І месца красіць чалавека

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Маладзечна развіталася са статусам “Культурнай сталіцы Беларусі-2016”, але...
Каму не вядомая прымаўка, што чалавек красіць месца. Але і месца здольна рабіць тое ж з чалавекам. Я маю падставы для такога меркавання. Сам я з маладзечанскіх і ганаруся, што мой горад на гэты год быў абвешчаны Культурнай сталіцай краіны. Учора гэты статус перайшоў да Бабруйска, але наш горад як быў, так і застанецца знакавым культурным цэнтрам, намоленай культурай зямлёй. Яна шчыра сілкавала сваімі сокамі таленты. Распавядаю толькі пра чатырох асоб, да культуры датычных, каго меў гонар асабіста ведаць.

/i/content/pi/cult/617/13728/7-1.jpgКіраўнік з баянам

Быў час, калі ансамбль песні і танца імя Ленінскага камсамола Беларусі Маладзечанскага ГДК быў, кажучы цяперашнім “наваязам”, брэндам горада нават у крамлёўскім Палацы з'ездаў. І ўсё дзякуючы Іосіфу Сушко — спачатку баяністу з нейкіх там Дунілавічаў. Гэта потым за сваю плённую працу ў Маладзечне ён стане заслужаным дзеячам культуры БССР. Між тым, створанаму ім самадзейнаму калектыву было няпроста скарыць сэрцы маладзечанцаў выкананнем народных песняў і танцаў. У памяці гараджан жывымі былі канцэрты так званага “партызанскага“ прафесійнага маладзечанскага абласнога ансамбля песні і танца. Моцным канкурэнтам быў і мастацкі калектыў Дома культуры чыгуначнікаў, што натуральна для такога буйнога вузла, як станцыя Маладзечна. Тым не менш, ансамблю ГДК удалося заняць сваю нішу ў культурным жыцці горада, і не толькі яго. Вабіў асаблівы эмацыянальны, бадзёры настрой выступленняў, які нябачнымі імпульсамі перадаваўся са сцэны ў залу і зараджаў прысутных.

Дасягалася тое падабраным рэпертуарам, калектывам выканаўцаў ад маладых да пенсіянераў, ад дыпламаваных выкладчыкаў музвучылішча да простых рабочых з заводаў, нечакана мудрагелістымі выкрунтасамі танцораў, шырокім дыяпазонам галасоў салістаў, сярод якіх прыгажосцю і станам выдзялялася жонка кіраўніка Марыя Міхайлаўна. Яна потым, не без падтрымкі мужа, створыць свой калектыў самадзейнасці на паўправадніковым заводзе “Электрамодуль”. Магнетычна дзейнічала і сама імпазантная асоба Іосіфа Фаміча. На сцэне гэта быў адначасова ўладарны кіраўнік ансамбля, дырыжор і выканаўца. Дырыжыраваў ён і мімікай, і постаццю, і мяхамі баяна, якім маніпуляваў амаль як жанглёр рэквізітам.

