Нi дня без твора

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Як легендарны “купалавец” стаў мастаком
На творчы лёс Фаму Варанецкаму, напэўна, грэх скардзіцца: акцёрскі шлях яго, нягледзячы на звілістасць, быў яркім, паспяховым ды прыкметным. І доўгім, як працяжная, запамінальная песня з куплетамі ды прыпевамі, як музыка, што ніколі не надакучыць. Таму мы і вырашылі прадставіць вам менавіта гэтага дзеяча тэатральнага мастацтва ў працяг шэрагу музыкантаў-мастакоў, пра каго распавядалі ў дадзенай рубрыцы раней. Прадставіць як жывапісца, у карцінах якога — спакой і прымірэнне, сум мудрага чалавека ды цікавасць да такога рознага жыцця. Веру, што ў 2018 годзе краіна адзначыць не проста 80-гадовы юбілей артыста, а здзівіцца ды парадуецца яго работам на персанальнай выставе...

/i/content/pi/cult/622/13819/12-1.jpgПа Парыжы не пагуляў

Калі не браць у разлік школьнае захапленне маляваннем (“Ілюстраванне нейкіх газетак, лісткоў — хіба гэта можна разглядаць усур’ёз?”), то на выяўленчае мастацтва Фама Варанецкі “падсеў” у пачатку 1970-х — пасля таго, як быў прыняты ў трупу тэатра імя Янкі Купалы — тады яшчэ Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага. У ім ён служыў 40 гадоў — з 1971-га па 2011-ы. І ўсе гады паміж рэпетыцыямі, у вольныя ад пастановак і здымак у кіно гадзіны, выбіраў час, каб аддацца яшчэ адной улюбёнай справе — шаржам. “Перападала” ад акцёра не толькі калегам, але і наогул айчынным прадстаўнікам культуры. Набралося такіх накідаў на дзве кнігі. Першая — “Неакадэмічная калода” (з эпіграмамi Рыгора Барадуліна) выйшла ў 1993 годзе, другая — “Трэлi ад Нэлі” (з эпіграмамi Нэлі Крывашэевай) — у 2003-м.

— Але, між іншым, пасля заканчэння сямігодкі, у 1951 годзе, я падумваў паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава. — А.К.). Ну а чаго? На газетках з лісткамі руку набіў, работы нейкія падрыхтаваў, як не прыняць такога хлопца? — смяецца Фама Сiльвестравiч. — Тым больш, я не сталічны жыхар быў — нарадзіўся і жыў у вёсцы Траскоўшчына Мінскага раёна, а да талентаў з глыбінкі тады вельмі ўважліва ставіліся. А ў Мінску працаваў ды здымаў пакой мой старэйшы брат са сваёй жонкай. Але куды яшчэ мне туды было ўязджаць, на гэтыя сем метраў?..

Як форме самарэалізацыі жывапіс Варанецкаму на доўгія гады замянілі выданні пра мастацтва, якія ён чытаў запоем ды даставаў дзе толькі магчыма. (І сёння заслужаны артыст Беларусі спрабуе быць у курсе ўсіх друкаваных навінак пра выяўленчае мастацтва.) Але прыйшоў дзень спярша тых самых шаржаў, а паступова паралельна з імі Фама Сiльвестравiч узяўся за iншыя жанры (напрыклад, тры прысвячэнні Янку Купалу знаходзяцца ў фондах мінскага музея паэта). Ці паўплывала на яго манеру пакланенне перад Мікалоюсам Чурлёнісам, акцёр-мастак адказна сказаць не можа, а знаёмыя беларускія мастакі — з ліку вялікіх і не вельмі — крытыкай свайго з нейкага часу калегу не даймалі. Сам жа ён, дарэчы, неаднаразова станавіўся мадэллю для іх работ, а цесныя стасункі з імі і падштурхнулi Варанецкага паспрабаваць сябе ў пейзажы, імпрэсіянізме. (Сябры-жывапісцы спрыялі і таму, каб Фама Сiльвестравiч быў забяспечаны адпаведным матэрыялам — добрымі паперай, пэндзлікамі, фарбамі.) А вось тэатр — інтэр’еры, закуліссі, фрагменты спектакляў — Варанецкі ніколі на палотны не пераносіў. Як і кіно. Але ў ролі мастака-афарміцеля дыпломных работ сваіх выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ён выступаў неаднаразова (і нешта рабіў у гэтым “амплуа” ў Купалаўскім). Гадоў восем таму яго вучні, якія выступалі ў Парыжы, нават зладзілі выставу акварэлі любімага майстра! Праўда, ён на ёй не прысутнічаў (камандзіровачных на выкладчыка не хапіла), што не перашкодзіла мясцовым гасцям купіць некалькі карцін беларуса. Аднак грошы да Фамы Сiльвестравiча не дайшлі, згубіўшыся, як ён мяркуе, у французскага куратара...

