“Год...”, які мусіць доўжыцца заўжды

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Увесь 2016-ты журналісты “Культуры” шукалі “свае тэмы” ў кантэксце абвешчанага ў краіне Года культуры. Напісаны тысячы радкоў, занатаваны на фота сотні кадраў… Як водзіцца, квінтэсэнцыя іх думак, разваг пра здзейсненае і яшчэ не — на старонках першага нумара года-2017.

/i/content/pi/cult/619/13764/5-6.jpgЛюдзі — розныя, народ — адзіны

Хоць неперадузяты “разбор палётаў” — рэч абсалютна неабходная, калі не хочаш у перспектыве паўтарэння ўжо зробленых за пэўны перыяд глупстваў, у Новы год няма жадання згадваць адмоўнае. Хочацца засяродзіцца на станоўчых момантах жыцця.

А такіх у мінулым годзе было нямала як у маім прыватным жыцці, дык, на маю думку, і ў справах грамадскіх. Зразумела, на апошнія я і скірую сваю ўвагу. Выходзілі кнігі, вартыя таго, каб іх прачытаць. Ставіліся спектаклі і ладзіліся выставы, наведанне якіх не было змарнаваным часам. Калі-нікалі на беларускім тэлебачанні рабіліся праграмы і праекты, не горшыя за тыя, на якіх трымаецца імідж тэлебачання той жа Расіі. Год культуры ў нашай краіне сапраўды адпавядаў свайму найменню. А з гэтага вынікае, нягледзячы ні на што — для Беларусі 2016-ы быў, самае малое, не горшым за іншыя гады суверэннага развіцця.

Гэта ўсё важна, але як галоўнае я пазначыў іншае. Чамусьці менавіта сёлета з мноства назіранняў і разваг, з пачутага і прачытанага, з аналітыкі з’яў і падзей, што маюць шырокі розгалас і не надта кідаюцца ў вочы, што адбываюцца ў сталіцы і ў глыбінцы, я зразумеў, а хутчэй — адчуў, што драматычны канфлікт пакаленняў, справакаваны 25 гадоў назад дэмантажом Савецкага Саюза, у Беларусі пераадолены. Людзі ў нас, як і мае быць, розныя, але народ ужо адзіны. І яднае найперш усведамленне каштоўнасці суверэнітэту, магчымасці жыць на сваёй зямлі паводле сваіх законаў. Магчыма, гэта гучыць крыху пафасна, але сутнасна яно так.

Менавіта гэта сярод іншага я адчуў у кнігах і спектаклях, карцінах і скульптурах, журналісцкіх публікацыях і тэлепраграмах 2016-га.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

/i/content/pi/cult/619/13764/4-3.jpgЭмацыйнасць як шкала вымярэння

Для тэатраў Год культуры выдаўся эмацыйным. У фінансавых умовах, далёкіх ад ідэальных, яны імкнуліся захаваць традыцыйныя фестывалі, зладзіць абласныя абмены і міжнародныя гастролі ды вытрымліваць баланс паміж выкананнем планаў напаўняльнасці залы і стварэннем сур’ёзнай размовы са сваёй публікай пра вечнае.

Адной з рэзанансных падзей, што ўпершыню прагучалі менавіта ў Год культуры, стала адкрыццё “І Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі”. Пасля былі хваляванні наконт чарговага Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Мінску. Форум выстаяў — і адарыў прафесіяналаў і аматараў узрушэннем ад сустрэчы з лепшымі ўзорамі лялечнага мастацтва. Эмацыйнымі навінамі інфармацыйную прастору насычала тэатральная талака Гомеля. Спачатку Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр атрымаў новага дырэктара з вядомых бардаў рэгіёна, папоўніў рэпертуар гучнымі прэм’ерамі і зладзіў эфектныя гастролі ў сталіцы. Пасля ўлада ў “Маладзёжцы” змянілася, аднак абласны цэнтр папоўніўся новым прафесійным тэатрам, ад чаго гамяльчане ў любым выпадку выйграюць.