Так сталася, што Іосіф Сушко ў маёй памяці адбіўся задоўга да яго трыумфальнага ўзвышэння. Проста пашанцавала расці непадалёку ад ГДК, тады галоўнай культурнай установы ў горадзе. Маладзечна да 1960 года быў абласным цэнтрам, і штогод у доме культуры ладзіліся абласныя агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці. Штосьці цягнула мяне гадзінамі сядзець у глядзельнай зале і адсочваць бясконцыя выступленні з 23 раёнаў вобласці. Было шмат цікавага, трапляліся і шэрыя нумары, але неяк асабліва вызначаўся хор з Дунілавіцкага раёна (цяпер Віцебская вобласць) і яго кіраўнік з баянам — Сушко. Пакуль я вучыўся ў Мінску, не стала вобласці, затое, калі вярнуўся ў горад, сустрэў Іосіфа Фаміча ў новым амплуа — выкладчыка музвучылішча і кіраўніка ансамбля песні і танца ГДК. Ансамбль склаўся на базе самадзейных харавога і танцавальнага калектываў дома культуры. У апошнім з восьмага класа і да паступлення на вучобу танчыў і я, потым гэта захапленне знайшло працяг ва ўніверсітэцкім танцавальным калектыве, будучым ансамблі “Крыжачок”. Шчыльныя кантакты з Іосіфам Фамічом наладзіліся тады, калі я, як загадчык аддзела гаркама партыі, стаў адным з “куратараў” культурна-адукацыйнага напрамку гарадскога жыцця. З “Фамічом”, так між сабой мы з пашанай звалі маэстра, і яго калектывам бываў на розных урачыстасцях у нашай рэспубліцы, у Літве, Латвіі, у “Зорным гарадку” на 20-годдзі палёту Юрыя Гагарына ў космас. Здзіўляў шматбаковы талент Сушко — адміністратара, дырыжора, музыканта, кампазітара. Ягоную фінальную ў канцэртах песню “Маладзечна, Маладзечна, горад вечна малады…” гледачы ў зале заўсёды слухалі стоячы. А яшчэ ўражвалі сціпласць, адданасць і высокая адказнасць за кожнае выступленне. Здаралася, што гаспадары цяперашніх ужо замежных рэспублік настойліва звалі яго на банкет, а ён у адказ з падзякай казаў, што няма часу: патрэбна яшчэ раз правесці рэпетыцыю з калектывам. Упэўнены: раскрыццю духоўнага багацця гэтай асобы ў значнай меры спрыяла тое, што ён сваё жыццё звязаў з Маладзечна.

Рамантык

Ва ўніверсітэцкія гады, калі рыхтаваўся да экзаменаў у гарадской бібліятэцы імя Надзеі Крупскай, не мог не звярнуць увагу на сталага чалавека, які пільна ўглядаўся (былі праблемы са зрокам) у старонкі шматлікіх выданняў і аркушы рукапісаў. Потым, калі вучыўся ў аспірантуры, штодня ў свой адпачынак ад працы ездзіў на электрычцы ў Мінск, у “Ленінку”, і ён таксама скіроўваўся туды, як на працу. Гэта быў Мікола Ермаловіч — будучы заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйнай савецкай канцэпцыі гісторыі Беларусі. У сталічнай бібліятэцы ў яго быў нават асабісты “катушок” — месца, стол і паліца для кніжак, каб не губляць час на атрыманне іх кожны дзень зноўку.

Калі ў 1980-я набіраў моцы рух за адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці, маё ідэалагічнае начальства ў Мінскім абкаме партыі было вельмі занепакоена гэтай плынню і даручыла мне бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто за ёй стаіць. Вось тады ў сталічнай бібліятэцы і адбылася мая грунтоўная гутарка з Міколам Іванавічам. Ён зазначыў тады засяроджана, што не нацыяналіст, яго цікавіць толькі гісторыя Беларусі, а не палітычная мітусня. Калі даведаўся, што я маладзечанскі і кандыдат гістарычных навук, лёд недаверу да “партакрата” стаяў і пайшла сяброўская гаворка.

Ермаловіч падзяліўся са мной тым, што на выхадзе яго кніга — гісторыя старажытнай Беларусі. Больш за тое, даў на пару вечароў пачытаць рукапіс яе. Прачытаў, як кажуць, без перадыху. Уразіла найперш тое, як глыбока і дэталёва даследчык ведаў і разбіраўся ў летапісных крыніцах і шматлікім іншым факталагічным матэрыяле, на якой грунтоўнай базе робяцца новыя для маіх традыцыйных поглядаў высновы. Разам з павагай да аўтара з'явілася і разуменне таго, як нялёгка давялося яму даказваць акадэмічным гісторыкам свой пункт гледжання, але потым менавіта гэта даследаванне было залічана як кандыдацкая дысертацыя, а кніга “Старажытная Беларусь” была ў 1992 годзе адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