Засталася адна “забава”

— Пішу кожны дзень хаця б па адной карціне. А што мне яшчэ засталося на гэтым свеце пасля таго, як памерла мая жонка?.. — уздыхае легенда беларускага тэатральнага мастацтва. — Падмесці падлогу, схадзіць у краму і — за карціны. Яны атрымліваюцца, у асноўным, невялікага фармату. Шмат працую з акрылавымі фарбамі. Люблю маляваць прыроду — птушак, ваду.

Але жыццё зусім ужо пустэльніка Варанецкі не вядзе і, да прыкладу, стараецца наведваць усе колькі-небудзь рэзанансныя мінскія мастацкія выставы ды праекты. Затрымліваецца там падоўгу ля палотнаў, якія дзівяць яго чысцінёй фарбаў ды нечаканымі кампазіцыямі. Думае над прапановай Нэлі Абрамаўны выпусціць яшчэ адну сумесную з ёй кнігу, падбірае карціны для аўтарскага альбома. Работы, развешаныя на адной са сцен яго кватэры, збіраецца набыць сталічны бізнесмен. А што ж тэатр, кіно?

— Хутчэй за ўсё, з імі ўжо скончана, — канстатуе Фама Сiльвестравiч. — Не хачу ні іграць у недавучаных рэжысёраў, ні здымацца ў такіх жа “геніяў”. Сёння і ў тэатр, і ў кіно прыйшлі нейкія шаманы. Ходзяць коламі, рукамі размахваюць, мармычуць нешта, а што — зразумець немагчыма. Таму ні пастановак няма, ні фільмаў, якія па-сапраўднаму ўзрушылі б беларускае грамадства. А плацяць колькі акцёрам? Таму моладзь і бяжыць -- ад нерэалізаванасці, ад адсутнасці забеспячэння -- у тую ж Расію, хоць неяк там уладкоўваючыся. Пра кіно я яшчэ падумаў бы, зрабі прапанову хтосьці з тых, з кім ужо працаваў і чые магчымасці ведаю. А тэатр пра мяне забыўся. Да таго ж — здароўе: шмат часу правёў у інваліднай калясцы — нагу мне зноўку “збіралі”. Засталася адна аддушына, не скажу, што ў жыцці, але ў мастацтве — дакладна: жывапіс...

 

Меркаванне мастацтвазнаўцы Пётры Васілеўскага

— Найбольш удалыя сярод работ Варанецкага тыя, на якіх намалявана не так шмат аб’ектаў, дзе вяршэнствуе агульная атмасфера, дзе першую скрыпку іграе асацыятыўны шэраг, уключаецца падсвядомасць. Выпадковы крытык назваў бы асобныя сюжэты досыць банальнымі, “лубковымi”, але асабіста я ў іх шчырасць адчуваю ды падзяляю з мастаком яго настрой як бы першаадкрывальніка — ён вельмі выразна прасочваецца. Ёсць цікаўныя містычныя моманты, як, напрыклад, у выпадку з малюнкам каменя, што паўстае гэткім паганскім самадастатковым персанажам. Або адгалоскі ўсходняй манеры, калі вынік выяўляецца толькі некалькімі лініямі ды кропкамі. Прафесіяналы, вядома, знойдуць, да чаго прычапіцца: да прасторавай пабудовы, да тэхнікі наогул. Я ж думаю, што тут не варта зацыклівацца на дэталях, а трэба паспрабаваць убачыць складнасць, цэласнасць у шматслаёвасцi, нават там, дзе намаляваны ўсяго адзін прадмет. Ужо прабачце за “каламбур”, але сіла Варанецкага як мастака — у яго недахопах, у тым, што няма каму карэктаваць яго руку. А радніць жывапіс Фамы Сiльвестравiча з тэатрам тое, што некаторыя работы ўспрымаюцца няйначай, як сцэнічны заднік. На фоне якога можна ставіць таямнічыя п’есы або спектаклі пра наша неўладкаванае жыццё...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"