Нямала эмоцый палала вакол сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі. На працягу года тэатральная грамадскасць выказвалася наконт адмены намінацый за лепшую працу рэжысёра, мастака-пастаноўшчыка і па іншых неадназначных пытаннях. Пры ўсіх акалічнасцях конкурс адбыўся, узнагароды знайшлі сваіх герояў, а ў аматараў Мельпамены ўзнікла спадзяванне, што праходзячы праз спробы і памылкі, Нацыянальная тэатральная прэмія ў рэшце рэшт набудзе доўгачаканы эталонны фармат.

Адной з самых цікавых ініцыятыў з ліку тых, што ўпершыню прагучалі ў Год культуры, стаўся конкурс на стварэнне твораў для драматычнага тэатра “Францыск Скарына і сучаснасць”. Атрымалася імпрэза, якая сапраўды разварушыла тэатральную грамадскасць: журналісты неаднойчы звярталіся да цудоўнай інфармацыйнай нагоды, драматургі адчулі запатрабаванасць у сваёй працы, тэатры цікавіліся новым матэрыялам — у выніку адна п’еса з ліку фіналістаў з’явілася на падмостках Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, другую абяцалі паставіць налета ў тэатры-арганізатары — РТБД.

Вось і думаецца: калі нашы тэатры атрымаюць упэўненасць у тым, што змогуць без хваляванняў зладзіць запланаваныя прэм’еры і традыцыйныя падзеі, дык колькі шыкоўных ініцыятыў зможа з’явіцца на тэатральнай ніве! Нават у рамках звычайнага, а не адмыслова-культурнага года.

Настасся ПАНКРАТАВА

/i/content/pi/cult/619/13764/4-17.jpgАгульна пра канкрэтнае

Для мяне як для вядучага рубрыкі “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком” (думаю, і для многіх, датычных да маіх паездак па краіне) Год культуры чымсьці асаблівым, ужо выбачайце за шчырасць, не выдаўся. Гэта быў звычайны працоўны сезон, калі я ўсё гэтак жа з вядомымі беларускімі персонамі са свету культуры наведваў населеныя пункты, у якіх яны нарадзіліся, дзе правялі свае дзяцінства, юнацтва.

Мы зазіралі ў тыя ўстановы культуры, што яны наведвалі. “Віпы” дзяліліся ўспамінамі пра іх, мы гутарылі з іх кіраўнікамі. У выніку стасункаў атрымлівалі нейкае ўяўленне пра сённяшняе жыццё такіх устаноў. Ніякіх гонак, ніякага аўралу там не назіралася, маўляў, калі 2016-ы быў пазначаны “культурным”, то і застацца ў памяці ён павінен быў чымсьці для гэтай сферы неверагодным.

Так, нейкія буйныя здзяйсненні ў галіне культуры ў маштабах усёй краіны адбыліся. Гэта правільна, так і мусіць. Але добра, што на месцах не было, мяркую, ніякай паказухі “з нагоды”, у справаздачы не ўпісваліся, спадзяюся, ударныя выдуманыя лічбы, не здаралася, напэўна, высмактаных з пальца “значных” мерапрыемстваў. Прынамсі, падчас нашых візітаў я ні з чым такім не сутыкаўся.

Паўтаруся яшчэ раз: ішла звычайная руцінная праца ў канкрэтным грамадскім сегменце. Але вельмі патрэбная і важная. На змену замшэлым формам стала прыходзяць формы новыя — дзесьці яны ўкараняюцца хутчэй ды з большай выдумкай, дзесьці з імі яшчэ “тармозяць”. Моладзь, нягледзячы на зарплату, на змену ім прыходзіць, і ў лепшых сваіх праявах з ідэямі крэатыўнымі. Спадчына, народныя рамёствы ды аўтэнтычнае мастацтва захоўваюцца. Усё нармальна.

