Статыстыка
“Заслаўе” — гэта 113 гектараў. На іх размешчаны гарадзішчы “Замэчак” (менавіта сюды была сасланая Рагнеда з сынам Ізяславам) і “Вал”, касцёл і царква, музейна-выставачны комплекс з трыма выставачнымі заламі (у фондах — каля 18 тысяч музейных прадметаў, якія сфармаваныя ў 30 калекцый), а таксама комплекс этнаграфічны: млын, дом завознікаў, кузня, свіран. А ёсць яшчэ музей — доўгачасовая агнявая кропка, дзіцячы музей міфалогіі і лесу, шынок, дзіцячы парк, гара Рагнеды. Маштабнасць экскурсійных магчымасцяў уражвае? З сям’ёй тут можна правесці дзень. Хапае кавярняў і гасцініц. Таму штогод “Заслаўе” наведвае амаль 40 тысяч аматараў прыроды і даўніны.
Галоўны бухгалтар запаведніка Марыя Булгак кажа, што гадавы план па аказанні платных паслуг выкананы ўжо за 11 месяцаў: зароблены 36 тысяч 321 рубель.
Здабыткі
Цяпер зразумела, чаму запаведнік — музей музеяў? Тыя ж млын ці кузня, свіран ці ДАК — цалкам музеефікаваныя. У тым, што гэтыя структуры запаведніка запатрабаваныя ў насельніцтва, пераконвае вышэйпрыведзеная статыстыка. На вакзале я пазнаёміўся з мінчанінам, які прыязджае ў Заслаўе, у першы ж вольны час. “Сорак хвілін на электрычцы, — кажа ён, — і ты спачываеш душой у казцы”. І такіх, як гэты энтузіяст нязмушаных вандровак, — сотні. Сталіца — дакучае, Заслаўе — лякуе. Павелічэнне попыту наўпрост залежыць ад пашырэння рэкламы.
А ў тым, што рэкламны рэзерв працуе не на ўсю моц, сумнявацца не даводзіцца. Дзе можна ўбачыць маляванкі-дываны Язэпа Драздовіча? Сотні адкажуць: “У Глыбокім і на Шаркаўшчыне”. Адзінкі дададуць: “У Заслаўі”. Так шчыраваннямі мясцовых музейшчыкаў па Беларусі сабрана і сканцэнтравана ў Заслаўі самая вялікая калекцыя маляванак Драздовіча, якая пастаянна папаўняецца. У краіне захавалася 13 маляванак Алены Кіш, 11 з іх — у Заслаўі. Гэта ж якая прынада для аматараў гэтых народных твораў!
Неаспрэчным здабыткам мясцовых супрацоўнікаў з’яўляецца і тое, што менавіта запаведнік першым распрацаваў музейна-педагагічныя праграмы. У 1990-м тут узнік адпаведны сектар. На сёння школьнікам самых розных узроўняў прапануецца дзесяць такіх заняткаў. А яшчэ ёсць тэатралізаваныя экскурсіі, звернутыя на папулярызацыю нашай народнай культуры.
Праблемы
Адзін з мясцовых журналістаў свой артыкул пра галоўную праблему запаведніка назваў “Рагнеда раённага маштабу”. Я пазайздросціў дакладнасці фармулёўкі. Справа ў тым, што музей-запаведнік мае… раённы статус, бо фінансуецца толькі з раённага бюджэту. І гэта запаведнік, які займае ці не палову плошчы гістарычнай гарадской забудовы! Не варта і на тое забывацца, што ўтварэнне “Заслаўя”, як вынік навуковых даследаванняў, дазволіла акрэсліць тысячагадовы ўзрост паселішча. І менавіта дзякуючы гэтаму факту гарадскі пасёлак пераўтварыўся ў горад. Карацей, з улікам гістарычнай і турыстычнай значнасці запаведнік, па меркаванні яго супрацоўнікаў, павінен займець статус “Нацыянальны”.
Так, замінае справе тое, што і “Вал” і “Замэчак” — помнікі трэцяй катэгорыі. Аднак гэта не спыняе намесніка дырэктара “Заслаўя” па навуцы Яўгена Кавалёва. “Для атрымання належнага статусу, — кажа ён увесь час, — трэба развівацца”. І не толькі крэатывіць, але і са старымі праблемамі справіцца.
Адна з іх у тым, што і млын калісьці працаваў, і кузня, даючы неблагі грашовы прыбытак. І побач з імі сапраўды было завозна. Каваль пастарэў, замяніць яго пакуль няма кім. А млын спынілі пажарныя: маўляў, небяспечна. Ды і пэўныя бярвенні аўтэнтычнага будынка падгнілі, замяняць іх трэба.
Перспектывы
Цяпер — пра крэатыў. Але варта спачатку пра… Нароўлю згадаць. Жыве там гісторык Васіль Чайка. На момант апошняй нашай сустрэчы быў ён стваральнікам трох школьных гістарычных музеяў (да прыкладу: савецкага побыту). Цяпер, кажуць, такіх вузкажанравых музеяў у амбіцыйнага гісторыка — аж пяць. Дык вось, намеснік дырэктара “Заслаўя” Яўген Кавалёў — вучань таго Чайкі. Ён таксама дзейнічае па прынцыпе “музеяў не бывае шмат”.
У наступным годзе, па словах Кавалёва, запаведнік займее яшчэ адзін — “Крама”. Мяркуецца, што пад новую структуру будзе адведзены пакой музейна-выставачнага комплексу. Нядаўна на баланс запаведніка пераведзены будынак колішняга Дома дзіцячай творчасці. Тут, перакананы Яўген Кавалёў, можна зрабіць музей горада ці музей маляванак-дываноў. Адзін з мясцовых бізнесмэнаў паабяцаў стаць спонсарам…
Яшчэ адзін кірунак развіцця звязаны з тым, што Заслаўе — калыска праваслаўя. Як сцвярджаюць мясцовыя знаўцы, манастыр тут узнік раней за полацкія. З гэтай нагоды Чорная гара (гара Рагнеды) можа і павінна стаць месцам паломніцтва.
Цяпер Яўген Кавалёў шукае грантадаўцаў. Застаецца пажадаць яму поспехаў на гэтым пакручастым шляху.
Мінск — Заслаўе — Мінск
Фота аўтара