Кіно як працэс

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Восем трэндаў года ў беларускай кінематаграфіі
Гэты год для беларускага кіно выдаўся замацаваннем пазіцый беларускага незалежнага кінематографа. Завяршэнне рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” пакуль наперадзе. А сярод гучных прэм’ер ігравога кіно — стужкі маладых кінематаграфістаў. Чым запомніцца 2016-ы? Дзень беларускага кіно стаў выдатнай нагодай перагледзець мінулыя падзеі і зафіксаваць галоўныя трэнды года, якія відавочна перагукаюцца з праблемамі нашага кіно.

/i/content/pi/cult/617/13720/3-1.jpgТрэнд першы. Новыя аўтары: шмат, але мала

Яны па-ранейшаму з'яўляюцца. 2015-ы, які выбухнуў колькасцю новых імёнаў, што набралі за апошнія гады пэўны сімвалічны капітал, перадаў эстафету 2016-му менавіта ў росце энтузіястаў-кінематаграфістаў. Аднак у дачыненні якасці кіно справа, бадай, не моцна зрушылася. У шэраг фільмаў Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, Мікіты Лаўрэцкага, Улады Сяньковай, Дар’і Жук, Сяргея Каласоўскага, Ігара Чышчэні, Віктара Красоўскага, Андрэя Куцілы што прагучалі на міжнародных фестывалях, дадаліся перспектыўныя работы Нэлі Васілеўскай, Ільі Бажко, Дзмітрыя Рачкоўскага і Андрэя Крывецкага, Кацярыны Львовай, несумненна таленавітыя карціны Дзмітрыя Махамета і Руслана Фядотава, інтрыгуючыя досведы Уладзіміра Казлова. Бадай, усё. Ужо дастаткова, скажаце? Але, як неаднаразова агучвалі лічбы каардынатары фестываляў, колькасць заявак ад нашых творцаў на той жа “Бульбамуві” сёлета дасягнула 64, на “Лістапад” — 90, а тое, што адбываецца на бягучым фестывалі мабільнага кіно “Smartfilm”, цалкам можна акрэсліць як татальная “кінамабілізацыя”. “Новая хваля” набірае моцы, але пакуль казаць пра выхад на новы якасны ўзровень белкіно зарана.

Трэнд другі. Фестывалі: больш, але не дастаткова

Вось у гэтым кірунку змены заўважныя няўзброеным вокам. “Лістапад”, “Бульбамуві”, “Cinema Perpetuum mobile”, “Kinosmena”, фестываль імя Татошкі, “Smartfilm”, “Паўночнае ззянне”… Сёлета (урэшце, і не толькі сёлета) карта падзей не ўяўляе з сябе дзве кропкі, і, што важна, і навічкі-форумы, да якіх сёння адносяцца фестываль незалежнага кароткаметражнага кіно “Kinosmena” і фестываль імя Татошкі, імкнуцца працаваць з беларускім кіно. Актыўна прасоўвае фільмы айчынных аўтараў і “Бульбамуві”, робячы паказы на адмысловых пляцоўках па ўсёй рэспубліцы, набірае папулярнасці і моцы цудоўная ініцыятыва CPM “Белкіналета”, што ладзіцца ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея. “Лістапад” “штурмуе” сталічны кінавідэапракат, які звычайна напружана ставіцца да беларускага кантэнту (пра поспех гэтай ініцыятывы — трошкі ніжэй). Высілкі, вядома, даюць свой плён: марудна, але ўпэўнена беларускае кіно пачынае выходзіць да больш шырокага гледача. З іншага боку, узбагачаная карта кінападзей патрабуе выпрацоўкі адметных удасканаленых канцэпцый форумаў ды супрацоўніцтва паміж арганізатарамі фестываляў, каб не было так, што на восень прыпадае асноўная іх канцэнтрацыя.

Трэнд трэці. Кінапракат: вада камень точыць?