А ў папулярнай ды альтэрнатыўнай музыцы, пра якія я таксама перыядычна пішу, таксама ўсё ў парадку. Хіты ў меру іх лакальнай хітовасці ствараюцца, артысты ў сiлу іх артыстычнасці на “Славянскі базар у Віцебску” ды “Еўрабачанне” адбіраюцца, таленты рознай ступені таленавітасці па тэлевізары паказваюцца. Сяргей Міхалок, зноў жа, вярнуўся з “адпачынку” па канцэртах на радзіме.

Увогуле, з пачуццём выкананага абавязку Год культуры перадае сцяг у рукі Года навукі!

Алег КЛІМАЎ

/i/content/pi/cult/619/13764/5-1.jpgТолькі тры падзеі

У кожнай вобласці — свае адметныя творчыя зрухі, свае яркія дасягненні ў клубнай, бібліятэчнай, музейнай справах. Мы звязаліся днямі з экспертамі “К” і папрасілі распавесці пра гэта. Вось што атрымалася.

Начальнік інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валянціна Валчкова згадала ў першую чаргу пра творчы праект “Абласны фестываль народных талентаў Магілёўшчыны”. Яго арганізатарамі сталі аблвыканкам, галоўнае ўпраўленне ІРКСМ, абласны метадцэнтр і тэлекампанія “Магілёў”. Праект доўжыўся з сакавіка па снежань. Кожны з 21-го раёна вобласці па чарзе прэзентаваў у МАМЦНТіКАР не толькі клубныя цікавосткі, але і дасягненні рамеснікаў, выкладчыкаў ДШМ, аматарскіх тэатральных калектываў. Дарэчы, Краснапольскаму народнаму тэатру ў 2018 годзе спаўняецца сто гадоў.

А вось уражанне Галіны Слесарэнка — дырэктара Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева. Яна доўга вагалася, які з 27 інфармацыйна-асветніцкіх праектаў вылучыць. Усе яны рэалізоўваліся не толькі сіламі бібліятэк раёна. Падтрымлівалі іх самыя разнастайныя арганізацыі і прадпрыемствы. Але самай важкай усё ж падалася гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Грунтавалася падзея на мясцовым матэрыяле, збольшага — на невядомых раней фактах. Таму і стала падзеяй не толькі ў культурным жыцці раёна.

Кіраўнік Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Галіна Нячаева лічыць, што выстаўкі выстаўкамі, але важным з’яўляецца і выраб сувенірнай прадукцыі па макетах, падрыхтаваных музеем. Рэалізоўваліся два камплекты паштовак з выявамі мясцовых абразоў: мужчынскіх і гаючых багародзічных. Сярод сувеніраў — і кубкі з адлюстраваннем веткаўскіх буквіц, неглюбскіх ручнікоў. Прададзена і з сотню саміх ручнікоў.

Яўген РАГІН

/i/content/pi/cult/619/13764/5-2.jpgКаб былі “ў тонусе”

Год культуры выдаўся плённым. Парадавалі новыя, спецыяльна падрыхтаваныя менавіта для гэтага года мерапрыемствы ды акцыі. Згадаю найбольш яскравыя моманты, на маю думку.

Адразу прыгадаю падзеі ў культурнай сталіцы — Маладзечне. Заўжды радуе не толькі лік праведзеных выстаў ды пленэраў, а выданне каталогаў. Яны ілюструюць сітуацыю як сучаснага стану развіцця мастацтва, паказваюць ягоны зрэз у гістарычным кантэксце. Так, адносна культурнай сталіцы-2016 быў выдадзены каталог “Мастакі Маладзечанскага краю”.

