Праект для краіны

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Аляксандр ВІСЛАЎСКІ, спявак, аўтар песень, мульты- інструменталіст, педагог
Завяршаю работу, звязаную з паэтамі, яўрэямі па нацыянальнасці, якія пісалі на беларускай мове, і якіх перакладалі на беларускую. Яна рабілася доўга і яшчэ працягвае даводзіцца да розуму. Спадзяюся, у нашай культурнай прасторы яна прагучыць у наступным годзе.

/i/content/pi/cult/617/13723/4-1.jpgСа зборам матэрыялу вельмі дапамог Алесь Камоцкі — ён звярнуўся да спадчыны Рыгора Барадуліна, які вядомы і такімі перакладамі. У выніку свой выбар я спыніў на дзесяці вершах (не толькі “аўтарства”- перастварэння Рыгора Іванавіча) Хаіма Мальтынскага, Іцыка Фефера, Мошэ Надзіра, Марка Шагала ды іншых, якія паклаў на музыку. Запіс тых песень практычна завершаны. Назву гэтай часткі праекта я амаль “садраў” у дзядзькі Рыгора — “Каб яўрэі былі”, а першую частку складзе наша з гуртом “Studio Neman” праграма на вершы Барадуліна “Маленне за Беларусь”.

Сцэнічнае ўвасабленне першапачаткова меркавалася ажыццявіць сумеснымі намаганнямі “Studio Neman” ды Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, але ў выніку спадзяемся працаваць з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча, а таксама з госпел-хорам ды струннай групай.

Праект задуманы як пракатны. Гэта значыць, паказаць яго мы хацелі б па ўсёй Беларусі. Ужо знайшліся людзі, якія забяспечаць нас апаратурай ды транспартнымі сродкамі. Я перакананы, што праект станецца цікавым не толькі мiнскай публіцы або ў тых гарадах ды мястэчках, дзе яўрэi аказвалi ўплыў на жыццё грамадства альбо маюць вагу ў ім сёння. Мы трошкі абкаталі гэтую праграму (зразумела, толькі з часткай “яўрэйскага” матэрыялу) у Прыбалтыцы: беларуская дыяспара прыняла яе “на ўра”. Часткова паказалі яе на радзіме — тая ж самая рэакцыя!

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"