А пачыналася ўсё з Маладзечна, дзе Мікола Ермаловіч з 1948 года выкладаў беларускую літаратуру ў мясцовым настаўніцкім інстытуце. Быў такі да 1955 года і месціўся ў двухпавярховым будынку, дзе цяпер дзіцячая спартыўная школа. Друкаваў артыкулы ў раённай газеце, рэспубліканскіх выданнях. Грунтоўна заняцца гістарычнымі даследаваннямі, па яго словах, дапамог выпадак. Ехаў неяк па дарозе на Валожын, і непадалёк ад Маладзечна яго ўразілі назвы дзвюх вёсак: Палачаны і Літва. Паходжанне першай яшчэ можна растлумачыць, але пры чым тут Літва, калі да Вільнюса больш за сто кіламетраў? Прыгледзеўся да карты — вёскі з такой жа назвай ёсць у Стаўбцоўскім і іншых раёнах. Значыць, ёсць літоўцы і былі ліцвіны, якім сябе лічыў і Адам Міцкевіч; была Літва літоўцаў і тая, што была беларускай! А як жа быць з амацаванымі ў акадэмічных выданнях і падручніках сцвярджэннямі зуброў навукі, што Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася ў выніку захопу літоўскімі князямі беларускіх зямель? “Не магло быць такога!” — прыходзіць да высновы самабытны гісторык і даказвае сваю версію ў кнізе “Па слядах аднаго міфа”. Праца была напісана ў 1968 годзе, а выдадзена ў 1989-м.

Нельга казаць, што дваццаць гадоў Мікола Іванавіч пісаў “у шуфляду”. Яго даследаванні і навуковыя знаходкі пад псеўданімам “Сымон беларус” і іншымі амаль штотыдзень даходзілі да тых, хто цікавіўся айчыннай гісторыяй шляхам “самавыдавецкіх” часопісаў пад назвай “Гутаркі”, экзэмпляры якіх ён рыхтаваў у сталічнай бібліятэцы і множыў на ратапрынце ў Маладзечне. Далей — болей. На грунце распрацоўкі канцэпцыі “Літвы летапіснай” і “Літвы этнаграфічнай” нарадзілася галоўная праца Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, у якой даследчык пераканаўча падводзіць нас да высновы: Вялікае Княства Літоўскае — старажытная беларуская (!) дзяржава. Потым будуць кнігі “Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагрудскі перыяд” (1990), “Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд” (1994), “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае” (2000), прэмія імя Уладзіміра Караткевіча і медаль Францыска Скарыны. Удзячныя маладзечанцы ўшанавалі памяць пра Міколу Ермаловіча адкрыццём 28 лістапада 2003 года помніка таленавітаму гісторыку ў адным з людных месцаў горада.

