Аграсядзіба з відам на мора

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Кіруючыся натуральным жаданнем у час адпачынку з’ехаць як мага далей ад дома, пажадана да цёплага мора, гэтым летам мы з жонкаю выправіліся у горад Геленджык (Краснадарскі край Расіі), дзе жывуць нашы сваякі, якія даўно запрашалі нас у госці. Вандроўка для мяне, як для журналіста, аказалася надзвычай цікавай, бо я меў магчымасць пабачыць не толькі афіцыйныя турыстычныя цікавосткі Геленджыка, але і засяродзіцца на тым, што ў вочы не надта кідаецца, але сутнасна важна. Не ўсё з бачанага наўпрост прыдатна для Беларусі, але, спадзяюся, некаторыя мае назіранні могуць быць цікавымі для тых, хто дбае пра наш турбізнес.

/i/content/pi/cult/607/13516/5-6.jpgПараўноўвачы ўражанні савецкай пары з сённяшнімі, мушу адзначыць: наданне Геленджыку статусу курорта федэральнага значэння відавочна паспрыяла развіццю горада і наваколля. Можа, такі статус прадугледжвае фінансаванне мясцовай інфраструктуры з федэральнага бюджэту, можа, падаткавыя льготы насельніцтву — дакладна не ведаю. Ранейшы Геленджык я памятаю як двух-трохпавярховы горад, дзе не было на чым воку зачапіцца, а сёння ён мае добраўпарадкаваную, аздобленую фантанамі і дэкаратыўнай скульптурай 14-кіламетровую набярэжную, больш за дзве сотні гатэляў, вялікіх і малых, жылыя будынкі ў сямнаццаць паверхаў, некалькі даволі цікавых музеяў, “Сафары-парк” (заапарк, дзе жывёлам створаны ўмовы, блізкія да натуральных), дэльфінарый, аквапаркі, акеанарыум, забаўляльны парк, дзве канатныя дарогі з відам на Геленджыкскую бухту з вышыні навакольных гор, паўнавартасны аэрапорт. І ўсё гэта — у дадатак да галоўнага рэсурсу рэгіёна: чыстага мора і экзатычнай прыроды.

Там, дзе былі прафсаюзныя базы адпачынку і піянерскія летнікі, зараз прыватная ўласнасць. У мяне склалася ўражанне, што ў Геленджыку яна паўсюль — прыватныя гатэлі і апартаменты, экскурсійныя бюро, крамы, кавярні, таксі. Відаць, гэта апраўдана: за год горад з насельніцтвам у 72 тысячы чалавек прымае, паводле афіцыйнай статыстыкі, больш як тры мільёны гасцей, прычым абсалютная большасць з тых, хто адпачывае ў Геленджыку, — расіяне. Я назваў бы яго курортам сярэдняй цэнавай катэгорыі, у якім, аднак, ёсць ўсё патрэбнае для паўнавартаснага адпачынку паспалітага чалавека. Было б някепска і нам так раскруціць/распіярыць уласныя курорты, каб яны, будучы па кішэні сярэднестатыстычнаму беларусу, цалкам акупляліся ды яшчэ прыносілі прыбытак за кошт сваіх жа грамадзян.

Гаспадары, у якіх мы атабарыліся, жывуць у прыватным доме ў раёне, які калісь быў звычайным дачным пасёлкам, але дамы тут ужо даўно будуюць у тры-чатыры паверхі, каб іх цалкам альбо часткова можна было здаваць у сезон. Дом нашых гаспадароў двухпавярховы. Стаіць ён на ўчастку ў шэсць сотак, дзе ёсць яшчэ ўнутраны дворык — зона сумоўя, дом з гаспадарчым блокам (тут могуць змясціцца з дзясятак гасцей), сад і невялікая ферма, дзе вырошчваюцца птушкі, мяса якіх гаспадары прадаюць кавярням. Планіроўка прасторы вельмі рацыянальная, ніводны лапік зямлі не прападае дарма. А ферма візуальна ізалявана так, што госці і не здагадваюцца пра яе наяўнасць. Маюць прыбытак гаспадары і са свайго сада. Жывучы побач з морам, мора таго яны, бадай, і не бачаць — няма калі. Узорная гаспадарка патрабуе сталага нагляду. Магчыма, гэта лепшая аграсядзіба (менавіта так называлі б тую “дачу” ў Беларусі) з тых, што я бачыў. (Дарэчы, за савецкім часам гаспадар адпрацаваў 26 гадоў вахтавіком на нафтапромыслах Заходняй Сібіры. Заробленыя там грошы і дазволілі паставіць дом. Нават і ля цёплага мора грошы самі сабою не даюцца...)

На падаткі гаспадар у час нашых размоў не скардзіўся, але выказваў думку, што каб яны былі для мясцовых прадпрымальнікаў меншымі, дык і больш танным быў бы адпачынак для гасцей курорта. Адпаведна павялічвалася б колькасць тых, хто адпачывае ў Геленджыку, а гэта ўжо — прыбытак гораду, рэгіёну, дзяржаве.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"