Сёння — дзень нашага кіно

№ 51 (1281) 17.12.2016 - 23.12.2016 г

Выбар кадраў для першай паласы дэманструе разнастайнасць беларускага кіно 2016 года. “Марк Шагал. Пачатак” — анімацыя Алены Пяткевіч, якая сталася самай уганараванай у беларускай анімацыі сёлета. Фільм Дзмітрыя Махамеда “Ты сюды больш не вернешся” адзначаны Гільдыяй беларускіх кінакрытыкаў на “Лістападзе-2016” і стаў адкрыццём гэтага года ў дакументальным кіно. І апошняя сёлетняя ігравая прэм’ера — фантастычны дэтэктыў “Розум” незалежнага аўтара Яўгена Куранчаніна, які выклікаў шквал супярэчлівых водгукаў. Кіно ад захаплення — да непрыяцця. Тым не менш, дзякуючы намаганням творцаў, нам ёсць за чым сачыць і каму раздаваць ацэнкі.

/i/content/pi/cult/617/13715/2-2.jpgНапярэдадні Дня кіно сітуацыю ў галіне на прэс-канферэнцыі акрэслілі начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Белякова і старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў.

“У 2016 годзе дзяржпадтрымка кінематографа засталася на ўзроўні мінулых гадоў, — распавяла спецыяліст. — Больш за 6 мільёнаў рублёў было вылучана сёлета на вытворчасць айчыннага кіно. Выраблена  — 16 адзінак фільмаў: 7 — анімацыйных карцін, 7 — дакументальных, 2 — ігравыя”. Тым не менш, сёлета выхаду зробленых ігравых карцін не плануецца. Прэм’ера карціны “Сляды на вадзе” запланава на люты наступнага года. Нашумелы серыял “Трымайся за аблокі” плануюць дарабіць у жніўні 2017-га.

Тэрмін здачы кінастудыі “Беларусьфільм” пасля рэканструкцыі — налета. “Але вытворчасць фільмаў на ёй не спынена”, — падкрэслівае спецыяліст. Віктар Васільеў, у сваю чаргу, распавёў, што ўжо сёння на галоўнай кінапляцоўцы ўведзены ў дзеянне два павільёны, мантажныя студыі, працуюць сістэмы ацяплення і водазабеспячэння, кіназала, у эксплуатацыі аўтабаза і аўтацэх. Завяршаецца рамонт адміністрацыйных памяшканняў. “У нас будуецца студыя класа “А”, і я ганаруся гэтым!” — падкрэсліў старшыня БСК. “Пасля рамонту магчымасці студыі значна пашырацца,  — адзначыла Ірына Белякова. — На ёй можна будзе вырабляць штогод да 65 фільмаў: 10 ігравых, 40 дакументальных і 15 анімацыйных”.

Па выніках Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў, які толькі завяршыўся, з 27 аб’яўленых лотаў кінастудыя “Беларусьфільм” перамагла ў 24-х. Тры заяўкі ад прыватных кінакампаній атрымалі падтрымку дзяржавы.

“Упершыню за кошт рэспублікі ажыццяўляецца закупка 5 работ дэбютантаў”, — распавяла пра адметнасць конкурсу гэтага года Ірына Белякова. Старт ініцыятывы заклала рэспубліканская акцыя “Новы погляд: беларускае маладое кіно”, скіраваная на прамоцыю фільмаў маладых кінематаграфістаў у сталіцы і рэгіёнах. “Стужкі маладых рэжысёраў на конкурс былі пададзены ад кінастудыі “Беларусьфільм”, — удакладняе начальнік аддзела кінематаграфіі Мінкультуры. — Ад прыватных кінаарганізацый у гэтым лоце заявак не было”.

У будучы кінаальманах пад рабочай назвай “Мы” ўвойдуць стужкі пяці аўтараў: Настассі Мірашнічэнка, Надзеі Абрамчук, Яўгена Сяцько, Кірыла Ярохіна і Арсенія Ільіных. Жанр большасці кароткаметражных фільмаў — драма. Тэрмін выхаду кінакарціны — День беларускага кіно наступнага года.

Таксама пра новы праект, чыя ініцыятыва належыць новаму пакаленню, распавёў Віктар Васільеў. “Гэта карціна пад рабочай назвай “Урокі спеваў”, якая будзе прысвечана постаці Уладзіміра Мулявіна”.

Што да экранізацыі беларускай класікі, дык зрухі ў гэтым кірунку робяцца, але пакуль складана гаварыць пра вялікі праект.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"