Адзіны для пасады

Падчас працы ў Маладзечне меў дачыненне да "запаўнення" вакантнай пасады дырэктара абласнога краязнаўчага музея, які застаўся ў такім рангу і пасля скасавання ў 1960-м Маладзечанскай вобласці. Там працаваў з 1964 года супрацоўнікам, намеснікам дырэктара па навуковай частцы адзіны ў горадзе кандыдат гістарычных навук Генадзь Каханоўскі. Ён з нямногіх у горадзе заўсёды размаўляў па-беларуску, былі раней і абвінавачванні ў нацыяналізме, балазе заступіліся Максім Танк і Янка Брыль. Словам, вышэйшае начальства не вельмі прыхільна глядзела на яго прызначэнне. Мову ў віну не ставілі, пра нацыяналізм не гаварылі, але думалі, што не пацягне пасаду. Давялося прапанаваць: давайце праверым на справе. І Генадзь Аляксандравіч паказаў сябе не толькі добрым навукоўцам і краязнаўцам, але і руплівым адміністратарам. У 1971 годзе выдаў першую кніжку аб горадзе — гісторыка-эканамічны нарыс “Маладзечна”, якую прэзентаваў мне з надпісам: ”Глыбокапаважанаму Міхаілу Мікалаевічу Філістовічу з пажаданнем быць у дружбе з Маладзечнам!” Шкада, асабіста не магу засведчыць, што сяброўскі наказ выконваю, хоць і жыву звыш трыццаці гадоў у сталіцы. Потым будзе кніжка пра суседнюю Вілейку, адкуль у 1944 годзе ў Маладзечна пераехала абласное начальства, з імі разам і кіраўнік абласнога камсамола Пётр Машэраў. Бадай, усе мемарыяльныя дошкі ў горадзе — з яго тэкстамі, па яго прапановах шэрагу вуліц вярнулі ці далі гістарычныя назвы: Замкавая, Гарадоцкая, Лібава-Роменская, Віленскі шлях, а таксама — імя Драздовіча, Таўлая і іншых выбітных асоб. Дзякуючы Каханоўскаму маладзечанцы лепш пазналі сваю мінуўшчыну: на яго матэрыялах складзена ўся гістарычная частка кнігі “Памяць” аб Маладзечанскім раёне. У 1982 годзе ён запрошаны працаваць у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, першым у рэспубліцы абараніў доктарскую дысертацыю па вытоказнаўстве культуры Беларусі, прыняў удзел у заснаванні (1989) Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынёй. На жаль, Генадзь Аляксандравіч рана пакінуў нас. Яго не стала ў 1994-м, а мог бы сёлета адзначыць сваё 80-годдзе. І ўсё ж паспеў пакінуць пасля сябе немалую спадчыну: 15 гістарычных кніжак-манаграфій ды яшчэ прывіць любоў да вывучэння культурнай спадчыны Беларусі свайму сыну Аляксандру, які стаў кандыдатам гістарычных навук, загадчыкам кафедры БДУ.

Бацька сімфанічнага

У нечым падобная гісторыя адбылася з Рыгорам Сарокам. Штодзень сустракаў яго па дарозе на працу, часам і з баянам у футарале. Звычайны выкладчык Маладзечанскага музычнага вучылішча... На слыху быў дырэктар вучылішча Анатоль Шунтаў, выдатны харавы дырыжор. Хор са студэнтаў і выкладчыкаў пад яго кіраўніцтвам у поўным сэнсе слова “грымеў” не толькі ў горадзе, але і ў рэспубліцы. У Міністэрстве культуры зарадзілася нават ідэя перапрафіліраваць музычнае вучылішча ў харавое. З гэтай нагоды ў Маладзечанскі гаркам партыі (як ні круці, а ўлада была тады там) наведаліся кіраўнік міністэрства Юрый Міхневіч і вядомы харавы дырыжор Віктар Роўда. Пасля дэлегацыя з маім удзелам накіравалася ў залу вучылішча праслухаць хор і абмеркаваць прапанову з выкладчыкамі. Сышліся на тым, што рабіць вучылішча такім вузкаспецыялізаваным, пры наяўнасці высокакваліфікаваных выкладчыкаў музыкі, было б немэтазгодным. У хуткім часе Анатоля Шунтава запрасілі працаваць у Мінск дырыжорам хора, а месца дырэктара музвучылішча стала вакантным. На нейкі тэрмін яго заняў дасланы з Ліды Эдуард Кірыленка, а потым — “знайшлі сякеру пад лавай” — Рыгора Сароку. Для яго гэта стала архімедавай кропкай апоры, з якой стартаваў дзеяч, ахоплены жаданнем пакінуць свой след у беларускай музычнай культуры. Не спатрэбілася многа часу, каб шчодра раскрыўся шматбаковы талент раней простага выкладчыка па класе баяна. Пад кіраўніцтвам Рыгора Сямёнавіча ствараюцца калектывы баяністаў, затым — камерны і сімфанічны аркестры. Музвучылішча даб'ецца гонару насіць імя Міхала Клеафаса Агінскага, будзе пастаўлены помнік знакамітаму кампазітару. Калектывы ўстановы стануць удзельнікамі маладзечанскіх фестываляў песні і паэзіі, а сам Сарока — заслужаным дзеячам культуры.

Атрымліваецца: і чалавек, і месца красяць сябе ўзаемна. Такая вось дыялектыка!

Міхаіл ФІЛІСТОВІЧ, кандыдат гістарычных навук