проста амартызацыя тэхнікі, на маю думку.

Графіка Ані Жданавай і Алега Хаменкі мае рысы прафесіяналізму, але па адной рабоце зразумець, ці выпадковая перад намі ўдача ці праява творчай стабільнасці і аўтарскага стылю, немагчыма.

Відовішчныя плакаты Сяргея Скрыпнічэнкі тэхнічна выкананы някепска, але па выразнасці адпавядаюць першым курсам мастацкай вучэльні. Жывапісныя работы Лявона Вольскага не выдаюць на сістэмную працу. Падаецца, што ён бярэцца за пэндзаль, каб збіць стрэс.

Каб усе гэтыя работы аздаблялі інтэр’ер сяброўскага сумоўя, калі музыканты сабраліся ў сваім коле пагаманіць пра жыццё і творчасць, усё было б нармальна. Але выстава дэкларавана як амбіцыйная, як звернутая да шырокай грамады. Для такога фармату работы драбнаватыя.

А можа, справа ў тым, што не маем мы ў музычным асяродку новага Міколы Чурлёна.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Меркаванні аўтараў газеты не абавязкова адлюстроўваюць пункт гледжання рэдакцыі.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"