Даволі закрытую для беларускага кіно сістэму кінавідэапраката сёлета ўдалося трошкі “раскачаць”. Усё распачалося з серыі паказаў стужак-пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Лістапад-2015”, якая ў сакавіку-маі “перарасла” ў праект “Незалежны позірк” — кінаальманах, у склад якога ўваходзілі, у тым ліку, і новыя кароткаметражныя стужкі маладых рэжысёраў. Літаральна праз пару тыдняў узяла старт рэспубліканская акцыя “Новы погляд: маладое беларускае кіно”, ініцыяваная “Art corpоration” і падтрыманая Міністэрствам культуры краіны, што прапанавала абласным кінаарганізацыям праграму са стужак незалежных рэжысёраў і студэнтаў БДАМ. Усё гэта можна лічыць важным крокам у прасоўванні “новай хвалі”. Тым не менш, персанальныя “подзвігі” і саміх рэжысёраў таксама нельга спісваць з рахункаў: Улада Сянькова, Андрэй Курэйчык, Кацярына Львова ды іншыя аўтары, якія змагаліся сёлета за тое, каб зладзіць пракат уласных работ у дзяржаўных і прыватных кінатэатрах, зрабілі свой унёсак у “прарубанні акна” да гледача. І як бы ні ставілася супольнасць да пазіцыі Андрэя Курэйчыка, яго высілкі ў гэтым кірунку змяняюць стаўленне грамадскасці да айчыннага прадукту, які пераважна існуе толькі для самога сябе.

Трэнд чацвёрты. Індустрыя: ці ёсць яна?

Можна сказаць, пачын сёлета ў адпаведным рэчышчы заклаў праект “Kinosprint”, ініцыяваны “Майстэрняй сацыяльнага кіно” і рэалізаваны з дапамогай “Зялёнай сеткі” і Беларускага саюза кінематаграфістаў. Яго ўдзельнікі, перш чым атрымаць фінансаванне, мусілі прайсці этапы пытчынгу і абароны праектаў, паспытаўшы на сабе механізмы работы кінарынку. Гэта школа праз пэўны час была прадоўжана іншай ініцыятывай — індустрыяльнай платформай “Лістапада”, што сёлета пад куратарствам Лізаветы Бобрыкавай стала важным інструментам знаёмства кінематаграфістаў з магчымасцямі ўласнага прасоўвання на міжнародным рынку. Варта ўзгадаць таксама і майстар-класы ад “Паўночнага Ззяння”, зладжаныя праграмным дырэктарам фестывалю, прадзюсарам Вольгай Чайкоўскай. Падобныя крокі вельмі важныя, бо, як казаў пра індустрыю беларускай фатаграфіі адзін з яе рупліўцаў Андрэй Лянкевіч, “сфера пачынае гучаць тады, калі аматары справы ў ёй перарастаюць у прафесіяналаў”. У гэтым плане новаму пакаленню проста неабходнае далейшае навучанне і практыка рэалізацыі ўласных ідэй, пошуку фінансавання, якая дазволіць казаць пра іх як пра менеджараў і творцаў, знаёмых з сучаснымі законамі сусветнай кінаіндустрыі. І калі заўважыць, што ў Беларусі да гэтай пары існуе па-ранейшаму толькі адзін спосаб атрымання фінансавання — Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, — то становіцца відавочным прынцып існавання беларускага кіно, які рабіўся пераважна па дзяржзаказе. Сёння — іншыя рэаліі і іншы рынак, у якім Беларусь арыентуецца пакуль з цікаўнасцю падлетка.