Што да выстаў ды фестываляў, дык мне найбольш запомніўся сваёй прадуманасцю, як у адборы аўтараў, так і ў прэзентацыі твораў (фатаграфія, інсталяцыя, відэаарт і гэтак далей) выставачны праект Таццяны Кандраценка “Усё было па-іншаму” ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім, арганізатары якога сапраўды змаглі прапіярыць свой брэнд. Немагчыма не адзначыць і “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам”, які адбыўся ў другі раз, аднак, асабліва, як кажуць, “не закрануў”. Але парадавала тое, што яго ўдзельнікі Максім Макарэвіч і Паліна Амельяновіч, сёлетнія выпускнікі БДАМ, атрымалі Гран-пры. Запомнілася нестандартная выстава-маніфест Паўла Вайніцкага “Плюха”, прынятая аўдыторыяй, магчыма, 50 / 50. Мне, напрыклад, свабодныя, смелыя, месцамі правакацыйныя выказванні аўтараў падабаюцца. Думаю, робяцца такога кшталту праекты дзеля таго, каб людзі былі “ў тонусе”.

Хочацца адзначыць сумесны праект “ПаКаласімся!” “К” і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (“К” № 38). Дадам, ён — прыклад актыўнага ўзаемадзеяння нашай газеты з установамі культуры, спосаб прыцягнуць увагу грамадства.

Для нашай газеты сярод значных падзей Года культуры, лічу, і 25-годдзе “К”. А наогул, хочацца, каб 2017-ты стаў для журналістаў “К”, супрацоўнікаў культурных інстытуцый, мастакоў, пісьменнікаў, людзей іншых творчых прафесій і тых, хто звязаны з сферай культуры, самым лепшым. Арыгінальным і шчырым.

Вольга РОПАТ

/i/content/pi/cult/619/13764/4-22.jpgКраўд ад слова “крута”

Гадоў пяць таму “К” толькі пачынала ўжываць на сваіх старонках новае слова “краўдфандынг”. Памятаю, нават даводзілася ў дужках расшыфроўваць, што тое слова азначае. Але, мяркую, сёння гэтае паняцце “на слыху” і вядомае кожнаму супрацоўніку сферы культуры Беларусі.

Лічу так таму, што мінулы год можна без перабольшання назваць годам культурнага краўдфандынгу. На розных інтэрнэт-платформах — “Талака”, “Мае сэнс”, “Улей” — дзясяткі людзей выкладвалі свае праекты і зацікаўлівалі імі беларусаў, якія пасля станавіліся спонсарамі і мецэнатамі самых розных культурных ініцыятыў. Хтосьці збіраў грошы на выданне кніг, іншыя прасілі фінансаў на запіс дыска ці паездку з гастролямі за мяжу, а нехта спрабаваў зняць кароткаметражную стужку ці зладзіць спектакль за кошт сродкаў ахвярадаўцаў…

Самае галоўнае, што многія з гэтых праектаў былі паспяхова рэалізаваны — пра тое цягам года неаднойчы пісала “К”. Мяркую, у наступным годзе гэты, яскрава абазначаны трэнд Года Культуры, абавязкова працягнецца, а названыя інтэрнэт-платформы займеюць яшчэ большую колькасць цікавых праектаў, сярод якіх, натуральна, будуць і на культурную тэматыку.

І тут вельмі важна, каб да гэтага трэнду падключыліся як установы культуры Беларусі, так і асобныя супрацоўнікі сферы. Крэатыву ў айчынных бібліятэкараў, клубнікаў, музейшчыкаў заўсёды было даволі. На жаль, многія цікавыя задумы часцяком заставаліся “пыліцца” ў шафах ці на антрэсолях — не заўсёды на іх рэалізацыю ставала бюджэтнага фінансавання. А вось цяпер з’явілася рэальная магчымасць не толькі спланаваць, але і ажыццявіць задуманае. Так што ўсім зацікаўленым варта пацікавіцца вопытам тых, хто сабраў грошы на свой праект з дапамогай краўдфандынгу, улічыць іх заўвагі і выходзіць са сваімі культурнымі ініцыятывамі “ў народ”. Цікава, хто з культработнікаў Беларусі “засвеціцца” ў 2017-м годзе на краўдплатформах першым?