Трэнд пяты. Дакументалістыка: змагаецца за сябе і руліць

У адрозненні ад ігравога кінематографа, які сёлета жывы за кошт незалежных рэжысёраў, беларуская дакументалістыка дэманструе зладжаную супольнасць у адстойванні сваіх інтарэсаў і на дзяржаўным узроўні. Яшчэ на пачатку года студыя “Летапіс” заявіла пра адсутнасць фінансавання і пагрозу свайго знікнення як падраздзялення кінастудыі “Беларусьфільм” (сітуацыя паўтарылася і праз паўгода) — і адстаяла пазіцыі дакументальнага кіно. “К” не аднойчы пісала пра ініцыятыву стварэння цэнтра беларускай дакументалістыкі, адмысловага кінатэатра, які садзейнічаў бы прасоўванню кіно падобнага кірунку, але пакуль ініцыятывы не былі ажыццёўленыя. Больш за тое, рэжысёрам сёння даводзіцца адстойваць тое, што ёсць — фінансаванне з кожным годам скарачаецца, а студыя праходзіць хваравітую стадыю аптымізацыі, губляючы самае важнае — кадры. У гэтым кантэксце як ніколі надзённа прагучаў праект беларускага рэжысёра Алеся Лапо “Belarus Docs” — фестываль дакументальнага кіно онлайн, падтрыманы парталам “Tut.by”, які паказаў патэнцыял падобнага прадукту. Толькі за сем дзён фестывалю фільмы яго праграмы сабралі больш за 4,5 тысячы праглядаў. З беларускай дакументалістыкай пазнаёміліся гледачы ў 36 краінах. Падаецца, зусім нядрэнна для кіно, якое для кагосьці па-ранейшаму лічыцца другасным у дачыненні да ігравога. З поспехам таксама прайшла і рэтраспектыва Віктара Аслюка, юбіляра гэтага года, у Музеі гісторыі беларускага кіно, зыніцыяваная “Belarus Docs”. Хочацца толькі пажадаць поспеху гэтаму праекту і беларускім дакументалістам, што змагаюцца за сваю прафесію.

Трэнд шосты. Памяць і архівацыя

80-годдзе Віктара Турава. Сёлета святкаванне гэтай памятнай даты адзначалася шырока. Памятныя вечары ў Мінску, Магілёве і Гомелі з паказам яго стужак. Рэтраспектыва майстра ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Прэм’ера хроніка-дакументальнай карціны Сяргея Кацьера “Майстар. Рэжысёр Віктар Тураў” на канале “Беларусь 3”. Падзея шырока асвятлялася ў прэсе. Аднак урачыстасці не закрылі адсутнасці новай манаграфіі, даследавання, кнігі, прысвечанай творчасці рэжысёра. Новых даследаванняў па гісторыі беларускага кіно па-ранейшаму бракуе, хоць і варта адзначыць цікавасць да спадчыны айчыннай кінематаграфіі маладога пакалення кінакрытыкаў.

У гэтым рэчышчы па-ранейшаму застаецца галоўнай інстытуцыяй Музей гісторыі беларускага кіно, даючы магчымасць зарыентавацца ў мінулым і цяперашнім беларускай кінематаграфіі. І са спазненнем павіншаваць аднаго са старэйшых кінааператараў “Беларусьфільма” Алега Аўдзеева з яго 90-годдзем.

Трэнд сёмы. Анімацыя ў падполлі?

Папулярызацыяй апошняй займаецца таксама Музей гісторыі беларускага кіно, збіраючы калекцыю айчыннага анімацыйнага кіно і актыўна пра яе распавядаючы. На жаль, падобнага актывіста, як Алесь Лапо, які дазволіў бы анімацыйнаму кірунку выйсці на больш шырокую аўдыторыю, пакуль няма. Магілёўскі кінафестываль “Анімаёўка” сёлета перажыў сваю “перазагрузку”, змяніўшы кіраўніцтва, і пазначыў курс на новую канцэпцыю. Якой яна будзе — пакуль невядома. Аднак тое, што анімацыя сёння маладзее і спрабуе сілы ў самых розных, скажам так, адаптацыях — важная лінія, якую варта развіваць ды падтрымліваць. Пакуль жа да супольнасці “даходзяць” толькі асобныя работы вядомых аўтараў.

Трэнд восьмы. Кіно як працэс

Насамрэч, з гэтага тэзісу і варта было пачынаць артыкул. Назваць лепшыя работы з пункту гледжання аўтаркі, і пайсці далей. Але ж мне бачыцца важным пазначыць іншае: працэс здымак, практыкі кіно як істотны момант самавыяўлення. Вядома, хочацца бачыць і вынік, але з іншага боку, перафразуючы думку, перш чым сказаць слова, неабходна навучыцца прамаўляць літары. Таму ў гэтым кантэксце як творчы і жыццёвы эксперымент, як сацыяльны праект на першае месца пастаўлю ініцыятыву Андрэя Кудзіненкі “Хранатопь” — праект, які рэалізоўваў сябе на працягу года як школа і лабараторыя. Пакуль ён утрымлівае імпэт новай фармацыі і жаданне выйсці за мяжу свядомага вопыту, пакуль ён усё яшчэ рызыкуе,  — мае сімпатыі на баку мастака.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"