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

/i/content/pi/cult/619/13764/4-2.jpgАу, мастацтвазнаўцы!..

Год 2016-ы, Год Культуры — адбыўся, на мой погляд, вельмі разнастайным у сэнсе выяўленчага мастацтва, асабліва што тычыцца выставачнай дзейнасці. У Мінску і рэгіёнах працавалі шматлікія буйныя і маленькія мастацкія выстаўкі, біенале і трыенале, пленэры, арт-праекты; арганізоўваліся экспазіцыі і ў замежных краінах.

Наша газета, па магчымасці, імкнулася найбольш яркія падзеі ў гэтай галіне асвятляць на сваіх старонках. Зразумела, што нельга ахапіць неабсяжнае, але, тым не менш, штосьці рабілася дастаткова прафесійна і цікава. Праўда, можна было пачуць ад чытачоў: чаму некаторыя экспазіцыі і наогул мастацкія падзеі атрымалі права быць на старонках “К”, а іншыя на погляд “апанентаў”, не менш важныя, — не. Чаму так, маўляў, мала глыбокіх і прафесійна-пераканаўчых даследаванняў у глыбінных ацэнках сацыяльна-культурных праблем, якія пастаянна ўзнікаюць у сучасным выяўленчым свеце.

Тым не менш газета “Культура”  — дастаткова сур’ёзна, у меру сваёй магчымасці, нясе прызначаную ёй функцыю прапагандыста лепшых узораў таго, што адбываецца ў мастацтве не толькі Беларусі. Іншая справа, што, на жаль, вельмі вузкае кола мастацтвазнаўцаў і арт-крытыкаў — сяброў нашай газеты, нягледзячы на тое, што творчая секцыя мастацтвазнаўства і крытыкі БСМ па колькасці пераваліла за 40 чалавек. А колькі з іх друкуюцца ў “К”? Не больш за пяць-шэсць… Але галоўнае нават не ў гэтым. Галоўнае ў тым, як на нашых старонках разабрацца, што сёння ёсць добра ў нашым выяўленчым каралеўстве, а што — дрэнна. Бо якасныя крытэрыі, на жаль, адсутнічаюць, а яны патрэбныя ў сучаснай рэчаіснасці як ніколі. У гэтым сэнсе хацелася б адчуць рэальна ініцыятыву маіх калег па мастацтвазнаўчым цэху, пачуць “крытычны” голас маладых, няхай нават і “зялёных” сябраў секцый, якія будуць інфармаваць чытача не толькі пра чарговыя выстаўкі, але і ставіць праблемы, зыходзячы з трансфармацыі сацыяльных і культурных кантэкстаў новага часу. Зразумела, што сёння мастацкае жыццё Беларусі раздзялілася на два крылы — “класічнае” і “актуальнае”. Такая сітуацыя ўяўляе з сябе ўстойлівую тэндэнцыю развіцця выяўленчага мастацтва не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўрасаюзе, ЗША, краінах СНД, Балтыі. А вось у чым асаблівасць гэтай з’явы — пакуль дастаткова не прааналізавана…

А яшчэ, мне здаецца, важна звярнуцца і да такога “старамоднага” сюжэта, як пазіцыя беларускага крытыка. Гаворка не пра “пазіцыянаванне” — гэта маркетынгавы, рынкавы тэрмін — але пра асобасную актуалізацыю зыходнага значэння лацінскага positio: маё (месца) становішча, мой тэзіс, мая тэма. Па-за гэтым першасным самавызначэннем метадалогія бясплодная. Чаму б не зрабіць дыскусію пра гэта на старонках “К”? І наогул — чаму адсутнічае сацыяльная запатрабаванасць мастацтва? Чаму знікаюць вялікія мастацкія падзеі апошніх гадоў? І гэтак далей. Пытанні, пытанні, пытанні… А хто ж на іх будзе адказваць, ці хаця б спрабаваць адказаць, як не “Культура”?

Барыс КРЭПАК

/i/content/pi/cult/619/13764/4-33.jpgБез “перніка” не абысціся

“Год Культуры” чакаўся ў нашай краіне даўно. На яго спадзяваліся не толькі работнікі культуры, але і многія іншыя жыхары нашай краіны, жадаючы ўбачыць у сваіх гарадах і вёсках адмысловыя арт-мерапрыемствы. Так склалася, што мінулы год вызначыўся не столькі ў падзеях, канцэртах, колькасных паказчыках, колькі ў звернутасці да сферы культуры шырокай грамадскасці.

Але можна смела сказаць, што ў рэгіёнах культура сапраўды становіцца брэндам, а гарады ды аграгарадкі славяцца не толькі сваімі прадпрыемствамі, але і музеямі, фестывалямі, святамі, дамамі рамёстваў, арыгінальнымі культурнымі праектамі. У той жа час “Год культуры” выявіў шэраг болевых кропак развіцця рэгіянальнай культуры. Паспрабуем акрэсліць некаторыя. Ці не самая галоўная з іх палягае ў тым, што ў работніка культуры павінен быць стымул для крэатыўнасці. Неаднаразова ў час мінулагодніх паездак па рэгіёнах краіны ад раённага кіраўніцтва даводзілася чуць, што супрацоўнікі ўстаноў культуры руплівыя, ды вось толькі не могуць прапанаваць якасна новы прадукт, аднолькава цікавы і для мясцовага жыхара, і для турыста. Не ведаюць (і асабліва ведаць не жадаюць) яны і як павялічыць план па аказанні платных паслуг. Без “перніка” ў гэтай справе не абысціся. Вось толькі чым стымуляваць работнікаў культуры — пытанне хутчэй да законатворцаў і мясцовай улады.

Маецца і другі варыянт вырашэння праблемы развіцця. У набыцці ўстановамі культуры адметнага (брэндавага) праекта, свята. Некалькі гадоў таму такую ініцыятыву вылучыў тагачасны начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення культуры Алег Рыжкоў, абавязаўшы кожны музей у рэгіёне займець сваё ўнікальнае аблічча, пачынаючы з арыгінальнай назвы. Прыемна здзівіліся, калі даведаліся, што з Гродзенскага аблвыканкама летась выйшла ініцыятыва па брэндзіраванні сельскіх устаноў культуры, пра што вядзецца гаворка ў матэрыяле чарговага аўтатура (с. 10). Да слова, ужо не адзін год сельскія бібліятэкі ў многіх раёнах краіны маюць свой профіль, на жаль, збольшага фармальна.

Яшчэ адна болевая кропка — віртуалізацыя. Да прыкладу, Нацыянальная бібліятэка Беларусі даўно зразумела, што пры зніжэнні рэальных наведвальнікаў, каб не згубіць чытача, трэба павялічваць колькасць віртуальных. Некаторыя могуць запярэчыць: маўляў, не пойдуць людзі на старонку нейкай сельскай бібліятэкі ці клуба. Перакананы, што пойдуць, вядома, пры цікавым напаўненні, арыгінальных і рэгулярных допісах, звернутых не да абстрактнага, а да канкрэтнага мясцовага жыхара. Або чаму не зрабіць у сацсетках апытанне адносна напаўнення ці фармату вясковага свята? Пры такім падыходзе і людзі будуць часцей хадзіць на мерапрыемствы, і супольнасць — вясковая ды гарадская — будзе больш трывалай.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА, Кастуся АНТАНОВІЧА, Таццяны МАТУСЕВІЧ і з архіва "К"

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"